Меркаванні33

Мінулі часы савецкія, мінуць і гэтыя

Усё‑такі Беларускае радыё — гэта пакуль яшчэ асяродак беларускай культуры, прапагандыст і пашыральнік мовы. Водгук на артыкул Янкі Саламевіча «Мова Беларускага радыё» з № 8.

Усё‑такі Беларускае радыё — гэта пакуль яшчэ асяродак беларускай культуры, прапагандыст і пашыральнік мовы. Водгук на артыкул Янкі Саламевіча «Мова Беларускага радыё» з № 8.

Такая «крытыка», як у гэтым артыкуле і некаторых камэнтарах да яго, — гэта, я б сказаў, ня крытыка, а паклёп. Што праўда, паклёп, відаць, не наўмысны — а проста аўтару так «баліць» праблема, што ён ня ў стане глядзець на рэчы аб’ектыўна. Яму здаецца, што ўсё дрэнна. Такі сындром цяпер, на жаль, уласьцівы вельмі многім прадстаўнікам апазыцыйнай часткі грамадзтва.

Адносна радыё — канечне, няма таго, што раньш было, мінулі блаславёныя савецкія часы, калі была такая дыктарская (савецкая, між іншым, а не абы‑якая) школа, калі ўсё так вывяралася, вычытвалася перад этэрам, літаратурны кантроль быў будзь здароў. Праўда, і тады хапала матэрыялу для крытыкі (якую можна было ўбачыць у друку) на прадмет культуры мовы і на адрас радыё, і на адрас нашых акадэмічных драматычных тэатраў, і яшчэ на іншыя адрасы. Што ж, цудоўная ілюстрацыя таго, што, з аднаго боку, людзі ніколі не бываюць задаволеныя тым, што маюць, а з другога — што ніколі ў жыцьці не бывае ідэалу. Нашым таварышам фанатыкам і ідэалістам на ніве адраджэньня варта было б гэта ўлічыць.

Дык вось, мінулі тыя часы, пра якія настальгічна ўспамінае Янка Саламевіч. Але вы не перажывайце — мінуць і гэтыя. Мінуць часы, калі ў нас ёсьць аж тры праграмы радыё, якія працуюць пераважна на беларускай мове, прычым адна зь іх штодня й штоночы, а гэта дае ў выніку найбольшы за ўсю гісторыю суткавы аб’ём беларускамоўнага вяшчаньня. Не параўнаць, дарэчы, з савецкімі часамі, калі і адной праграмы паўнацэннай не было (дакладней, былі дзьве, але «непаўнацэнныя», г.зн. там ішлі ня толькі беларускія перадачы). Мінуць часы, калі Беларускае радыё зьяўляецца найбуйнейшым, найбольш масавым і заадно фактычна адзіным беларускамоўным электронным СМІ.

Гэтыя часы мінуць, але вось калі, і колькі тады будзе праграм Беларускага радыё, і на якой мове яны будуць вяшчаць — гэтага я не ведаю. Але заракацца ня стаў бы ні ад чога.

Успамінаецца, як у дзевяностыя гады такія ж «добразычліўцы», як Янка Саламевіч, гэтак жа сама «аналізавалі» мову Беларускага тэлебачаньня. Маўляў, фу, якая дрэнная мова, як няўмела гавораць карэспандэнты і вядоўцы, адразу відаць, што не ад душы, а па прымусе… немагчыма слухаць, калі ж гэта ўсё скончыцца?! Скончылася. Цяпер на Беларускім тэлебачаньні ўсе карэспандэнты і вядоўцы гавораць «ад душы», нязмушана і натуральна. Мабыць, і расейская мова ў іх не зусім ужо такая правільная, але ж затое русісты іх за гэта не крытыкуюць і не мяшаюць з гразёй.

Ня ведаю, як каму, а я б не адмовіўся цяпер ад БТ і з той «недасканалай» мовай… і ад таго, каб, скажам, Інга Хрушчова выступала ў этэры па‑беларуску так, як яна тады выступала, хай сабе ў яе і былі пэўныя праблемы з асыміляцыйным памякчэньнем зычных…

Характэрна, што ў матэрыяле Я.Саламевіча практычна адсутнічае канкрэтыка. Не прыведзена ніводнай назвы перадачы, у якой аўтар пачуў тыя ці іншыя памылкі, няма спроб прааналізаваць маўленьне канкрэтных супрацоўнікаў радыё, супаставіць, у каго лепш, у каго горш (толькі невядомага мне Віктара Бабея аўтар пахваліў, хоць і даволі няўцямна). Аж увогуле ўзьнікае пытаньне, наколькі часта і пільна аўтар слухае Беларускае радыё, каб з такой безапэляцыйнасьцю ганьбіць яго. Бо інакш чаго б ён пытаўся: дзе канцэрты па заяўках, дзе «Тэатар перад мікрафонам»? Канцэрты па заяўках, да ведама аўтара, кожны дзень а 20.10 на Першым нацыянальным канале (хоць і дзіўна, чаму аўтар так перажывае за канцэрты па заяўках? Там жа акурат «папсу», якую замаўляюць слухачы, і круцяць), а «Тэатар перад мікрафонам» — вось ён, ня так даўно пачаўся, цяпер ідзе на канале «Культура». Перадаюць спэктакль «І змоўклі птушкі» паводле Івана Шамякіна. А ў суботы бывае «Музычны радыётэатар», дзе перадаюць опэры і апэрэты. Перадаюць і канцэрты, і казкі для дзяцей, і спэктаклі з удзелам Б.Платонава. Вядома ж, ня кожны дзень і не пастаянна — за праграмай сачыць трэба ;).

Ясна, канкрэтыка і не патрэбная, калі хочаш расказаць, як у нас усё дрэнна. Бо ўсё — яно і ёсьць усё. Можна проста заявіць: «Там суцэльная непісьменнасьць!»

Але вось асабіста мне чамусьці ўдаецца пачуць пісьменную мову на радыё. Няхай не заўсёды і не ад усіх ідэальную. Але ж ёсьць. Працуюць яшчэ дыктары старой школы Святлана Шушакова (гэта ўвогуле практычна ўзор) і Маргарыта Захарыя (праўда, на сучасным радыё, на жаль, дыктарам мала даюць работы). Прыемна слухаць адносна «новых» вядоўцаў Антона Васюкевіча (адзін зь вядоўцаў «Радыёфакту», цяпер дырэктар інфармацыйнай службы) і Ўладзімера Трапянка (у асноўным працуе на канале «Культура»), Максіма Ўгляніцу. Маўленьне, напрыклад, Юрыя Зайцава, з аднаго боку, як бы і не ўзорна‑паказальнае, але і істотных хібаў у ім няма — нават праславутае асыміляцыйнае памякчэньне зычных прысутнічае. Ёсьць і нямала іншых супрацоўнікаў, мову якіх можна характарызаваць хутчэй са знакам «плюс», чым са знакам «мінус».

Ёсьць, вядома, і памылкі, і парушэньні літаратурных нормаў (хоць і не ў такой прапорцыі, як гэта можа падацца пасьля прачытаньня Саламевічавага артыкулу). І крытыкаваць работнікаў радыё за гэта можна і трэба, але ж ня так, як гэта робяць падобныя да Я.Саламевіча «добразычліўцы»‑фанатыкі. А па‑добраму. Усё‑такі Беларускае радыё, як бы там ні было, — гэта пакуль яшчэ асяродак беларускай культуры, прапагандыст і пашыральнік беларускай мовы. І людзі, якія працуюць там, — няхай яны не такія апантаныя нацыянальна свядомыя беларусы, як хацелася б многім аўтарам і чытачам «Нашай Нівы», — але ўсё‑такі шмат хто зь іх прыхільна і неабыякава ставіцца да гэтай культуры і да гэтай мовы. Калі б было ня так, дык не было б у нас беларускамоўнага радыё і тых іншых астраўкоў беларускасьці, якія ёсьць у нашай дзяржаве. У тым ліку і беларускамоўных аб’яў у дынаміках аўтобуса №18 і іншых аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў.

І я лічу, што нават з чыста псыхалягічнага пункту гледжаньня намнога важней пахваліць людзей за тое добрае, што яны робяць для беларускай мовы, чым тыцкаць ім у вочы памылкі. І я ўдзячны Беларускаму радыё за многія рэчы, якія на ім ёсьць, а памылкі… Адны памылкі пройдуць, а другія зьявяцца — што зробіш, людзям у прынцыпе ўласьціва рабіць памылкі.

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Усе навіны →
Усе навіны

Журналісты атрымалі доступ да сакрэтных планаў расійскіх ядзерных вайсковых баз3

Трамп прапанаваў Канадзе доступ да абароны пад «Залатым купалам». Пры адной умове5

Грошы для былога палітвязня Андрэя Чапюка сабралі менш чым за паўсутак

У Германіі адмяняюць нядаўна ўведзеную магчымасць «экспрэс-натуралізацыі»

«Муж быў супраць таго, каб Анжаліка сустракалася з дзецьмі з іншым мужчынам». Аўтар расследавання пра Мельнікаву падзяліўся некаторымі дэталямі5

Мерц паабяцаў дапамагчы Украіне з распрацоўкай уласнай дальнабойнай зброі1

«Вінны 500 рублёў». Беларус вырашыў захоўваць зберажэнні ў еўра, але трапіў у невідавочную пастку1

Фатограф-агент Мішчук расказаў сваю версію таго, што адбылося12

У Мінску здаецца пасутачна кватэра, у якой няма дзвярэй у прыбіральню. З канапы адкрываецца від і на тэлевізар, і на ўнітаз

больш чытаных навін
больш лайканых навін

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць