Жаўнеры самастойнага беларускага атраду літоўскага войска (1919). Многія зь іх папоўняць сабою партызанскія аддзелы.

У зборніку друкуюцца дакумэнты пра супрацьдзеяньне польскай дзяржавы беларускай дывэрсійнай дзейнасьці ў 1920—1925 г. Гэта афіцыйныя польскія дакумэнты, таму карціна атрымліваецца аднабаковай, хоць публікатар і абумовіў падобны выбар у назьве кнігі. Каб выйсьці з замкнёнага кола вайсковых рапартаў, Войцех Сьляшыньскі зрабіў пашыраныя аўтарскія ўводзіны.

Аўтар адразу адзначае: «ідэя будовы незалежнай беларускай дзяржавы ўвайшла ў канфлікт з нацыянальнымі польскімі памкненьнямі на крэсах». Фэдэралісцкія пляны пабудовы дзяржавы меў Юзаф Пілсудзкі, але польская крэсовая супольнасьць не лічыла мэтазгодным дзяліцца атрыманымі пазыцыямі зь іншымі нацыянальнасьцямі. Як вынік, польскаму боку бракавала пасьлядоўных плянавых учынкаў.

Беларусамі новыя дзяржаўныя структуры ўспрымаліся як акупацыйныя, а вайсковыя рэквізыцыі і злоўжываньні 1919—1920 г. вялі да ўзьнікненьня ў сялянства настальгіі па стабільнасьці «добрых царскіх часоў» ды спрыялі пралітоўскай, а асабліва прабальшавіцкай прапагандзе. Беларускія дзеячы, у сваю чаргу, не жадалі адмаўляцца ад ідэі незалежнай дзяржавы.

У канцы 1919 — пач. 1920 г. на заходнебеларускіх абшарах узьнікла левая беларуская партызанка, генэратарам якой былі эсэры. З канца 1920 г. саюзьнікам беларускага руху стала Літва, улады якой актыўна пратэставалі супраць заняцьця палякамі Віленшчыны. Колы, згрупаваныя вакол БНРаўскага ўраду Ластоўскага, пачалі супрацоўнічаць з ковенскім урадам, што таксама знайшло падтрымку нямецкага боку, занепакоенага паўставаньнем новай польскай дзяржавы. Ластоўскі атрымаў на сваю дзейнасьць пазыку ў 40 млн марак. Задачай была арганізацыя ўзброеных сіл, гатовых дзейнічаць з пачаткам польска-літоўскай вайны. Між тым дывэрсійныя беларускія аддзелы на Беласточчыне і Гарадзеншчыне зьдзяйсьнялі напады на пастарункі паліцыі, лясьніцтвы, іншыя адміністрацыйныя ўстановы, сядзібы польскіх землеўладальнікаў. У ноч на 28 красавіка 1922 г. аддзел пад кіраўніцтвам Яна Грыцука («Чорта») увайшоў у Кляшчэлі. Былі забітыя два паліцыянты, уладальнік мясцовай рэстарацыі, ягоная матка. Гэты выпадак шырока асьвятляўся ў беластоцкай прэсе.

Увесну 1923 г. у рапарце ІІ аддзелу Генштабу Польшчы пісалася: «Дывэрсійныя акцыі, што праводзяцца Ковенскай Літвой, датуюцца ад восені 1921 г. У гэтым акрэсе часу ўрадам Ластоўскага, пры моцнай падтрымцы ковенскага ўраду, былі арганізаваны рэгулярныя беларускія аддзелы, а таксама паўсталі незалежныя банды беларускіх партызанаў, сфармаваных пераважна з уцекачоў зь Віленшчыны і Гарадзеншчыны... У студзені 1922 г. у Мерэчы быў арганізаваныя штаб беларускіх паўстанцкіх аддзелаў, а вясною таго ж году паўстанцкі штаб стварыў на памежжы і на Гарадзеншчыне сетку дывэрсійную і выведную, арганізаваў цэлы шэраг дывэрсійных нападаў (падрывы мастоў, разборку шпалаў, спаленьне запасаў скарбавага дрэва, падпаленьне ўрадавых лясоў)...»

Толькі ў Палескай акрузе дзейнічалі наступныя беларускія аддзелы: у Косаўскім павеце — Асіповіча, у Берасьцейскім павеце — Васілюка і Коршына, у Драгічынскім павеце — Левановіча, у ваколіцах Століна — Стаховіча. Легендарным на Віленшчыне і ў Заходнім Палесьсі стаў аддзел пад камандаю Мухі (Міхальскага) — былога вахмістра царскай арміі, які арганізаваў вакол сябе баяздольную каманду авантурыстаў, у тым ліку і крымінальнікаў. Сам Муха ў аповедах мясцовых жыхароў быў адначасова бандытам і героем; распавядалася, што агняпальную зброю ён ужываў толькі ў выключных выпадках.

Вось як выглядаў напад дывэрсійнай групы паводле вайсковага рапарту: «Дня 19.ХІ.1923 г. а 19.00 гадзіне напалі на двор Быхаўшчына, гміны Ланьскай [Нясьвіскі павет. — А.Дз.] 8 бандытаў, узброеных карабінамі і рэвальвэрамі, і на працягу 2—3 гадзінаў дашчэнту абрабавалі ўладальніка... Бандыты карысталіся беларускай гаворкай і дасканала ведалі мясцовую сытуацыю, узброеныя былі аднастайна. Удаліліся ў паўночна-ўсходнім кірунку ў бок мяжы».

Беларускі ўрад сьцьвярджаў, што ў кансьпірацыі напагатове знаходзяцца каля 12 тыс. чалавек, падрыхтаваных да ўзброенага выступу ў выпадку загаду. Сярод гэтых людзей найбольшую групу складалі сяляне. Толькі частка сьвядома змагалася за незалежную Беларусь, прыход многіх у дывэрсійныя аддзелы, адзначае Войцех Сьляшыньскі, быў рэакцыяй на гвалт польскіх жаўнераў, паліцыянтаў, чыноўнікаў. У такой сытуацыі значная частка беларускай інтэлігенцыі трактавала новую Польшчу як варожае дзяржаўнае ўтварэньне. У 1922 г. пачала дзейнічаць таксама беларуская прасавецкая партызанка. Арганізатарамі яе баявых аддзелаў у канцы 1921 г. сталі латыш Генрых Янсэн і былы царскі палкоўнік расеец Шаткоў.

15 сакавіка 1923 г. Рада амбасадараў Лігі Нацый прызнала дэмаркацыйную лінію між Польшчай і Літвой дзяржаўнай мяжой. Ня маючы міжнароднай падтрымкі ў тэрытарыяльнай спрэчцы, Літва пачала адмаўляцца ад палітыкі дэстабілізацыі ў Польшчы пры дапамозе беларускіх дывэрсійных аддзелаў. Вясною 1923 г. Ластоўскі страціў функцыі прэм’ера, а ручаіна літоўска-нямецкай дапамогі стала засыхаць. Ініцыятыву перанялі Саветы. Важная роля тут адводзілася КПЗБ. Фінансавая і кадравая дапамога, а таксама зброя рэгулярна паступалі зь Менску, але галоўны штаб па кіраўніцтве дывэрсійнай дзейнасьцю знаходзіўся ў Замежным аддзеле АГПУ ў Маскве.

Найбольш значнай акцыяй, якая прымусіла ўрад Польшчы зьвярнуцца да пытаньня кантролю над паўночна-ўсходнімі крэсамі, быў захоп Стоўпцаў. А 2.30 ночы 4 жніўня 1924 г. аддзел у 100 чалавек увайшоў у павятовы горад і атакаваў дзяржаўныя ўстановы. Апэрацыя была праведзена бліскуча — перад нападам адключана сувязь, перакрыты пад’язныя шляхі. Пасьля нападу асноўная частка ўдзельнікаў пераправілася за савецкую мяжу. Кіраваў апэрацыяй Кірыла Арлоўскі, той самы Муха-Міхальскі. Той Арлоўскі, які пасьля ІІ сусьветнай на сваёй радзіме ў Кіраўскім раёне, карыстаючыся дзяржаўнымі прэфэрэнцыямі, створыць узорную шматгаліновую савецкую гаспадарку — калгас «Рассвет».

Выразны спад дывэрсійнай камуністычнай дзейнасьці наступіў пад канец 1925 і на пачатку 1926 г., і было гэта зьвязана са зьменаю палітыкі ў Савецкім Саюзе — Сталін канчаткова замацаваўся ва ўладзе ды адкінуў канцэпцыю неадкладнага экспарту камунізму на Захад. Падрыхтоўка беларускага паўстаньня ў Польшчы страціла для Крамля былую актуальнасьць. Прагучала крытыка на адрас КПЗБ за празьмернае ўздыманьне нацыянальнага пытаньня. Але ня ўсе беларускія дывэрсійныя аддзелы жадалі распускацца. Адносна іх савецкія ўлады вымушаны былі выкарыстоўваць сілу. У жніўні 1925 г. пад Койданава ГПУ інсьпіравала ўзброены канфлікт паміж падпольнымі групамі, што прывяло да іхняй самаліквідацыі.

Беларускія палітыкі ў ХХ ст. ніколі не вызначаліся пераборлівасьцю. Хоць праўда, што дзейнічаць ім прыходзілася ў паранаідальных умовах — у сытуацыі паміж вынішчэньнем ды акупацыяй. Імкненьне ж дзеля дасягненьня нацыянальных мэтаў пайсьці на саюз зь любой палітычнай сілай пераўтварала беларускіх актывістаў у марыянэтак варожых да іх структураў.

Усё ж кніжка В.Сьляшыньскага прысьвечана не беларускаму руху, а барацьбе дзяржаўных інстытуцый супраць беларускіх дывэрсантаў. Апроч выкарыстаньня побач з паліцэйскімі адзінкамі таксама рэгулярных вайсковых частак быў зьдзейсьнены цэлы шэраг адміністрацыйных захадаў. У рэгіёне пачалі дзейнічаць надзвычайныя суды са спрошчанай працэдурай вынясеньня суровых выракаў. Наваградзкі і Палескі цывільныя ваяводы былі пазбаўлены сваіх пасадаў, а іх месцы занялі кадравыя генэралы. Як вельмі эфэктыўным ацэньваецца стварэньне новай вайсковай фармацыі — Корпусу памежнай аховы. Але, як паўтарае В.Сьляшыньскі, галоўнай прычынай спаду беларускай дывэрсійнай дзейнасьці стала зьмена стратэгіі Крамля. Савецкая падтрымка беларускіх аддзелаў у Заходняй Беларусі ўжо не была мэтанакіраванай, што дазволіла польскім службам бясьпекі весьці супраць іх пасьпяховую барацьбу. Правакацыі бальшавікоў толькі спрыялі пагрому беларускіх актывістаў.

У кніжцы дасьледчыка зь Беластоку беларускія і польскія чытачы могуць знайсьці многа сэнсацыйных дэталяў і фактаў. Усё ж трэба прызнаць: для кнігі быў абраны няслушны тэматычны фармат. Бачыце, якія пашыраныя тлумачэньні давялося мне зрабіць, каб толькі падвесьці да праблематыкі. Публікуючы дакумэнты, выяўленыя ў архівах Беластоку, Варшавы, Горадні і Берасьця, В.Сьляшыньскі таксама мусіў зрабіць вялікі па памерах уступны тэкст, бо самі гэтыя дакумэнты ў сваёй пераможнай рэляцыі ды інтанацыйнай грэблівасьці да Ковенскай Літвы і савецкай Расеі як бы завісаюць без гістарычнага кантэксту. Кніга «Барацьба дзяржаўных інстытуцый...» уяўляецца як арганічная частка больш маштабнай працы па гісторыі беларускага руху і палітычнай сытуацыі на паўночна-ўсходніх крэсах. Ці адважыцца на гэту працу аўтар?

І яшчэ адна заўвага, ад якой немагчыма ўстрымацца. Гісторыку, у тым ліку і польскаму, які займаецца беларускай праблематыкай, не пазьбегнуць вывучэньня беларускай мовы. Толькі з-за памылак у трансьлітарацыі назваў беларускіх кніжак я б не напісаў гэтай неарыгінальнай фразы. Але заўважныя некаторыя крокі аўтара, што выклікаюць зьдзіўленьне беларускага рэцэнзэнта. Так, кніжка заканчваецца двума рэзюмэ — на ангельскай і расейскай мовах. Беларускае рэзюмэ ў кніжцы пра беларускіх дывэрсантаў адсутнічае, а кніжка рабілася ў Беластоку, дзе дастаткова беларускамоўных прафэсійных асяродкаў. Расейскі тэкст багаты на граматычныя і сынтаксычныя памылкі. Ангельскі ў гэтым сэнсе больш дакладны. Але паўсюль сур’ёзныя праблемы зь перадачаю тапонімаў. Населеныя пункты, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, у ангельскім тэксце настойліва падаюцца аўтарам у польскім напісаньні (Glębokie — Глыбокае, Stołpce — Стоўпцы), у расейскім тэксьце зроблена фанэтычная трансьлітарацыя таксама з польскай мовы. На прыкладзе кнігі, што анатуецца, можна сьцьвярджаць: сёньня валоданьне беларускай мовай — гэта ужо не прыкмета палітычных сымпатыяў, а сьведчаньне кваліфікацыі.

Śleszyński, Wojciech. Walka institucji państwowych z bialoruską działalnoscią dywersyjną 1920—1925. — Białystok, 2005.

[Сьляшыньскі, Войцех. Барацьба дзяржаўных інстытуцый зь беларускай дывэрсійнай дзейнасьцю ў 1920—1925 гг.]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?