Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін хоць і дыпламат, але па першай сваёй спецыяльнасці гісторык. Таму, хоць журналіст «НН» скіраваўся да пасла, каб пагаварыць аб маючым адбыцца 600‑годдзі Грунвальда, размова пайшла і пра іншыя паваротныя моманты гісторыі Польшчы і Беларусі.

«Наша Ніва»: Сёлета спаўняецца 600 гадоў з дня Грунвальдскай бітвы. Як плануецца адзначыць гэты вялікі юбілей? Ці плануе польскі бок запрасіць да ўдзелу ў святкаванні афіцыйных асоб з Беларусі?

Генрык Літвін: Так, натуральна. У Польшчы запланавана шмат урачыстасцяў, звязаных са святкаваннем гэтай даты. Сярод іх і арганізаваныя польскім урадам. За апошнія адказвае Міністэрства культуры. Яно навязала кантакты з міністэрствамі зацікаўленых краін і падрыхтавала супольныя мерапрыемствы.

Супольныя ўрачыстасці адбудуцца ў дзень Грунвальдскай бітвы альбо вельмі блізка па часе ад гэтай даты. Праўдападобна, адбудзецца рэканструкцыя бітвы ў палявых умовах. Запланаваны ўдзел афіцыйных прадстаўнікоў чатырох краін: Літвы, Польшчы, Беларусі і Украіны. Аб гэтым размаўлялі міністры культуры — Б.Здраеўскі і П.Латушка. Плануецца, што мерапрыемства наведаюць чатыры міністры культуры названых краін. Запланаваная і вялікая канферэнцыя ў Кракаве з удзелам беларускіх гісторыкаў. Польскі бок таксама разлічвае на ўдзел ва ўсіх імпрэзах, падрыхтаваных беларусамі, літоўцаў і ўкраінцаў. Падрабязнасці ўдакладняюцца, аднак сама формула чатырохбаковага святкавання прынятая на ўсіх узроўнях.

«НН»: Для беларусаў і палякаў сярэднявечная гісторыя шмат у чым супольная. Ці здольныя падзеі тых часоў паўплываць на нашыя адносіны сёння?

ГЛ: Гэта не справа будучыні. Гэта ўжо адбываецца. Вяртанне да гісторыі, супольнай для абе¬дзвюх нацый, становіцца прычынай, па якой сёння мы становімся ўсё больш блізкімі. І ўсё лепш разумеем адзін аднаго. Нам прасцей даходзіць да праўды, калі робім гэта супольна. Вядома, часам паўстаюць рознагалоссі. Бо палякі, беларусы, украінцы, звяртаючыся да падзей эпохі сярэднявечча, ужываюць нацыянальны пункт гледжання. Апісваюць тыя падзеі сучаснымі катэгорыямі.

Гісторыя Рэчы Паспалітай — гэта гісторыя адразу некалькіх народаў. Гэта важная з’ява з пункту гледжання еўрапейскай гісторыі ўвогуле. Існуе схільнасць разглядаць наш рэгіён як перыферыю. Але калі зірнем на яго з сучаснай перспектывы — перспектывы адносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, — то выявіцца, што наш рэгіён быў у авангардзе той справы. Варта голасна разам аб гэтым гаварыць.

«НН»: Як успрымаюць ВКЛ у сучаснай Польшчы? Ці звязваюць сучасных беларусаў з той традыцыяй?

ГЛ: Існуе меркаванне, што ВКЛ з’яўляецца супольным не толькі для беларусаў і літоўцаў, але і для палякаў. Трэба памятаць, колькі польскіх палітычных і культурных дзеячаў паходзіла адтуль.

Так склалася, што частка эліты ВКЛ стала палякамі. Не ўсе сталі беларусамі і літоўцамі. Таму гэта і наша традыцыя. Так склаўся гістарычны лёс. Тут няма нічога дрэннага. І менавіта таму ў Польшчы гатовыя зразумець шматэтнічнасць тэрыторый, на якіх існавала Вялікае Княства.

«НН»: Ці існуе ў сучаснай Польшчы ідэя палітычнага адраджэння Рэчы Паспалітай?

ГЛ: У Польшчы такой палітычнай ідэі няма. Зараз ніхто ў Польшчы падобных палітычных праектаў і ідэй не прапагандуе. Не сутыкаўся з тым.

Генрык Літвін польскі гісторык і дыпламат. Пасол Польшчы ў Беларусі. У 1982 скончыў навучанне ў гістарычным інстытуце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1988 абараніў дысертацыю «Наплыў польскай шляхты ва Украіну ў 1569—1648». Да 1991 працаваў ад’юнктам у Польскай Акадэміі навук. З 1991 працаваў у Міністэрстве замежных спраў. Быў консулам у Львове, намеснікам кіраўніка Дэпартамента МЗС Еўропа —Усход, які адказваў за адносіны Польшчы з Беларуссю і Малдовай. У 2002—2003 — намеснік пасла Польшчы ў Расіі. Ад лютага 2006 — пасол Польшчы ў Беларусі.

Грамадзянскія і культурныя ініцыятывы, што сыхо¬дзяць з Польшчы, часам памылкова ўспрымаюцца звонку як палітычныя. Усе такія праекты датычаць выключна гісторыі і супольнай традыцыі, але не палітыкі. Яны скіраваныя на збліжэнне суседніх народаў. На збліжэнне ў якасці самастойных суб’ектаў. Мы суседзі і павінны быць блізкія адзін аднаму не толькі геаграфічна.

З Літвой тое прасцей, бо існуе ЕС. Гэта шмат дае і ліквідуе фармальныя межы.

«НН»: Міжваенны перыяд у Беларусі і Польшчы трактуецца па‑рознаму. Ці існуе магчымасць знайсці паразуменне па гэтым пытанні?

ГЛ: Гэта як грэчаская трагедыя. Народы пасля некалькіх стагоддзяў зняволення былі вымушаныя скарыстацца з аднаго моманту, каб атрымаць незалежнасць. Гэтыя народы знаходзіліся на розных этапах гістарычнага развіцця. На той момант палякі, у сілу розных прычын, апярэджвалі сваіх суседзяў. Нацыянальная свядомасць была значна мацнейшай.

Гэта стала асноўнай прычынай таго, што палякі перанялі традыцыі Рэчы Паспалітай. Беларусы, украінцы і літоўцы сталі ў апазіцыю да РП. Гэта было натуральным жаданнем народаў выйсці з канфліктнай сітуацыі. І адначасова прыносіла шкоду для нацыянальнага развіцця. Усе народы даўняй РП мелі права на яе спадчыну. Тут, акурат, беларусы адрозніваюцца ад літоўцаў і ўкраінцаў.

Яны канфліктавалі з ідэяй Рэчы Паспалітай найменш. Спрэчка паміж беларусамі і палякамі прынесла найменш крыві.

Разам з тым, знайсці на той момант канцэпцыю, якая б задавальняла ўсіх, было немагчыма.

Я ўдзельнічаў у супольных беларуска‑польскіх сустрэчах гісторыкаў. Насамрэч вялікай розніцы паміж намі няма. Розніца з’яўляецца на ўзроўні палітычнага трактавання гістарычных даследаванняў. Палітыкі ўжываюць гісторыю так, як ім тое патрэбна. Гісторыкі на тое не могуць паўплываць. Польскія даследуюць імкненне палякаў да свабоды, беларускія — тыя ж імкненні беларусаў. Але гэта не канфлікт. Гэта натуральная сфера зацікаўленняў, паміж якімі няма спрэчнасці.

Для Польшчы 1939 год — трагедыя. Іначай не можа быць.

Былі памылкі і недахопы ў міжваеннай Польшчы, але гэта была дзяржава, якая прызнавала ідэю служэння свайму грамадству. На жаль, яна была знішчаная суседзямі, якія прапаведвалі ўсемагутнасць дзяржавы.

Таму гэта была трагедыя не толькі для Польшчы, але і для ўсёй Еўропы. Агрэсары хацелі давесці ўсім, што з народамі, якія насялілі нашую частку Еўропы, толькі так і можна паступіць.

Ні ў якім разе мы не можам, аднак, забыць ахвяр тых часоў. Нельга забыць у тым ліку ахвяр катынскага спісу, у якім знаходзяцца не толькі палякі, а і прадстаўнікі іншых народаў РП. Пакуль справа не будзе раскрытая да канца, яна будзе актуальнай.

Эмоцыі палякаў, звязаныя з 1939 годам, маюць гістарычнае вымярэнне і выкліканы ў значнай ступені ахвярамі, панесенымі ў той перыяд. Яны не пераносяцца на пытанні геапалітыкі. Палякі прызнаюць сённяшнія межы дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і лічаць іх фундаментам спакою і дабрабыту для Польшчы і ўсёй Еўропы. Мы прызнаём іх як справядлівыя.

У Беларусі 1939 год часта называецца годам аб’яднання.

Я думаю, што гэтага больш заслугоўваюць 1944—1945.

У Грунвальдзе збяруцца прэзідэнты цэнтральнаеўрапейскіх краін.Канцылярыя прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага папярэдне запланавала мерапрыемствы з удзелам кіраўнікоў цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў на 15 ліпеня. Урачастасці пройдуць у самім Грунвальдзе. Запланаваны таксама візіт у велічны замак ў Мальбарку. Пакуль няясна, ці будзе запрошаны ў Грунвальд Аляксандр Лукашэнка. Імаверна, рашэнне пра гэта яшчэ не прынята.

Бо сучасныя межы Беларусі не адпавядаюць межам 1939 года і, называючы яго аб’яднаўчым, можна выклікаць рэвізіяністычныя ідэі. Ці нам гэта патрэбна?

«НН»: Як бачаць беларусаў палякі зараз, праз дваццаць гадоў незалежнасці?

ГЛ: Стаўленне да беларусаў у Польшчы добразычлівае. Але больш інстынктыўнае, чым абгрунтаванае нейкімі ведамі. Гэтых ведаў бракуе. Беларусаў часта ўспрымаюць праз прызму розніцы ў палітычнай сістэме, і гэта натуральна. Розніца існуе і не можа не ўплываць на ўспрыманне.

«НН»: А як беларусы палякаў успрымаюць? Якія Вашыя ўражанні?

ГЛ: Неадназначна. Гэта залежыць ад канкрэтнай асобы. Але ў цэлым таксама добразычліва. Натуральна, у розных сітуацыях можна сустрэцца з розным стаўленнем, часам нават з агрэсіўным. Як і з адваротнага боку. Не бывае так, каб замежнік сустракаўся выключна з добразычлівым стаўленнем. Але ў цэлым Беларусь вельмі добразычлівая для замежнікаў краіна.

Гутарыў Алесь Пілецкі

Праграма юбілею Грунвальда

15 ліпеня — прадстаўленне «Грунвальдская перамога» з прывітаннем караля Ягайлы, князя Вітаўта і рыцараў. Прамовы цэнтральнаеўрапейскіх прэзідэнтаў.

16 ліпеня — рыцарскі фестываль. Плануецца, што яго наведаюць 100 тыс. гледачоў.

17 ліпеня — кульмінацыя святкавання — інсцэніроўка бітвы. У ёй маюць браць удзел аж 5 тысяч рыцараў з Польшчы, Беларусі, Германіі, Чэхіі, Літвы, Расіі і іншых краін.

У арганізацыю ўрачыстасцяў уключыліся самыя розныя рэгіёны Польшчы. У прыватнасці, з Кракава пад Грунвальд выправяцца дзесяць падводаў з 40 тыс. прэцэляў (традыцыйных галіцкіх абаранкаў) для ваяроў.

Мяркуецца, што святкаванне будзе каштаваць польскім цэнральным і лакальным уладам больш за 100 тыс. даляраў. 85% гэтай сумы прафінансуе ЕС.

Праграма фестывалю, а таксама апошнія навіны ад арганізатараў даступныя па адрасе grunwald2010

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0