Аўтар адной з яскравых кніжак 2008 году «Жыць не страшна» Барыс Пятровіч выдаў аповесць «Плошча». Галоўныя героі аповесці — маладыя людзі, жыхары намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы, удзельнікі пратэстовых акцыяў у часе папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 2006 году.

«Наша Ніва»: Спадар Барыс, вы пайшлі ў палітыку?

Барыс Пятровіч: Ніякім чынам. Мая новая кніга — рэч чыста мастацкая, не звязаная з палітыкай, адно з той атмасферай, што была роўна 4 гады таму ў Мінску, калі адбываліся прэзідэнцкія выбары. Часткова «Плошча» — гэта стылізацыя пад дзённікі непасрэдных удзельнікаў пратэстовых акцыяў. Прататыпаў тут няма, героі выдуманыя, але цалкам верагодна, што некаторыя ўдзельнікі пазнаюць у гэтай аповесці сябе.

«НН»: Дык гэта публіцыстыка?

БП: Таксама не. Хаця раней я гуляў у літаратуру, цалкам выдумваў сюжэты і падзеі, адыходзіў ад жыцця, а ў дадзеным выпадку я нібыта вярнуўся да рэальнасці з пазнавальным сюжэтам і сапраўднымі дэкарацыямі Плошчы… Аднак гэтая кніга — не журналісцкае даследаванне. Я ўсё роўна як даў выгаварыцца тым людзям, непасрэдным удзельнікам. Менавіта таму гэтая кніга, якая была напісаная яшчэ ў 2007 годзе, выдадзеная толькі цяпер: мне не хацелася, каб гэтая рэч прымалася як дакументальная. У дадатак гэта кніга пра каханне, каханне паміж маладымі людзьмі, якія знаходзяцца ў віры драматычных падзеяў.

«НН»: «Героі нашага часу»?

БП: У нашай літаратуры надта мала твораў пра сучаснасць. Збольшага беларуская літаратура абапіраецца на мінулае, гістарычнае, XVIII-XIX стст., зноў жа на вайну, на ўспаміны дзяцінства пісьменніка… А вось мне было цікава закрануць цяпершчыну, тое, што адбывалася некалькі год таму і чаму былі сведкамі тысячы і тысячы людзей. У дадатак мне проста не хацелася, каб гэтыя падзеі забыліся, адышлі ў мінулае. Я палічыў неабходным нагадаць пра тую моладзь, якая без надзеі на перамогу, усё ж выйшлі і ахвяравалі сваімі кар'ерамі і вучобай.

Прэзентацыя новай аповесці Барыса Пятровіча «Плошча» адбудзецца ў гадавіну папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, 19 сакавіка (пятніца). Управа БНФ (вул. Варвашэні, 8). Пачатак а 17.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?