У Купалаўскім тэатры пры набіткаванай залі прайшла прэм'ера-прэзентацыя альбома Лявона Вольскага на вершы паэтаў-класікаў «Белая яблыня грому».

Сапраўды, гэта нагадвала тэатральную прэм'еру. Вячэрнія строі гледачоў, поўны набор дыпламатычнага корпусу на чале са Стэфанам Эрыксанам. У фае тэатра можна было купіць праграмку, зробленую ў форме ліста ад аўтара праекту з кароткімі анатацыямі на кожную песню і партрэтамі ўсіх паэтаў, на чые словы былі напісаныя песні. І толькі вялізны аўдыёпульт, які не змясціўся ў зале і таму быў выцягнуты ў калідор ля партэра нагадваў прыбылым, што тут мае адбыцца рок-канцэрт.

«Белая яблыня грому» — не «Крамбамбуля»: тут хутчэй нерв, шчыменне ўсёй айчыннай літаратуры. Вольскі шчыраваў на вечнасць.

Хаця пачалося лёгка. Лявон у адмыслова зробленай маечцы з выявай грымотнай яблыні (дзе б такую купіць?) абвяшчае чарговую песню і крыху распавядае пра аўтара. Рабіў тое прачула, але ўнікаючы збыткоўных ўзнёсласцяў. Назваўшы Адама Міцкевіча «беларукім хлопцам» і выканаў рэгей-баладу «Сон».

Потым — хрэстаматыйны «Пахне чабор» на поп-рокавы манер. Словы пра сэрца, якое баліць «год адзіннаццаць, а можа, дваннаццаць» спрабавалі цягнуць уся заля.

«Скандынаўская песня». Тут Вольскі адзначае, што Максім Багдановіч пісаў не толькі пра ткачыхаў і Вераніку, але і прыгожыя «касмапалітычныя стылізацыі». І каб канчаткова заблытаць паходжанне песні сам выканаў яе ў зухаватым ірландскім стылі.

«Госцік ужо тут?» — пытаецца ў памочнікаў сцэны Лявон. Госцікам выяўляецца толькі прыбылы з варшаўскага цягніка Аляксандр Памідораў. Ці варта казаць, што рэп-песня «Немец», якая пачынаецца: «Не люблю я места, па-расейску горад», зрабілася гваздом праграмы? Хаця у чорным пылавіку і такіх самых акулярах, Памідораў хутчэй нагадваў амерыканца Марфея з «Матрыцы».

«Сёлета спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння каго? — пытае ўжо ў залі Вольскі. — Не, не Леніна... Францішка Багушэвіча».

Пры хэві-мэтал-гімне «Гэй, наперад!» на словы Янкі Купалы выйшаў у самую залю. Заля, прысаромленая няведаннем словаў класічнага верша, намагалася прынамсі трапіць у ноты і старанна выцягвала мелодыю ў падстаўлены мікрафон.

«Парушальнікі закона прыцягнення» на словы Аркадзя Куляшова. Высвятляецца, Куляшоў пісаў не толькі пра сцяг брыгады і юнакоў на дапросе, але і пра складаныя і заблытаныя пачуцці.

«Машыны». Зусім ужо злавесную песню пра бяздушнасць дзяржапарату на словы Ларысы Геніюш Вольскі выканаў у рваным рытме тэхна-гуртоў 80-х.

Даўкі метал — коласаўскі «Турма». Чаму ў стылі «метал»? Як патлумачана ў анатацыі — «...краты, кайданы, ланцугі... Нейкі металёвы прысмак. Дарэчы Якуб Колас знаходзіўся пэўны час у «Валадарцы».

Апошняя песня — пад відэашэраг з партрэтамі Рыгора Барадуліна, кампазіцыя, якая і дала назву альбому — «Белая яблыня грому». Бязважка-напружаная, падагульняла гэты спеўны і шчымлівы альбом.

Дадаткі: Тэатральны фармат вымагаў антракту, а за ім — другога аддзялення: там былі і «Я нарадзіўся тут», і двуспеў з лідэрам J-Mopc Уладзімірам Пугачом (яшчэ адзін праект Вольскага «Такога няма нідзе»), і анансаваны дуэт з гаспадыняй сцэны, акторкай Купалаўскага Ганнай Хітрык.

Гранд-свята беларушчыны адбылося.

На відэа — загалоўная песня канцэрту:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?