Унікальны срэбраны «Пояс Вітаўта» рашэньнем Вярхоўнага суда накіраваны ва ўласнасьць беларускай дзяржавы.

Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны спэцыяліст упраўленьня ўстаноў культуры і народнай творчасьці Міністэрства культуры Ларыса Каткова. Паводле яе слоў, «Пояс Вітаўта» цяпер перададзены на часовае захоўваньне ў Нацыянальны музэй гісторыі і культуры. Пасьля адпаведнай экспэртызы будзе прынята рашэньне аб пастаянным захоўваньні і экспаніраваньні помніка. «Пояс Вітаўта» быў знойдзены ў пачатку 90‑х гадоў мінулага стагодзьдзя пры раскопках каля вёскі Літва Маладзечанскага раёну.

Помнік датуецца ХIV або ХV стагодзьдзямі і складаецца зь некалькіх срэбраных пазалочаных паясных бляхаў, спражкі і наканечніка. Нягледзячы на тое, што пояс быў занесены ў свой час у Дзяржаўны рэестар гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў вышэйшай катэгорыі, ён доўгі час знаходзіўся ў прыватных руках. Як растлумачыла Ларыса Каткова, адказчыкам у судзе па справе аб накіраваньні помніка ў даход дзяржавы выступала вытворчае прадпрыемства «Саюзтэхсэрвіс».

Мяркуецца, што «Пояс Вітаўта» быў створаны ў Крымскім ханстве. Вучоныя выказалі гіпотэзу, што ён трапіў на тэрыторыю Беларусі як падарунак крымскага хана Хаджы‑Гірэя вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Зрэшты, Ларыса Каткова ня выключыла, што помнік можа быць датаваны і пачаткам ХVI стагодзьдзя і што прыналежнасьць яго Вітаўту не больш як легенда. Ва ўсякім выпадку яна запэўніла, што ў музэі пояс будзе даступны для вывучэньня гісторыкам, якія і паставяць кропку ў гэтым пытаньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?