Да праблемаў беларускае нацыянальнае айканіміі. Піша Паўліна Калтовіч. З пошты Рэдакцыі.

Оксфард перакладаецца з ангельскай як «Бычыны брод». Нашыя беларускія назвы таксама могуць распавесьці ня толькі аб нашай гісторыі, але і пра родную мову. Пра ейныя асаблівасьці й пераўвасабленьні, правілы артаграфіі й выключэньні зь іх. Канечне, большасьць назваў была зрусіфікаваная падчас саветаў альбо палянізаваная яшчэ перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Ці, яшчэ лепей, спачатку — палянізаваная, а наверх яшчэ й русіфікаваная! Толькі ў народзе яшчэ можна пачуць старажытныя назвы. Не даюць мне супакою назвы савецкія: «Леніна», «Дзяржынск», «Чырвоны сьцяг», «Маскоўская», «Савецкая», «Чырвонаармейская», «Кастрычніцкая», «Партызанскі»й г.д. «Маскоўскіх» у Менску ажно дзьве: вуліца й станцыя мэтро. А з прычыны таго, што знаходзяцца яны ў розных бакох сталіцы, няма нічога дзіўнага, што ўзьнікае блытаніна.

Дарэчы, я не згаджаюся з тым, што расейскамоўныя назвы абавязкова трэба пакідаць безь перакладу. Як гэта будзе гучаць па‑беларуску? «Акцябрская», «Краснагвардзейская», «Зара камунізма». Атрымліваецца нейкая трасянка, што рэжа слых.

Уявіце сабе: Красны Акцябр. Еду ў Красны Акцябр. Вандрую па Краснаму Акцябру. А што датычыць назваў накшталт «Возрождение», то нават спрэчкі быць ня можа. На калядных паштоўках у Белсаюздруку штогод бачыш, як псуюць тваю мілую мову: «З Раджаством!», «З Ражджаством!», «З Раждаством!», «З Раством!» (гэта сама ўдалы варыянт). Замест таго, каб напісаць па‑беларуску: «З Божым Нараджэньнем!» альбо «З Калядамі!». Таму катэгарычна пратэстую супраць «Вазражджэньня» й усіх падобных зьдзекаў з мовы! Няхай такія назвы стаюцца больш беларускімі. Напрыклад, «Адраджэньне». Блізка па сэнсу, адмоўных рэакцыяў не выклікае.

Іншая справа — «Леніна», «Савецкая». Гэтыя назвы трэба мяняць на гістарычныя. Вёска Леніна ў Горацкім раёне Магілёўскае вобласьці павінна звацца, як раней, — Раманава; праспэкт Скарыны мусіць застацца праспэктам Скарыны. Відавочна, шкоднае зьмяненьне гістарычных назваў працягваецца дагэтуль.

Мая сяброўка зь вёскі Ліпнішкі Іўеўскага раёну Гарадзенскае вобласьці ня ведае, на якой вуліцы яна жыве. Бо паводле адных дакумэнтаў вуліца завецца Зарэчная, паводле іншых — Садовая.

Дабраліся й да Ліпнішкаў (а можа, да Ліпнішак?). ‑ішкі — тыпова літоўскі суфікс. На тэрыторыі Заходняе Беларусі сустракаецца даволі часта: Юрацішкі, Васілішкі, Міхалішкі, Вярцелішкі, Кямелішкі, Такарышкі, Нястанішкі, Урцішкі, Канвелішкі, Палецкішкі, Жодзішкі, Салтанішкі. Такія сама назвы вельмі распаўсюджаныя ў Літве: Эйшышкі, Сантарышкі, Лукішкі, Рудзішкі, Грыгішкі, Баль Берышкі, Гяльгаўдзішкі, Купішкі, Длявянішкі. Засталіся яны й на сучаснай тэрыторыі Польшчы: Шыплішкі, Тракішкі. Так, уплыў літоўскае мовы даволі адчувальны. Гэта толькі адзін зь вялікае колькасьці прыкладаў, якія можна прывесьці. Літоўскага паходжаньня назвы Ашмяны, Смургоні, Тракелі (у перакладзе — «маленькія Трокі», г. зн. мястэчка пад Вільняй). Ёсьць у нас недалёка ад Ліды Жырмуны (такую сама назву носіць адзін з раёнаў Вільні), Бакшты (па‑літоўску «вежа»). Мястэчка Гудагай наогул мае цікавую назву: «гуд» паходзіць ад «гот», што ўказвае на гоцкае паходжаньне беларусаў (па‑літоўску Gudija — Беларусь); «гай» — запазычанае слова зь беларускае мовы. Вось і атрымаўся «гай гота», «гай беларуса». З гэтых прыкладаў можна зрабіць наступную выснову:

— па‑першае, жыхары суседніх тэрыторыяў мелі ўсталяваныя кантакты (аб тым яскрава сьведчыць, напрыклад, назва беларускай вёскі Літоўцы. Зусім зразумела, што назвалі яе так таму, што жылі ў ёй нашыя браты‑балты. І дагэтуль ёсьць на Гарадзеншчыне вёскі‑выспачкі, дзе людзі размаўляюць па‑літоўску й уважаюць сябе за літоўцаў);

— па‑другое, беларуская мяжа зьмянялася.

На беларускія геаграфічныя назвы, якія разглядаем на прыкладзе айконімаў, паўплывала ня толькі літоўская мова, але й польская. Напрыклад, Ружаны й Пружаны: характэрны для польскае мовы зьбег зычных (Пшэмысьль); Крулеўшчына (у іншых крыніцах — Крулеўшчызна): характэрнае для польскае мовы «зьяданьне» каранёвых галосных, польская літара «ó», якая ў іншых склонах можа пераходзіць у звыклае беларусам «о», чытаецца як «у». Вулька‑Аброўская па‑беларуску гучала б як «Аброўская Вулька», таму бяз спрэчкі можна сказаць, што перастаноўка прыметніка па‑за назоўнік мае польскае паходжаньне (Міньск Мазавецкі, Бельск Падляскі).

Нарэшце, засталося адзначыць шкодны ўплыў русіфікацыі. Тэрыторыя Заходняе Беларусі знаходзілася пад уладай саветаў карацейшы пэрыяд у параўнаньні з Цэнтральнай Беларусьсю й асабліва з Усходняй. Аднак і ў гэтым рэгіёне нават за адносна малы прамежак часу шмат былых назваў было страчана. Таксама ўжыўся ў мову й «расейскі варыянт маўленьня й напісаньня» — то бок, зьмена ненаціскных «а» на «о», «я» на «е», «дз» на «д» «ы» пасьля «ч» на «і» й г.д. Напрыклад, Дрогичин, Трокели, Мядель. Таксама замяняліся беларускія суфіксы ‑оў (‑ёў), ‑аў, ‑ін (‑ын) на расейскія ‑ово (‑ёво), ‑аво, ‑іно (‑ыно). Нават па‑беларуску назвы з гэтымі суфіксамі гучаць так: Атоліна, Юр’ева, Параф’янава. Засталіся й цалкам расейскія назвы: Деревня, Городок, Ивье. Гэтаму можна супаставіць назвы традыцыйна беларускія — напрыклад, Шклоў. Па‑расейску пішуць Шклов, і ніхто не перакладае як «Стеклов» альбо «Стеклово».

Зь цягам часу назвы мясцовасьцяў зьмяняюцца. Нічога тут ня зробіш — такі ўжо лёс. Аднак вельмі хочацца, каб новыя назвы былі дадзеныя на сваёй роднай мове, паводле ейных правілаў, паказвалі ейныя асаблівасьці, мелі пэўны сэнс і несьлі нейкую інфармацыю, а таксама як мага радзей паўтараліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?