У аўторак 12 сьнежня ў газэце «Советская Белоруссия» быў зьмешчаны чарговы праграмны артыкул намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоля Рубінава «Навука і грамадзтва», які заняў ажно дзьве старонкі. Спадар Рубінаў піша, якім ён бачыць месца навукі ў беларускай ідэалогіі, асуджае рэлігію, паказвае матэрыялізм і атэізм як адзіна правільны пункт гледжаньня, абгрунтоўвае неабходнасьць антырэлігійнай прапаганды і зьніжэньня ўплыву царквы на грамадзтва.

Улада дае зразумець, што больш ня зьбіраецца гуляцца з апошнім вольным асяродкам – рэлігійнымі арганізацыямі. Прылюднае выказваньне Лукашэнкі на гэтую тэму па тэлебачаньні выклікала б незадаволенасьць у грамадзтве, таму ўлады выкарысталі такі вось спосаб недвухсэнсоўнага ўказаньня ідэалягічнай вэртыкалі.

У прыватнасьці, у матэрыяле адзначаецца: «На зьмену [камуністычнай ідэалёгіі], як палачкі- выручалачкі, аўтаматычна прыйшлі шматразова выпрабаваныя гісторыяй старыя ідэалягічныя прынцыпы: нацыяналізм і рэлігія». Спадар Рубінаў крытыкуе тых, хто не прызнае матэрыялізму ды атэізму і верыць у Бога. «Залішняя актыўнасьць царквы, імкненьне пранікнуць у сярэднюю і вышэйшую адукацыю, выклікаюць заклапочанасьць. Усё-такі дамінаваць у нас павінна сьвецкая адукацыя і выхаваньне, занаванае на матэрыялістычным сьветапоглядзе. Інакш адукацыйны і творчы статус нашага грамадзтва будзе зьніжацца», – працягвае свае думкі сп. Рубінаў.

Калі працягваць уважліва чытаць артыкул, то можна ўбачыць, чаму так не падабаецца рэлігія аўтару і тым, на чый заказ напісаны матэрыял: «Нарэшце, узмацненьне ўплыву рэлігіі азначае адначасова аслабленьне ўплыву дзяржаўнай ідэалогіі. Добра, што сёньня на чале праваслаўнай царквы стаіць выключна мудры чалаевк, ня толькі выбітны рэлігійны дзяяч, але і вялікі, адказны палітык, які шчыра клапоціцца аб росквіце нашай краіны. Але кадравыя перастаноўкі з часам непазьбежныя, і дзе гарантыя, што заўтра сытуацыя ня зьменіцца? І дзяржаве ўжо будзе цяжка перацягваць на свой бок тых, хто трапіў пад уплыў царквы». Усё становіцца зразумела. Уладзе ня трэба людзі з хрысьціянскім сьветапоглядам, для якіх найвышэйшымі маральнымі каштоўнасьцямі зьяўляюцца любоў, праўда, справядлівасьць. «Дзяржава», як і савецкая, разглядае сама сябе як першакрыніцу ўлады, а царкву – як канкуруючую структуру. Асабліва напалохалі ідэолягаў, трэба думаць, нядаўнія выступы пратэстантаў і каталікоў у абарону сваіх правоў, якія не ўдалося прыдушыць.

Далей сп. Рубінаў піша пра тое, якія меры трэба прымаць супраць гэтага (можа быць, што праграма тых захадаў ужо узгоднена). Ён піша пра неабходнасьць узмацненьня навукова-тэхнічнай прапаганды, асьветніцкай працы ў СМІ, аднаўленьня актыўнай працы таварыства «Веды», супрацьдзеяньня распаўсюду ў грамадзтве забабонаў.

Варта чакаць уціску рэлігійных арганізацый, асабліва тых, якія ня маюць "мудрага пастыра", ды разгортваньня антыклерыкальнай прапаганды. Атэізм вяртаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?