У красавіку ў Бабруйску пройдзе юнацкі чэмпіянат па хакеі, а гэта значыць, што жыхароў гораду ўжо накрыла чарговая хваля выцягвання грошай. Ад бабруйчукоў патрабуюць стварыць запаўняльнасць «Бабруйск-Арэны», мясцовага лядовага палацу, дзе і маюць адбыцца спаборніцтвы.

Прычым улады не асабліва цікавіць, прыйдуць людзі ў палац ці не. Галоўнае, каб кожнае месца акупілася. Змяшчае ж мясцовая славутасць сем тысяч чалавек за раз, гульні ж адным днём, вядома, не скончацца.

Перадусім пад раздачу трапілі бюджэтнікі, у першую чаргу медыкі ды настаўнікі.
Калі першым трэба набыць некалькі квіткоў на аддзяленне, і такім чынам яны могуць скласціся, дык з апошнімі сітуацыя больш складаная. Настаўнікі мусяць прадаць квіткі навучэнцам, інакш — плаці са свае кішэні за ўсе квіткі, што засталіся. І гэта пры тым, што і настаўнікі, і медыкі і так павінныя падпісвацца на ведамственную прэсу, якая сама сябе акупіць не здольная.

Як казалася вышэй, гэты выпадак не першы. Усё пачалося, калі лядовы палац яшчэ толькі пачынаў будавацца. Тады людзі давалі грошы на яго стварэнне, пазней — на яго працу.

Найбольшага размаху абсурд з выцягваннем грошай набыў роўна год таму, калі ў Бабруйск прыязджаў расійскі гурт «Звери». Квіткі на канцэрт каштавалі ад 25 да 50 тысяч рублёў, і, безумоўна, ахвотнікаў дастаткова не назбіралася. Таму было вырашана людзей «запрасіць». Але тыя бабруйчукі, якія прызвычаіліся да іншае музыкі, набыўшы квіткі, альбо не пайшлі на канцэрт, альбо адседзелі колькі песняў і сышлі.

Як казаў калісьці славуты каментатар Мікалай Озераў, «такі хакей нам непатрэбны». І справа тут не ў гэтай цудоўнай гульні і не ў музыцы гурту «Звери», і нават не ў палацы. Справа ў галовах і ў стаўленні да іншых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?