Беларускае палітычнае сеціва — гэта інтэрнэт зь пятлёй на шыі. У нас, канешне, не Іран і не Кітай. Трохі дазваляюць дыхаць нават крамольным з гледзішча ўлады рэсурсам. Але зацягнуць пятлю могуць як двойчы два.

На Дзень Волі ўсё ў гэтым сэнсе выглядала ўжо да болю знаёма.

Паводле дзіўнага супадзеньня менавіта ў дні палітычнай напружанасьці і менавіта тыя сайты, што лічацца наверсе апазыцыйнымі, становяцца недаступнымі айчыннаму карыстальніку.

Пачалося з выбараў-2001. "Наша ніва" назвала гэта першай кібэрвайной. Потым — ну зразумела ж, зусім выпадкова :) — аналягічнымі "тэхнічнымі збоямі" суправаджаліся рэфэрэндум 2004 году і леташнія выбары. А вось каб на Дзень Волі — дык гэта, здаецца, упершыню. Так што ў апазыцыі ёсьць маленькая падстава для гонару: усё ж узьнялі градус!

Сёньня я тэлефанаваў у групу інфармацыі і камунікацыяў "Белтэлекаму". Глухі нумар. Як партызаны на допыце :)

Карацей, ніякіх канцоў. Вонкава такія прэцэдэнты выглядаюць сапраўды як тэхнічныя праблемы. Гэта ж не газэты, белыя плямы ў якіх становяцца і цёмнымі плямамі на нечай рэпутацыі.

"Зь інтэрнэтам у нас прасьцей разабрацца чыста тэхнічна, чым, напрыклад, на заканадаўчым узроўні", — пракамэнтаваў адзін мэтар айчыннага сеціва, зь якім мы дамовіліся пра ананімнасьць. Ён жа дадаў, што нават калі б не існавала манаполіі "Белтэлекаму", блякаваньне непажаданых рэсурсаў усё адно не ўяўляла б у нашай краіне вялікай праблемы.

Сапраўды, галоўнае, што гэта можна рабіць шыта-крыта. Нібыта і сакрэт Палішынэля, але ж ніхто за руку ня злоўлены.

Гэта на Захадзе, дзе ўсё ў дзяржаве, уключна зь дзейнасьцю спэцслужбаў, прасьвечваецца рэнтгенам грамадзкага кантролю, адразу б распачаўся грандыёзны скандал! А ў нас...

Хіба што воўк у лесе здохне, калі з гэтае нагоды пачне біць у званы, напрыклад, парлямэнцкая камісія ў пытаньнях мэдыяў. У нас незалежная журналісцкая супольнасьць не дапросіцца ў Палаце хоць адным вокам зірнуць на які-небудзь чарговы законапраект зь імавернымі пасткамі для СМІ. Зараз, напрыклад, такая гісторыя з праектам "Аб інфармацыі...".

Ну а для апазыцыйных штабоў, рэшты трэцяга сэктару (дый прагрэсыўнага Захаду таксама!) адносна нячастае кропкавае блякаваньне нашага сеціва выглядае, бадай, ня самай надзённай праблемай. А дарэмна. Варта было б бамбаваць інстанцыі. Гэта ж ня толькі адсяканьне альтэрнатыўнай інфармацыі, надзвычай важнай для падтрымкі тых самых апазыцыйных сілаў, але і замах на правы чалавека. Нагадаю: нават у перапісанай беларускай канстытуцыі застаюцца гарантыя вольнага выказваньня сваіх думак ды права на атрыманьне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі (во якая казка братоў Грым!).

Канешне, тое, што за мяжой даведваюцца пра кожны гуз на дэманстрацыі, таксама ня лішняя рэч, але хай бы ведалі і пра тое, як цярпяць крыўду неўпадабаныя рэсурсы ў нашай віртуальнай прасторы. Калі ўжо ставіць перад уладамі пытаньне аб свабодзе мэдыяў, дык па поўнай праграме.

У рэшце рэштаў, калі абстрагавацца ад палітыкі, дык ёсьць жа элемэнтарныя правы спажыўца. Сёньня на форуме убачыў толькі адзін допіс такога кшталту: калі мы плоцім за інтэрнэт грошы (прычым шалёныя па эўрапейскіх мерках!), то трэба скандаліць і дамагацца якасьці паслугаў. А ўявеце сытуацыю, калі правайдэра закідваюць гарою пазоваў, сфармуляваных пры дапамозе кваліфікаваных юрыстаў. Мо' тады там бы таксама трохі пачухаліся.

Канешне, прасунутыя юзэры скажуць, што для іх абысьці перашкоды як двойчы два. Але, па-першае, ня ўсе такія прасунутыя. Па-другое, незалежныя палітычныя сайты, як заўжды, спазьніліся з вывешваньнем інструкцыяў пра розныя там ананімайзэры (загадзя, загадзя трэба!). І нарэшце, чаго гэта нас напружваюць, а не наадварот? :)

Карацей, варта змагацца ўсімі мэтадамі, пакуль тую пятлю не зацягнулі яшчэ тужэй. Апошняга ж кіслароду могуць пазбавіць нашу сеціўную грамаду!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?