poster

Каралева (The Queen)

Вялікбрытанія – Францыя – Італія, 2006, каляровы, 97 хв.

Рэжысэр: Стывэн Фрырз

Ролі выконваюць: Хелен Мірэн, Майкл Шын, Джэймс Кромўэл, Сільвія Сімс, Алекс Джэнінгс, Хелен МакГроры, Роджэр Алам

Жанр: Біяграфічная драма

Адзнака: 7,5 (з 10)

Прызы кінафэсту ў Вэнэцыі, прызы «Оскар», прэмія «Гоя» – усяго 45 ўзнагародаў і 40 намінацый.

Пасьля сьмерці прынцэсы Дыяны ангельская каралева ўвозіць сям’ю ў Шатляндыю. Прэса абвінавачвае каралеву ў бессардэчнасьці – і патрабуе публічнай жалобы па былой нявестцы. Але Элізабэта ІІ стаіць за непахіснасьць традыцый і стрыманасьць прыватнага гора. Прэм’ер‑міністар Тоні Блэр, які атрымаў ашаламляльную перамогу на выбарах, упрошвае каралеву ўшанаваць памяць па «народнай прынцэсе».

У карціне Стывэна Фрырза – дзьве каралевы. «Каралева людзкіх сэрцаў» – прынцэса Дыяна, якая не сыходзіць з экранаў, па якой плачуць, якую любяць і якую жадаюць. Гэта мэдыйная гераіня, зорка скандалаў, парушальніца Букінгемскага этыкету – і цалкам віртуальная фікцыя, прадстаўленая рэжысэрам праз дакумэнтальныя кадры.

Ейная ўлада – гэта ўлада мэдыяў, штучная галівудзкая казка для месьцічаў і масавая гістэрыка, парастыражаваная бульварнымі газэтамі.

Каралева Элізабэта – гэта найстарэйшая тысячагадовая манархія, этыкет, традыцыя, абавязак, стрыманасьць, падціснутыя губы й царская постаць.

Актрыса Хелен Мірэн робіць немагчымае: яна ўвасабляе саму існасьць «боскай памазанасьці» на валадарства. Жэсты, позірк, словы: каралева на паляваньні, каралева за сьняданкам, каралева праглядае газэты.

Каралева, як сымбаль і як штодзённае служэньне народу – якое не патрабуе моды й мэдыйнага шуму.

Але часы зьмяніліся. Мэдыйнае – значыць, уладнае.

Прыгожага аленя на паляваньні заб’е фінансіст. Падвешанае цела магутнай жывёлы станецца знакам царскага ганьбаваньня.

Дэмагагічныя крыкі падабаюцца натоўпам, Тоні Блэр (актор Майкл Шын) пнецца краіну мадэрнізаваць, а ягоная жонка (Хелен МакГроры) – сьмяецца з манархіі. Парвэню з Даўнінг‑стрыт крэмзае каралеўскую прамову – і каралева зачытвае праўлены тэкст.

«У мяне ёсьць выбар?» – каралевы сёньня царуюць, а не кіруюць; каралеўская ўлада – складаныя «сымбалічныя» абавязкі без аніякіх правоў.

Але гэтая віртуальная ўлада настолькі пераканаўчая, што прымушае падданых схіліць галаву, а гледачоў – наладзіць авацыю.

Сэансы ў менскім «Доме кіно» ў чацьвер, 15 сакавіка а 21.20, 16‑18 сакавіка а 19.00.

Таксама на экранах — «Выспа», «Бабілён», «Ганібал: Узыходжаньне», «Прывідны гоншчык», «Мёртвыя дачкі», «Кроў і шакалад», «Любоў‑морква».

У фармаце «4х4» «Хрыбет д’ябла», «Спачуваньне спадарыні Помсьце», «Як малыя дзеці», «Крывавы дыямант».

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?