Гэта ў Эўропе Дзень Сьвятога Валянціна — сьвята ўсіх закаханых. У Беларусі 14 лютага — гэта пачатак палітычнай «вясны», своеасаблівы разагрэў перад 25-м сакавіка.
Традыцыю сьвяткаваць Валянцінаў Дзень у нашай краіне запачаткаваў 10 год таму «Малады Фронт». Сёлета касьцюмаванае шэсьце МФ было хоць і не шматлікім, затое відовішчным. З традыцыйным лёзунгам «Беларусь — у Эўропу», а таксама з набалелым за апошні год — «Свабоду палітвязьням!», каля сотні маладзёнаў абыйшлі з віншаваньнямі амбасады краінаў Эўразьвязу.







Не абыйшлося без правакацыяў — на плошчы Перамогі міліцыянты ўчынілі бойку.

А гэта акцыя Моладзі БНФ на плошчы Якуба Коласа. Як і старэйшыя таварышчы з дэмакратчнай кааліцыі, маладыя апазіцыянэры ня могуць паразумецца паміж сабой, таму сьвяткуюць усё кожная арганізацыя паасобку.

Малады чалавек, апрануты ў сэрца з надпісам «Я люблю Беларусь», прабыў па плошчы лічаныя хвіліны. Тут жа зьявіліся ахоўнікі правапарадку, сэрца сьцягнулі і загрузілі яго ў салон міліцэйскай машыны.

«Віноўніка сьвята», а таксама ягонага таварышча, адвезьлі ў пастарунак, адкуль неўзабаве выпусьцілі.
Каментары