31 сакавіка, а 22:30 у Вільні памёр пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Аляксей Анішчык (псэўданім Андрэй Чэмер). Ён быў апошнім прадстаўніком міжваеннай беларускай інтэлігенцыі ў гэтым горадзе.

Аляксей Анішчык нарадзіўся 19 ліпеня 1912 г. на Наваградчыне. У 1930‑х скончыў эканамічны факультэт Пазнанскага унівэрсытэту. У верасьнёвай кампаніі 1939 г. у складзе Польскага войска бараніў Варшаву ад нацыстаў. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, а ў 1944 г. рэдагаваў наваградзкую газэту «За праўду». Быў удзельнікам ІІ Усебеларускага Кангрэса, дзе рэзка выступіў "супраць усіх акупантаў Беларусі".

Улетку 1944 г. падаўся на чужыну, жыў у Польшчы. У 1948 г. быў арыштаваны, дэпартаваны ў СССР і асуджаны да расстрэлу «за супрацоўніцтва зь немцамі». У тым годзе сьмяротную кару адмянілі і расстрэл «літасьціва» замянілі 25 гадамі лягероў. Вызваліўся ў 1962 г.

Вярнуўся на Наваградчыну, а потым пераехаў у Літву. Жыў у Літве, браў удзел у беларускім грамадзкім жыцьці, аўтар некалькіх кніг: «Наваградзкая беларуская гімназія», «Сяргей Хмара» і г.д. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Як паведаміла нам Людміла Вітушка, паховіны Аляксея Анішчыка адбудуцца ў аўторак, 3 красавіка, на праваслаўных Сьвята‑Еўфрасіньнеўскіх могілках, або Былінах, як іх называюць віленчукі. Ён будзе спачываць побач з настаўнікам былой Віленскай беларускай гімназіі Даніловічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?