Розгалас, выкліканы Днём Волі, у тым ліку і абмеркаваньне майго папярэдняга артыкулу, прымушае вярнуцца да тэмы.

Адзін з крытычных матываў такі: маўляў, толькі зусім наіўныя юнакі, пажыцьцёвыя няўдачнікі або скончаныя дагматыкі могуць зьбірацца пад штандарам цяперашняй тытульнай апазыцыі, якая даўно ўжо вычхалася.

Закіды на адрас арганізатараў шэсьця вынесем за дужкі. Канешне, можна і лепей, я і сам пра гэта разважаў у блогу.

Але зараз гаворка пра іншае. Вось якая простая і важная рэч: многія выходзяць не таму, што ёсьць адэптамі сп.сп.Вячоркі ці Мілінкевіча. Хаця тых, хто бярэ на сябе адказнасьць за акцыю, варта паважаць як мінімум за асабістую мужнасьць. Я далёка ня ўпэўнены, што ва ўсіх крытыкаў — гэтай якасьці з каптуром :)

Вось кажуць яшчэ: пугай абуха не пераб'еш, усё адно ніякай рэвалюцыі ня будзе!

Але ці варта ацэньваць Дзень Волі ды іншыя акцыі толькі з гледзішча палітычных тэхналёгіяў? Рэзанёры такога кшталту, здаецца, не дапускаюць простай рэчы — што кімсьці можа рухаць элемэнтарнае пачуцьцё самапавагі ды ўласнай годнасьці.

Дарэчы, калі відно, што нейкі дэмакратычны правадыр разглядае людзей найперш як рэсурс палітычнае барацьбы, як матар'ял для лепкі паводле сваёй ідэалёгіі, — гэта таксама выклікае ўнутраны супраціў. Бо чалавек — мера усіх рэчаў. І любая зьмена ўлады — не самамэта, а толькі шанец стварыць лепшыя магчымасьці дзеля разьняволеньня асобы.

Дык вось, і сёньня ў нашых суграмадзянаў — надзвычай розная ступень унутранай свабоды. Ёсьць тыя, хто ціха радуецца самазахавальнаму эфэкту жалезнага прынцыпу "не высоўвацца". І ёсьць тыя, хто з той ці іншай ступеньню посьпеху імкнецца, паводле клясыка, па кроплі выціскаць з сябе раба. Ім гэта важна, разумееце — не халуйнічаць, не маўчаць у анучку, калі хамства пнецца ўсім пазатыкаць раты.

Не пра тое гаворка, каб браць за ўзор камікадзэ. Але жыць трэба тут і цяпер. У значнай ступені можна пачувацца ўнутрана вольным і пры дыктатуры. Выбудоўваць для сябе абсяг асабістае свабоды. (І хто паспрабуе, нават зьдзівіцца, якое гэта прасторнае вымярэньне нават пры "рэжыме":)

Між тым крот гісторыі капае неўпрыкмет. І калі ва ўсё большай колькасьці людзей пашыраецца абсяг унутранай свабоды, то высьпяваюць перадумовы і для разьняволеньня грамадзтва.

Карацей, для многіх (а бадай і для бальшыні) Дзень Волі — гэта не прысяга нейкім правадырам. Гэта, можа, нават ня столькі палітычны, колькі маральны, духоўны выбар.

…Камусьці проста важна будзе сказаць унуку: а ведаеш, хлопча, пад гэтым сьцягам мы хадзілі па галоўным праспэкце і пры дыктатуры!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?