Пуцін з Лукашэнкам у пятніцу прагаварылі з вока на вока болей за чатыры гадзіны. У тым ліку падчас сумеснай вячэры.

Пра гэта піша ў суботнім "Коммерсанте" Андрэй Калесьнікаў, журналіст з пулу расейскага прэзыдэнта, вядомы сваім уменьнем выведваць розны кулюарны інтым.

Можна ўявіць сабе вячэру, дзе ў якасьці першай стравы падаецца тэма "Белтрансгазу", другой ідзе адзіная валюта, потым — нафтагазавы кактэйль, і нарэшце, на дэсэрт — канстытуцыйны акт...

Паводле вэрсыі Калесьнікава, у выніку такога беспрэцэдэнтна працяглага прэсынгу госьць або безумоўна капітуляваў, або прыняў ультыматум як выклік. "Прычым першае проста выключана", — рэзюмуе аўтар ""Коммерсанта".

Ягоныя назіраньні сугучныя высновам аўтара гэтых радкоў ва ўчорашнім камэнтары: "Гэта вельмі нагадвае спробы загнаць у кут. Але загнаны ў кут зазвычай адбіваецца з патройным імпэтам".

Калі сапраўды гэйм ня скончаны і мяч на палове беларускага партнэра-суперніка, то, магчыма, пры першай нагодзе ён падзеліцца ўражаньнямі. Ужо не аднойчы было так, што, вярнуўшыся зь белакаменнай, Лукашэнка сваімі прызнаньнямі з бурлівым выкідам эмоцыяў не пакідаў каменя на камені ад вылізаных інфармацыйных паведамленьняў дзяржаўных мэдыяў пра нібыта плённае абмеркаваньне працэсаў "саюзнага будаўніцтва".

А пакуль што ўражаньнямі падзяліўся са мною палітоляг Валер Карбалевіч. Па-першае, кажа ён, адсутнасьць канкрэтнай інфармацыі аб выніках дыялёгу — сымптом таго, што кіраўнікі не дамовіліся. Па-другое, яшчэ і час не прысьпеў. Бо, напрыклад, няма ацэнкі кошту "Белтрансгазу" (галянцы мусяць пакласьці на стол паперу вось-вось).

"Да новага году ёсьць час, так што бакі будуць гуляць, шукаць аргумэнты для вырашальнага раўнду", — лічыць экспэрт.

Чаму ж тады Пуцін, паводле вэрсыі маскоўскіх крыніцаў, "выклікаў "бацьку" на дыван"?

Відавочна, мяркуе Валер Карбалевіч, крамлёўскі гаспадар яшчэ раз акцэнтаваў вядомыя патрабаваньні. Звыш таго, імаверна, хацеў папярэдзіць, што ўсе гэтыя ліхаманкавыя пошукі энэргетычных альтэрнатываў ад Вэнэсуэлы да Ірану — марная мітусьня. (Як у тым анэкдоце: куды ты дзенесься з падводнай лодкі!)

І гэтыя сэнтэнцыі гучалі, бадай, асабліва важка пасьля таго, як днямі азэрбайджанскі прэзыдэнт Аліеў запэўніў Маскву, што ня будзе дражніць яе нафтавымі гешэфтамі з Менскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?