Упершыню на адкрыцьці «Менскага форуму» прысутнічаў старшыня палаты прадстаўнікоў, але гэта скончылася скандалам.

Чарговы «Менскі форум» прайшоў небанальна. У паветры лунаў лёгкі подых няўпэўненасьці – паралельна ішлі маскоўскія перамовы Лукашэнкі з Пуціным. Ілюзіі, што «нафтагазавая» сустрэча будзе мець канкрэтны вынік, бадай, ні ў кога не было. Але ўсе адчувалі: нешта пачынае пакрысе зьмяняцца. У які бок – невядома, але гэта яшчэ больш надавала інтрыгі. Ускосным доказам гэтаму быў нязвыкла высокі працэнт удзельнікаў з буйнымі чырвона-зялёнымі значкамі на лацканах пінжакоў, якія ў кулюарах асьцярожна абміналі знаёмых інтэлектуалаў ды палітыкаў.

Абмен «камплімэнтамі»

Прысутнасьць на форуме старшыні палаты прадстаўнікоў і блізкага сябра А.Лукашэнкі Ўладзімера Канаплёва стала сапраўдным сюрпрызам. Усе адчыталі гэта як сыгнал.

Нямецкія госьці мелі ня меншы калібр – генэральны сакратар нямецкай кансэрватыўнай партыі ХДС Рональд Пафаля ды кіраўніца парлямэнцкай групы «Нямеччына–Беларусь» Ута Цапф.

Першым слова трымаў старшыня аргкамітэту форуму, вядомы беларусіст, прафэсар Райнэр Лінднэр. Ён выказаў падзяку арганізатарам, а таксама жаль, што ня могуць прысутнічаць у залі ўдзельнікі мінулых форумаў – зьняволеныя Аляксандар Казулін, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, а таксама эўрадэпутаты ды журналісты, якім было адмоўлена ў візах.

Канаплёў выйшаў на трыбуну для вітаньня і распачаў маналёг пра падвойныя стандарты. «Размова зь Беларусьсю на мове санкцыяў і візавых абмежаваньняў – гэта проста сьмешна», – заявіў сьпікер. Але не забыўся падсаладзіць свае закіды абяцаньнем: «Імкненьне й жаданьне нашых партнэраў лепей зразумець палітычныя і эканамічныя працэсы ў Беларусі заўсёды знойдзе водгук».

Рэзкіх выпадаў у прамове Канаплёва не было, і сацыял-дэмакратка Ута Цапф прыняла гульню: яе выступ выйшаў адносна нэўтральным. А вось падчас прамовы Рональда Пафаля шэраг з чырвона-зялёнымі значкамі нэрвова закруціў галовамі, нібы шукаючы на падмогу амонаўцаў. Ня можа быць паправы стасункаў Беларусі зь Нямеччынай, пакуль у Беларусі парушаюцца асноўныя правы й свабоды, заявіў генэральны сакратар ХДС. Ён распавёў пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і жонкай Казуліна, аб прэміі Сахарава, прысуджанай Эўрапарлямэнтам лідэру беларускіх дэмакратаў, аб асабістым вітаньні Мілінкевічу, якое ён прывёз ад Ангелы Мэркель. Прозьвішча Мілінкевіча прагучала ў прамове восем разоў. Урэшце Пафаля паказаў кавалак Бэрлінскага муру як папярэджаньне тым, хто думае, што свабоду можна абмяжоўваць вечна.

Калі Пафаля сеў на месца ды воплескі сьціхлі, на трыбуну зноў, у парушэньне пратаколу, вылецеў Канаплёў, каб намаляваць уласную карціну Беларусі: «З суседзямі мы жывем у сяброўстве, у нас няма канфрантацыі паміж рознымі канфэсіямі, у нас жывуць дзясяткі нацыянальнасьцяў, і няхай гэта мусульмане, няхай габрэі, праваслаўныя ці каталікі, яны не падпальваюць дзясяткамі тысяч аўтамабілі, як гэта адбываецца ў Францыі, Нямеччыне».

Сьпікер пахваліў спадарыню Цапф: «Яна была заўжды да нас строгая, але аб’ектыўная, наколькі магла», а Пафалю назваў «чорным ястрабам». Закінуў Канаплёў немцам і турмы ЦРУ ў Эўропе, і 20-адсоткавае беспрацоўе, і «ядравыя боегалоўкі з абагачаным уранам», якімі бамбілі Югаславію, і Ірак. «Займайцеся сваімі праблемамі, а мы можам чымсьці памагчы ў іх рашэньні», – пад сьмех у залі прапанаваў беларускі сьпікер і, пажадаўшы форуму канструктыўнае працы і папрасіўшы прабачэньня за занятасьць, пакінуў залю, ледзь разьмінуўшыся ў дзьвярах з масіўным Калякіным.

Асьцярожныя ўдзельнікі

Наступны дзень удзельнікі форуму працавалі ў трох групах: палітыка, гаспадарка ды грамадзтва. Калі ў першай групе абмяркоўвалі закарэлыя палітычныя мазалі, дык у групе гаспадаркі гаворка круцілася вакол энэргетыкі.

У гэты ж час ішлі перамовы Пуціна ды Лукашэнкі, таму чыноўнікі былі надзвычай стрыманыя ў сваіх ацэнках што да энэргетычных праблемаў. А экспэрты падлічвалі, які шок перажыве Беларусь у выніку падвышэньня цэнаў на газ, і ці будзе той шок увогуле. У групе, дзе абмяркоўваліся грамадзкія праблемы, вялося пра даволі жывое беларуска-нямецкае супрацоўніцтва на ўзроўні маленькіх ініцыятываў і амаль поўны застой на ўзроўні буйных праектаў.

Сярод палітыкаў заўважна задавалі тон нямецкія кансэрватары ды лібэралы. Галоўныя адметнасьці іх пазыцыі: жорсткая пазыцыя ў асноўных беларускіх палітычных праблемах ды асьцярожнае стаўленьне да Расеі зь яе «кіраванай дэмакратыяй». Але сьмела прамаўлялі ў асноўным менавіта палітыкі. А вось нямецкія грамадзкія актывісты, якія стала працуюць у Беларусі, асьцярожнічалі. Тыя-іншыя аж рассыпаліся ў рэвэрансах да ўладаў, калі тыя згаджаюцца супрацоўнічаць з заходнімі ініцыятывамі хаця б на мінімальным узроўні. Многія нямецкія госьці ўвогуле пабойваліся занадта «сьвяціцца», улічваючы рэальную пэрспэктыву трапіць у сьпісы «неўязных» у Беларусь. Хтосьці зь іх стварае праект дапамогі чарнобыльскім дзецям, іншы піша навуковую працу ці проста езьдзіць сюды да сяброў на вакацыі. У прыватных размовах яны кажуць, што спачуваюць незалежнаму грамадзтву, але прылюдна не жадаюць атаясамлівацца з палітыкай. Запужаныя ня меней за беларусаў, цішком робяць сваю справу, адаптуючыся да ненармальных беларускіх умоваў.

Адзінае, што ўсе ўдзельнікі форуму (улучна з Канаплёвым) казалі ў адзін голас: адзіная Эўропа безь Беларусі будзе незавершанай. Вось толькі Беларусь гэтую кожны ўяўляе сабе па-рознаму.

Вынікі форуму

Сьпікер Канаплёў запатрабаваў ад форуму канкрэтыкі. Закіды ў адсутнасьці практычных вынікаў падобных сустрэчаў гучаць і зь іншага боку палітычных барыкадаў. Сапраўды, адзіным канкрэтным вынікам форуму можна лічыць хіба што падпісаньне многімі ягонымі дэлегатамі звароту ў Міністэрства інфармацыі і ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (ініцыятыва дэпутаткі Вольгі Абрамавай) з тым, каб урад паспрыяў дыялёгу паміж дыскрымінаванымі незалежнымі мэдыямі і структурамі накшталт «Белпошты» ды «Белсаюздруку», якія рэалізуюць забарону на распаўсюд вольнай прэсы.

Але карысьць ад форуму ёсьць, і гэта ня толькі гутаркі ды кантакты. Ва ўмовах, калі афіцыйныя кантакты Менску з заходнімі ўрадамі абмежаваныя, гэта адна з рэдкіх магчымасьцяў для абодвух бакоў пабачыць адзін аднаго ў твар. Форум мае пэдагагічны ўплыў на чыноўнікаў, вырываючы іх на тры дні зь віртуальнага камфортнага псэўдасьвету. Гэта рэдкая магчымасьць пабачыць, як дэпутаты палаты змушаюць залю сьмяяцца, заяўляючы: «У нашым парлямэнце рэпрэзэнтаваныя ўсе палітычныя сілы краіны», і пачуць, як ім у твар рэжуць праўду-матку пра палітычных вязьняў і здушаныя мэдыі.

Яшчэ форум дапамагае зразумець, што прагматычна-цынічнае лобі, якое глядзіць на Ўсход, не заўважаючы Беларусі, губляе ў нямецкім палітбамондзе пазыцыі на карысьць нямецкіх інтэлектуалаў, што пусьцілі Беларусь ня толькі ў розум, але і ў сэрца. Доказ – фэерычнае сола на саксафоне ў выкананьні Райнэра Лінднэра, якім ён аздобіў кампазыцыю «Абсэнт» падчас канцэрту «Крамбамбулі». Калі беларуска-нямецкая публіка, паскідаўшы пінжакі, танчыць пад музыку Вольскага-Лінднэра, робіцца зразумела, што драбочкі беларускай рошчыны пакрысе робяць сваю справу і ў нямецкім цесьце.

«Менскі форум» – найбуйнейшая штогадовая нямецка-беларуская сустрэча дыпляматаў, палітыкаў, бізнэсоўцаў і грамадзкіх дзеячаў. 9–11 лістапада форум прайшоў дзявяты раз у залі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў, сабраўшы больш за 300 удзельнікаў. Сёлетняя тэма: «Беларусь – суседзтва і транзыт у Эўропе: замежная палітыка, эканоміка, грамадзтва». Арганізавалі форум пасольства Нямеччыны, Нямецка-беларускае таварыства і нямецкі фонд «Навука й палітыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?