«Апошнія гады часта задаюся пытаньнем: што такое свабода?» У нашай мове «задавацца» гэта прыблізна тое, што ў расейскай «гордиться». Правільна ў вас у тым самым нумары: «Аднак у Менску ніхто не задаваў такіх пытаньняў».
«…начальству, якое спавядае толькі адзін прынцып…» Спавядаюць грэшніка (чалавека), а прынцыпаў прытрымліваюцца (або парушаюць) бяз споведзі.
«А беларускую мову вучаць расейцы й бураты». Вучаць вучняў, студэнтаў, а мову вывучаюць. У вас пераклад непісьменнага расейскага. У вас жа ёсьць і: «У віленскіх тралейбусах вучаць мовам» (тут жа людзей вучаць, а ня мову)
«У 1982 паступае ў Рыскую духоўную сэмінарыю, сканчае ў 1987». Дзеяслоў «скончыць» закончанага трываньня, таму ён ня мае формы цяперашняга часу, як і «кончыць». А вось «канчаць» — мае: я канчаю, ён канчае. «Закончыць» таксама ня мае цяперашняга часу, а «заканчваць» — мае: заканчвае. Вось і выбірайце: канчае, заканчвае. Тут няма ні складанасьці, ні ідэйнай падкладкі.




Кажаце, імёны не перакладаюцца. З аднаго боку, так, а з другога — усё залежыць ад агульнапрынятай практыкі. Так, пры перакладзе з блізкароднасных моў часцей за ўсё выкарыстоўваецца не прамая перадача арыгінальнага імені, а выбар формы, уласцівай той мове, на якую перакладаем. Таму расійскі савецкі пісьменнік Николай Носов па-беларуску будзе Мікалай Носаў, а па-ўкраінску — Микола Носов. Григорий Явлинский і ўсе астатнія Григории па-беларуску стануць Рыгорамі, і нічога ў гэтым дзіўнага няма, а імя Грыгорый ужываецца толькі ў дачыненні да колішняга рымскага папы (у чый гонар названы каляндар) і да яго падобных гістарычных асоб.
Пры адваротным перакладзе — свая спецыфіка. Большасць Рыгораў, Мікалаяў і Яўгенаў стануць Григориями, Николаями и Евгениями, але, скажам, Рыгор Барадулін застанецца Рыгором Бородулиным. Тое самае з некаторымі іншымі пісьменніцкімі ўласнымі імёнамі і псеўданімамі. Зрэшты, той самы Рыгор Бородулин у іншым кантэксце, менш "кніжным" і "літаратурным", лёгка становіцца, скажам, Григорием Ивановичем.
Словам, не ўсё так проста з гэтымі імёнамі.
я бачу ў гэтым толькі комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці, які дарэчы ўласьцівы ня толькі беларусам. літоўцам, напрыклад, таксама. яны нават далей ідуць. прозьвішчы таксама літуанізуюць.
таму я прапаную выбраць адзін варыянт. і ён - лягічна - наступны. калі ты Мікалай - то і Мико(а)лай, а калі Николай, то і Нікалай.
для С.П.
па-першае вы ня маеце рацыі. такое імя ёсьць. па-другое, нават калі б яго не было. як Василь, напрыклад. я не кажу, што такое імя ёсьць у расейскай мове. я пра трансьлітэрацыю беларускага імя ў расейскую.
« "Евгений", "Яўгеній" і "Яўген" — гэта адно і тое ж імя» -- сьцьверджаньне памылковае! Гэта -- РОЗНЫЯ імёны.
Насамрэч, кожнае „імя“, як сваеасаблівы цэтлік-назоў рэчы, як назоў чалавека, як ягонае пазначэньне для спасылкі пры камунікацыях зь іншымі людзьмі -- іншае. Чалавек можа мець і мае мноства імёнаў: „Пеця“, „Пятрусь“, „ластаўка“, „мой мядзьведзік“, ... І ўвесь гэты шэраг назоваў-імёнаў тычыцца аднаго чалавека, але кожнае зь іх -- іншае. Адно (!) зь іх мае адрозны ад іншых статус: „пашпартнае імя“, тое, што запісанае ў пашпарту.
Ня трэба блытацца ў наступным: ёсьць так, што ў пэўнай сацыяльным грамадзе так склалася, што калі ў чалавека ёсьць нейкае імя, да прыкладу, Адам, то, хутчэй за ўсё, у яго будуць (будуць зьвязвацца з гэтым чалавекам) і ІНШЫЯ імёны: Адась, Адук, Адамчык, Адзік, Адаш,... Але -- не абавязкова. Ці можна, да прыкладу, сказаць, што маскальскамоўныя імёны Александр, Саша, Шура -- гэта АДНО І ТОЕ імя? Ды не! Гэта ТРЫ розных імя, але калі чалавек мае адно зь іх, то ён звычайна мае і астатнія два. Ці вось прыклад: мая знаёмая па пашпарте ЗІНАІДА, але ўсё сябры-знаёмыя з даўніх-даўніх часоў мянуюць яе толькі МАРЫНАЮ. Дык што, гэта АДНО імя?
Карацей, кожнае імя -- адрознае ад іншых. Алесь і Аляксандр -- розныя імёны. Хаця і звычайна існуюць ПОБАЧ, але НЕ ТОЕСНЫЯ.
Тое-ж тычыцца і спробаў гэтак званых „перакладаў“ імёнаў. Калі гэтую ідэю прыняць -- то атрымліваецца, што Ян=Іван=Джон=Ганс=... І што, John Smith, які прыедзе ў Беларусь, мусіць у гатэлю сябе пісаць як Ян Каваль??? Бязглузьдзіца!
Гэта агульнапрынята: ІМЁНЫ УЛАСНЫЯ НЕ ПЕРАКЛАДАЮЦЦА. А спасылкі на „традыцыі“ маюць дрэнны пах. Што тычыцца перакручваньня беларускіх імёнаў на маскальскі капыл -- вушы бачныя простым вокам: сьцерцы нацыянальныя прыкметы. Вядома-ж, што ўсіх грамадзянаў Расейскай імпэрыі, незалежна ад іх нацыянальнасьці, маскалі пнуцца залічваць у „русскіе“. Да прыкладу, нядаўна ў ВИКИПЕДИИ быў артыкул пра ГРУЗІНА Багратыёна, дзе напісана: „великий русский полководец“ (не „российский“!).
Афіцыйнае (пашпартнае) імя у чалавека АДНО! І пры перадачы яго пісьмова сродкамі любой іншай мовы імя мусіць быць запісана так, каб ягонае гучаньне (фанэтыка) перадавалася найбольш дакладна. А не перакручваць яго „згодна з моўнымі традыцыямі“. Забылі, як нашага Вітаўта летувісы перакруцілі на „Вітаўтаса“?
Рэч у тым, што аўтар артыкула, які заклікае да чысціні мовы, сам робіць памылкі. Так, у апошняй прапанове ён ужывае слова "заканчваць" як быццам сістэмнае, беларускае. Але ж гэта НЕ-беларуская форма дзеяслова, гэта зрусіфікаваная падмена для рускага слова "оканчивать"! Па-беларуску будзе "закончваць", "скончваць", "канчаць", а не "заканчваць", "сканчваць"... Вось тут можна паглядзець, што кажа на гэты конт майстра беларускага нармавання Павел Сцяцко: http://booxter.wordpress.com/мовазнаўства/унутрыдзеяслоўнае-ўтварэнне-дзеясло/
Раю аўтарам, якія бяруцца вучыць іншых правільнай адмене беларускай мовы дакладна спраўджваць кожную сваю параду, бо мова не жыве ўласным жыццём і часта словы, прамоўленыя з пазіцыі "эксперта", не аналізуюцца беларускай супольнасцю крытычна. Неахайныя парады і навука толькі шкодзіць.
І тым больш гэтак неахайна пісаць нельга чалавеку з імем "І.Крамко", калі гэта сапраўды той досыць знаны ў пэўных колах філолаг...