Колер каханьня

Аляксандар Канановіч: Я ведаю, у чым беларускі кайф

Колер каханьня

Беларусь, 2005, каляровы, 20 хв.

Рэжысэр: Аляксандар Канановіч

Жанр: Эксцэнтрычны вадэвіль-камэдыя

Адзнака: 8 (з10)

Зялёны, Вольскі і п’яўказаводчык

Натхнёны юнак Леанард (Пётар Юрчанкоў-мал.) імчыцца на фаэтоне да нявесты, прызнаецца ў каханьні, абдымаецца — суцэльная ідылія на тле краявідаў расейскага нечарназем’я. Але сьледам зьяўляюцца насаты і вусаты Лявон Вольскі на чале аркестрыка "Крамбамбуля" ды кандыдат у цесьці, шчодры й шчыры п’яўказаводчык (Аляксандар Бяспалы).

Але сапраўдныя непрыемнасьці для Леанарда пачынаюцца ў горадзе. Крыж на ягоным вясельным гарнітуры "ставіць" паветраная цыркавая карова-ўцякачка. Потым будуць юрлівая гараджанка (Алеся Пухавая), што прапануе адмыць касьцюмчык і пафарбаваць яго ў зялёны колер, зьяўленьне мужа-раганосца (Ігар Кашэўскі), пасьля якога пазелянее і скура недарэкі-героя, юрлівая палеская знахарка...

Урэшце пераможа сапраўднае каханьне стойкай нявесты (Юлія Кадушкевіч), што здольнае вярнуць шчасьце "іншаколернаму".

Аголеным па вуліцах

У фільме няма аніводнай слабой ці прахадной ролі, нават эпізадычныя пэрсанажы запамінаюцца. А сапраўдным падарункам можна лічыць фільм для выканаўцаў галоўных роляў П.Юрчанкова-мал. і Ю.Кадушкевіч.

Юрчанкову далёка не заўжды шанцавала з рэжысэрамі і сцэнарыстамі, а тут ён абсалютна на сваім месцы. Ягоны Леанард — легкадумны, пуставаты, але пацешны й сымпатычны. Актору мужна прыйшлося шмат гадзін цярпець наяўнасьць на сабе грыму, бегаць па горадзе ў афарбавана-аголеным выглядзе. "Калі б я ведаў, на што пагадзіўся!" — скардзіўся ён.

Нявесьце (Юліі Кадушкевіч) у фільме прыйшлося нават падаць з каня. У апошняй сцэне, калі гераіня абдымае свайго жаніха, яе тонкія падрапаныя рукі выклікаюць спачуваньне.

Прыдумана Пташуком

"Колер каханьня" — гэта ўдалы дэбют дзьвюх кінашкол. Канановіч — рэжысэр, выгадаваны Акадэміяй мастацтваў. Апэратар Аляксей Арсенцьеў — выпускнік расейскага ВГІКу. Арсенцьеў — ня проста таленавіты апэратар. Прасьветленыя кадры — насычаныя каляровай эксцэнтрыкай, кадры рухомыя, імпэтныя і трапяткія, як закаханае сэрца, — і кадры індыгава-цёмныя, забабонныя, са сьмешна-злавесным водбліскам вогнішча — усё гэта ня проста ягоныя творы. У апэратара сьвежы позірк — і ён раскрывае нам тое, да чаго наша вока ўжо прызвычаілася.

Беларускі горад быццам і ўключаны ў расейскую прастору, але й разломвае яе, ён своеасаблівы, і каляровая эксцэнтрыка падкрэсьлівае гэтую адметнасьць і асаблівасьць.

Сцэнар камэдыі прыдуманы Міхаілам Пташуком пры ўдзеле Аляксея Дударава, паводле малавядомага апавяданьня Някрасава. Гісторыю адкапаў Пташук, і камэдыя "Колер каханьня" сталася яскраваю і насычанай беларускаю кветкай з вынаходлівай і трапнай стракатасьцю.

Так, жоўтую прэсу ў горадзе прадае гарласты хлопчык-мурынчык (крыкі па-беларуску), калярытная жонка-пэрсіянка ў бліскучым выкананьні Тацяны Жданавай дабівае мужа (і гледача) кароннай фразай "А ў нас у Пэрсіі…", а легкадумны Леанард пнецца "культурна" размаўляць па-расейску. Гэты інтэрнацыянал вольна пачувае сябе на фальварку п’яўказаводчыка — і на гарадзкім бруку.

Эксцэнтрыка гораду

Раней падобны нястрыманы й эксцэнтрычны бурлеск дазваляўся ў беларускай культуры толькі на вясковыя тэмы і зь селянінам-героем — тут вам і "Тарас на Парнасе", і "Лявоніха на арбіце". "Колер каханьня" цалкам адыходзіць ад камэдыйнага рэваншу вёскі. Гэта падкрэсьлена гарадзкая гісторыя.

Такая гісторыя заснаваная на гарадзкім фальклёры, кроў і плоць якога — жоўтыя газэты, пагалоскі, плёткі, цыркавыя прадстаўленьні і крымінальны крадзеж дзявочых шапак, а дадатковы культурны фон — прычасаны панскі фальварак (праўда, захоплены "новым беларусам"-п’яўказаводчыкам).

Пляткаркі на ганку — не вясковыя бабы, а высокаадукаваныя пані, якія з годнасьцю вярзуць ахінею. Апэратар надзвычай трапна скарыстаў захаваныя старыя куточкі Менску: амаль непазнавальнае Траецкае прадмесьце, ратуша і Лошыца сталіся удалай сыравінай для вобразаў мясьцін XIX ст. А вытанчаны фаэтон пазычылі ў Дудутках.

Са зьяўленьнем "Колеру каханьня" ў беларускай эксцэнтрыцы канчаткова адбыўся каперніканскі пераварот. Замест абавязковага лайна — жоўтая прэса, замест мудрага тутэйшага селяніна, "прыроднага", ад зямлі (і замкнёнага на гэтай зямлі!) — легкадумны дурань-авантурнік без каранёў і адкрытая да ўсяго гарадзкая шматкультурнасьць.

Эксцэнтрыка-рамантычная, нястрымная і ашаламляльная, камэдыя Аляксандра Канановіча "Колер каханьня", паказаная на Дзень сьвятога Валянціна, — ёсьць сапраўднай сьмехавой бомбай. Шкада што караценькая, усяго 20 хвілінаў.

Хочацца глядзець яшчэ. І радавацца, што зьявілася ў нас такое кіно.

Усе фільмы

АЛЯКСАНДАР КАНАНОВІЧ: Я ВЕДАЮ, У ЧЫМ БЕЛАРУСКІ КАЙФ

У Маскве думалі: прыехаў бедны студэнт зь Беларусі, шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ у пяць разоў большы за іхні. Аляксандар Канановіч адказвае на пытаньні "Нашай нівы".

— Як так здарылася, Аляксандар, што вы сталі кінарэжысэрам?

— Я вучыўся ў пэдагагічным унівэрсытэце — і мы хадзілі натоўпам да сябра, Славы Добіна, глядзець кіно. Глядзелі і глядзелі — а потым падумалі: рэжысэрам… прыкольна… А са мной на курсе вучыўся Амар Гайдук, сын дакумэнталіста Станіслава Гайдука. Ён і кажа: "А цяпер Пташук курс набірае…" Я пайшоў на падрыхтоўчы, паступіў потым… Чаму, што, як — кіно глядзелі.

— І як да кінакамэдыі дайшлі?

— Дзякуючы Пташуку. Ён нас дакладна скіраваў на жанравае кіно. Глядзеў, да чаго мы схільныя. Ад "таркоўшчыны" рукі адбіў адразу. Як ён казаў — "экран пакажа". Нават калі яшчэ толькі думаеш пра кіно, калі сцэнару няма, трэба помніць: будзе экран і будзе глядач у залі. Для гледача здымаць.

Я трапіў пад раздачу камэдыі…

— "Колер каханьня" — двайны дэбют: ваш і выпускніка расейскага Інстытуту кінэматаграфіі Аляксея Арсенцьева. Гэта зьвязана зь фінансаваньнем ад расейскага інстытуту?

— Была забаўная сытуацыя, калі я там быў. На мяне глядзелі, думаючы: маўляў, прыехаў бедны студэнт зь Беларусі, шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ у пяць разоў большы за іхні.

У нас не рыхтавалі кінаапэратараў. Я спытаў у знаёмай дзяўчынкі, якая паступіла ў Інстытут кінэматаграфіі ў Расеі, пра кінаапэратараў-выпускнікоў. Папрасіў адабраць найлепшых. Найлепшым быў Аляксей. А паколькі ў самім расейскім інстытуце бракавала апэратараў, а Аляксей зьехаў на мой фільм, то некалькі іхніх студэнтаў засталіся без дыплёмных работ.

— Ваш фільм — гэта нястрыманая эксцэнтрыка, рамантычная буфанада. А як наконт сацыяльных момантаў?

— Хацелася дадаць у фільм "сацыялкі". Але ж… дваццаці хвілін вельмі мала. Калі б сорак хвілін ці хаця б паўгадзіны, каб растлумачыць, што адбываецца… Закладзена нешта яшчэ ў сцэне — глядач не рэагуе, хаця я ведаю, што павінен: проста не пасьпявае, таму што няма дадатковага часу для асэнсаваньня, высокая насычанасьць падзеямі. Дарэчы, у поўным сцэнары сацыяльны момант быў — адносіны Беларусі й Расеі. Мы вельмі моцна скандэнсавалі фільм.

— І эксцэнтрыка…

— Я не здымаю эксцэнтрыкі. Эксцэнтрыка — гэта гэгі, гэта Гайдай. Я не валодаю гэгамі. Наша эксцэнтрыка вымушаная — праз спрэсаваньне. Паглядзіце самі — у фільме амаль кожная сцэна пачынаецца зь дзеяньня. Гэта ненармальна: мусіць быць завязка, разьвіцьцё, кульмінацыя, разьвязка — а мы завязкі выкінулі. Калі б быў поўны мэтраж, то гэта была б трагікамэдыя. Гэта ж ня проста так — чалавек зялёны, блакітны, гэта ўсё вобразы.

— А наколькі вы абапіраліся на беларускія традыцыі, на клясычныя камэдыі "Хто сьмяецца апошнім", "Паўлінка"?

— Гэта ж старыя творы, а цяпер пануе постмадэрнізм, зьмешваньне ўсяго з усім.

— Як вам працавалася зь Лявонам Вольскім?

— Вельмі лёгка., нечакана лёгка. Яны прыходзілі на запіс — і ставілі мяне перад фактам той музыкі, якую яны граюць. А мы ўжо разьбіраліся, куды гэтую музыку ставіць. Зь Лявонам мы размаўлялі, куды гэта паставіць, — ён глядзеў матэрыял, казаў: так і так; прыходзіў да нас на мантажныя прагляды — я яму расказваў, дзе, што, як. Мэта — выклікаць у гледача пэўны стан. Музыка, тэкст, відэа — усё павінна працаваць на гледача. І Лявон усё зрабіў на 300 адсоткаў.

— Складваецца адчуваньне, што вы бераце "клясычную" расейскую ідылію — і падрываеце яе знутры, "па-партызанску", неўтаймоўнай беларускай эксцэнтрыкай…

— Я б не сказаў, што гэта партызанскія моманты. Мы ж на скрыжаваньні Азіі і Эўропы.

— Але ж мы ў Эўропе…

— У любым выпадку на скрыжаваньні — за што я люблю краіну. Я жыву тут. Наша краіна — мэдыюм паміж Усходам і Захадам. І ў гэтым наш кайф.

— Ёсьць сьмех розны: сьмех злы, сьмех выкрывальніцкі, сьмех зьнішчальны, сьмех добры. А які ваш сьмех?

— Я за ўсьмешку. Давайце ўсьміхацца ўсе разам. Сьмех ня злы — давайце проста ўсьміхацца. Мая звышмэта, каб глядач, сыходзячы, усьміхаўся.

Гутарыў Андрэй Расінскі. Надрукавана ў “Нашай ніве” 2005-08

Усе рэжысэры

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?