Зь ініцыятывы МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» распачата грамадзянская кампанія супраць будаўніцтва на беларускай зямлі храма‑помніка ў гонар расейскага палкаводца Аляксандра Суворава.

Ацэнка дзеяньняў расейскага палкаводца А.Суворава на беларускай зямлі адназначная: менавіта пад яго кіраўніцтвам надзвычай жорстка падаўляліся вызвольныя паўстаньні канца XVIII ст., зьдзяйсьняліся злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Сувораў на штыках прынёс прыгоннае права на тэрыторыю Беларусі. МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» выступае супраць узьвядзеньня храма‑помніка, які ў вачах беларусаў стане сымбалем апраўданьня кровапраліцьця ў інтарэсах захаваньня імпэрскай улады.

Да кампаніі, распачатай «Бацькаўшчынай», ужо далучыліся грамадзкія аб'яднаньні «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» і «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»

20 лютага ад імя трох названых аб'яднаньняў накіраваны адкрыты ліст да Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта, а таксама звароты да прэм’ер‑міністра Рэспублікі Беларусь Сідорскага С.С., Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Гулякі Л.П., да старшыняў Берасьцейскай абласной і Кобрынскай гарадзкой выканаўчай улады і да саветаў дэпутатаў з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва храма‑помніка ў гонар забойцы беларусаў.

ЗБС "Бацькаўшчына"

***

Адкрыты ліст Яго Правялебнасці Патрыяршаму Экзарху Беларусі Мітрапаліту Філарэту з нагоды праекта пабудовы ў г. Кобрыне храма-помніка ў гонар Аляксандра Суворава.

Паважаны Уладыка, нядаўна з сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Алексій ІІ даў блаславенне фонду «За сохранение духовного наследия» аказаць дапамогу праекту ўзвядзення ў беларускім горадзе Кобрыне «храма-помніка ў гонар вялікага расійскага палкаводца Суворава». Сярод ініцыятараў праекта называецца «група праваслаўных вернікаў г. Кобрына», мяркуемыя сродкі рэалізацыі – бюджэтныя і небюджэтныя, ахвяраванні насельніцтва, прадпрымальнікаў і да т.п. У далейшым плануецца «создание Суворовского духовного, военно-исторического и туристического комплекса международного уровня… аналогов которого нет даже в России».

Паважаны Уладыка, Вы – мудры і высокаадукаваны іерарх, чалавек, які карыстаецца павагай сярод беларускага грамадства, які асабіста шмат зрабіў для забеспячэння рэлігійнай талеранцыі на Беларусі, які заўсёды падтрымліваў рэалізацыю культурна-гістарычных праектаў, арыентаваных на захаванне духоўнай спадчыны і хрысціянскіх традыцый беларускай нацыі. Таму звяртаемся з просьбай яшчэ раз асэнсаваць згаданую падзею.

Сувораў. Касцюшка. Кобрын. Беларусь. Судакрананне гэтых паняццяў якраз і складае ў дадзеным выпадку сутнасць праблемы захавання гістарычнай памяці беларускага народа ў канкрэтным месцы і ў канкрэтны час.

Хто такі Сувораў і што такое для Беларусі пашырэння ўганаравання яго памяці?!

Узгадаем.

1769 год. Брыгадзір Суздальскага пяхотнага палка Сувораў «усмиряет возмутительные сборища» барскіх канфедэратаў, якія выступаюць супраць узвядзення на трон караля Рэчы Паспалітай расійскага стаўленіка.

1771 год. Заслугаю генерал-маёра Суворава стала тое, што пад беларускім мястэчкам Сталовічы яго падначаленыя «порубили и потоптали» ваяроў гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Агінскага.

1794 год. Пад кіраўніцтвам Суворава расійскае войска падаўляе вызвольнае паўстанне нашых суайчыннікаў на чале з Тадэвушам Касцюшкам.

Такім чынам, дзеянні Суворава на беларускай зямлі былі карнымі аперацыямі, падчас якіх знішчалася нацыянальная эліта, гінула мірнае насельніцтва Беларусі.

Больш таго, дзякуючы вайсковым братазабойчым перамогам Суворава, у 1772 г. быў здзейснены першы падзел нашай тагачаснай дзяржавы Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй, а ў 1795 г. мы на доўгія 123 гады страцілі незалежнасць і суверэнітэт сваёй Айчыны, якая знікла з палітычнай карты Еўропы.

За свае перамогі Сувораў атрымаў ад Кацярыны ІІ ордэн Аляксандра Неўскага, брыльянтавую зорку і Кобрынскі маёнтак з 14 тысячамі прыгонных сялян – «у вечную спадчыну».

А што атрымаў нацыянальны герой ЗША, Францыі, Польшчы і Беларусі, беларускі шляхціц па паходжанні – Тадэвуш Касцюшка? Засценкі сумнавядомай Петрапаўласкай крэпасці і жыццё на выгнанні.

Дык чыю памяць павінны ўшаноўваць беларусы?! Ці адновім мы гістарычную справядлівасць, калі ўзвядзём «храм-помнік», які ў вачах беларусаў станецца сімвалам апраўдання кровапраліцця ў інтарэсах захавання імперскай улады і «грамадскага парадку»? Больш за тое, гэта сімвал братазабойчай славянскай вайны, бо калі прытрымлівацца голай праўды – на чале з Суворавым рускія забівалі палякаў, украінцаў, літоўцаў і беларусаў.

Якое ўвогуле дачыненне мае Сувораў да праваслаўя, каб яму будаваць храм? Якія цуды і ахвяры ён рабіў у імя Хрыста і праваслаўя? Ніякіх. Ён праславіў сябе якраз масавымі забойствамі праваслаўных (і беларусаў, і рускіх).

Гэта – храм на крыві!

Між іншым, праблема «Сувораў і Беларусь» значна больш шырэйшая і складаная, чым падаецца на першы погляд. Яе вырашэнне тым ці іншым чынам стварае прэцэдэнт. Бо гісторыі вядомы цэлы шэраг гістарычных асоб, што, як і Сувораў, удзельнічалі на беларускай зямлі ў вялікадзяржаўных інтарэсах былых Расійскай і савецкай (СССР) імперый насуперак інтарэсам карэннай нацыі. Вядомае гісторыі і ідэалагічнае калабаранцкае абгрунтаванне такой дзейнасці – так званая палітыка «заходнерусізма».

Кацярына ІІ, Мікалай І, Мураўёў-вешальнік, Сталін, Свярдлоў, Кнорын, Валадарскі, Мяснікоў, Цанава... Пералік гэтых адыёзных і неадназначных у дачыненні да беларускай гісторыі дзеячаў можна доўжыць і доўжыць.

І вось тут, падаецца, з боку пэўных колаў кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) і яе беларускага Экзархату назіраецца палітыка падвойных стандартаў. З аднаго боку, па-зверску забітыя бальшавікамі самадзержац Мікалай ІІ і ягоныя сямейнікі аб’яўлены святымі мучаннікамі, з другога – адраджаецца бальшавіцкая сувораўская ідэалагема (толькі на Беларусі за савецкім часам імя Суворава насілі Мінская вайсковая вучэльня, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, 60 вуліц, 20 калгасаў). Ці не стане наступным крокам абагаўленне царквою таго ж «правадыра» Сталіна, дзякуючы якому перад Другой сусветнай вайною засталіся на Беларусі толькі два дзейныя храмы ў Оршы і Мазыры? Тым самым Мазыры, у крыпце сённяшняга Свята-Міхайлаўскага храма якога чэкісты некалі расстрэльвалі і закопвалі сотні сваіх нявінных ахвяр, у тым ліку святароў. І таго самага Сталіна, помнікі і барэльефы якога зараз зноў з’яўляюцца на нашых абшарах клопатам сённяшняй свецкай улады.

Паважаны Уладыка, лічым, што царква пэўным чынам уведзена ў зман тымі коламі, якія, прыкрываючыся высокімі фразамі пра інтэрнацыяналізм і славянскае брацтва, фактычна праводзяць палітыку вынішчэння беларушчыны і кашчунна здзекваюцца з нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці беларускага народа. З-за Суворава некалі беларуская дзяржава была пераўтворана ў звычайную губерню паўночна-заходняга краю Расіі. Апошнія палітычныя тэндэнцыі ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь сведчаць, што некаму зноў захацелася звесці Беларусь да статусу расійскіх губерняў. Не ўдасца.

І таму нам, беларусам, не патрэбны ні старыя, ні новыя Суворавы.

Мы як беларусы не маем нічога супраць помнікаў Сувораву і храмаў у яго гонар у Расіі, для якой ён – адлюстраванне расійскага гонару і вайсковай славы. Рабіць жа гэта на Беларусі – тое самае, што Расіі на Куліковым полі ўганараваць не Дзмітрыя Данскога і Сергія Раданежскага, а хана Тахтамыша, які спаліў Маскву.

Паважаны Уладыка, моцным бокам праваслаўнай царквы заўсёды была кансерватыўнасць у пазітыўным сэнсе гэтага слова. Заўсёды царква была мудрым Настаўнікам для сваіх вернікаў. Просім Вас не рабіць паспешлівых, непрадуманых крокаў пры вырашэнні дадзенай праблемы, не гуляць пачуццямі простых вернікаў, якія ў масе сваёй з-за доўгіх гадоў дэнацыяналізацыі не заўсёды дасведчаны ў гістарычных рэаліях.

Вось чаму, каб Беларуская праваслаўная царква не страчвала маральны аўтарытэт беларускага грамадства, настойліва просім кіраўніцтва Беларускага Экзархату адмовіцца ад падтрымкі так званага «Сувораўскага праекту».

Аляксей Марачкін, кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15

Алег Трусаў, старшыня Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Алесь Пашкевіч, старшыня Грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» г. Мінск, вул. Фрунзе, 5

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0