У красавіку 2006 г. моладзевыя актывісты з Барысава Алесь Казакоў і Зьміцер Зубро былі асуджаныя да двух гадоў «хіміі». Але пакараньне яны не адбываюць. Пра іх хто-ніхто нават пачаў забывацца. Чытач на форуме «Нашай Нівы» задаўся пытаньнем: дык што зараз з Казаковым і Зубро?

Алесь Казакоў і Зьміцер Зубро былі затрыманыя міліцыяй ў ноч на 28 студзеня 2006 г. у Менску, калі малявалі на сьценах лічбы «16». У той жа дзень іх зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яны правялі дзьве начы. Хлопцы адразу падумалі, што не абыдуцца звычайнымі штрафамі, а сядуць на суткі. Пра магчымасьць завядзеньня крымінальнай справы ніхто зь іх нават ня думаў.

На той момант Алесь вучыўся ў БДУІРы, а Зьміцер -- у барысаўскім палітэхнічным каледжы. Яны абодва зьяўляліся вядомымі ў Барысаве моладзевымі актывістамі, неаднойчы былі затрыманыя міліцыянтамі. У 2001 г. Казакоў нават адседзеў 10 сутак, калі быў затрыманы пры раздачы кнігі «Выпадковы прэзыдэнт».

У Казакова і Зубро міліцыянты не знайшлі балёнаў з фарбай, таму іх абвінавацілі ў арт. 363 ч. 2 КК РБ «Супраціў работнікам міліцыі пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку» — хлопцы спрабавалі ўцячы ад міліцыі. З ІЧУ актывістаў вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для хлопцаў на судзе чатыры гады калёніі. Прысуд быў вынесены 7 красавіка 2006 г. судзьдзём Цэнтральнага раёну Менску Валерам Есьманам. Казакоў і Зубро былі асуджаныя на два гады папраўчых працаў, так званай «хіміі». Алесь Казакоў кажа, што ў той момант было адчуваньне нейкай лёгкасьці ад больш-менш мяккага прысуду.

«У тыя дні я думаў, ці лёгка гэта сесьці? Працаваць у нейкай вёсцы за грашы, прычым большаю палову аддаваць дзяржаве. Ці лепш зьехаць за мяжу. Я абраў другі варыянт». – кажа Алесь Казакоў.

9 траўня 2006 г. У краіне адзначаецца Дзень Перамогі. Сонечная раніца. На вакзале барысаўскага чыгуначнага вакзалу стаіць хлопец зь вялізнымі торбамі. Ён чакае электрычкі да Воршы. Менавіта так пачыналіся ўцёкі ад зьняволеньня ў Беларусі Алеся Казакова.

У Воршы Казакоў бярэ квіток да Смаленска. Праблемаў пры перасячэньні беларуска-расейскай мяжы ня ўзьнікла. Са Смаленску Алесь едзе ў Кіеў, дзе праводзіць два тыдні, а ўжо адтуль у Варшаву.

«Адзінай праблемай пры перасячэньні былі толькі мае асабістыя хваляваньні, -- кажа Казакоў. – Сам палохаў сябе рознымі дурнымі думкамі. Быў такі выпадак, калі ехаў з Масквы на Кіеў. Квіток у мяне быў у трэці вагон. Калі праходзіў каля дзявятага, правадніца спытала ў які вагон у мяне квіток. Я паказаў, што ня ў гэты. Яна запрасіла ўсе ж да сябе. І, як потым высвятліася, у гэтым вагоне апроч мяне была толькі адна жанчына. Хваляваньні мае нарасталі калі яшчэ у правадніцы не знайшлося рэшты зь бялізны, і яна прапанавала аддаць рэшту гарбатай. Адразу ўзгадаўся момант, калі мае сябры вярталіся з выбараў ва Ўкраіне, і добрая правадніца прапанавала ім а 12-й ночы гарбаты. Штосьці нядобрае яны заўважылі толькі, калі ўбачылі, што па чарзе пачынаюць засыпаць. Потым былі маскі-шоў. Пару сутак за кратамі і г.д. Ад гарбаты я адмовіўся. Далейшы мой шлях прайшоў без праблемаў, але супакоіўся больш-менш толькі калі пад’яжджаў да Кіева. Ва ўкраінскай сталіцы я сустэўся зь Дзімам Зубром. Ягоная дарога таксама была без прыгодаў».

Зараз Алесь Казакоў навучаецца ў Варшаўскім унівэрсытэце па спэцыяльнасьці інфарматыка, а Зьміцер – у Варшаўскім палітэхнічным на кіраўніцтве і мэнэджмэнце. Абодва хлопцы трапілі на навучаньне ў Польшчу па праграме Каліноўскага.

«Першыя месяцы было цяжкавата, бо ня ведаў польскай мовы, -- працягвае Алесь Казакоў. – Цяпер ужо значна прасьцей. За гэты час зьявілася шмат знаёмых, як беларусаў, так і палякаў. Тут пачынаеш адчуваць сябе больш-менш вольна. Ты па тэлефоне можаш казаць, не шыфруючыся ў якім месцы горада знаходзісься. Ты перастаеш абыходзіць за квартал міліцыянтаў. Але усе роўна, калі хтосьці тэлефануе з незнаемага беларускага нумару, то нехаця па сьпіне прабягаюць мурашы. Самае цікавае, што пакуль да маіх бацькоў нават міліцыянты не заходзілі. Думаю, што проста чакаюць майго прыезда. Але зразумела, што бліжэйшым часам мяне ня будзе там. Як бы не хацелася.

На гэты Новы год Алесь загадаў, каб праз год гэты дзень ён абсалютна вольна адзначаў у коле сям’і, дома, у Барысаве. І каб ніхто яму ня змог у гэтым перашкодзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?