Балахонаў завітаў у Менск усяго на некалькі гадзінаў, каб запісаць начную чытанку для радыё «Свабода». Зь цяжкасьцю, але ўдалося яго вылавіць для інтэрвію. Летась ягоны раман «Імя грушы» добра прашумеў у літаратурных колах. Сёлета ягоны прыватны сайт заняў другое месца ў Нацыянальным конкурсе кантэнт‑праектаў. Чым жа яшчэ жыве гомельскі літаратар і настаўнік Сяргей Балахонаў?

«Пасьля менскай прэзэнтацыі ў мяне наступіла прасьвятленьне»

«Наша Ніва»: Чаму ў Менску ты такі рэдкі госьць?
Сяргей Балахонаў: Ня склаліся неяк у мяне адносіны з нашай сталіцай. Не люблю Менску. У Мінску па‑сьвінску, як казалі раней. Прырос да Гомелю. Увогуле, я чалавек не вандроўны, нават на кароткую паездку досыць цяжка наважыцца. Калі ў войску служыў, то думаў, што паезьдзіўшы па краіне, будзе троху лягчэй, але не атрымалася. І пасьля войска зноў вярнуўся да аселага жыцьця. За год усяго пару разоў выяжджаю з Гомелю. Ніколі не было спакусы перабрацца ў сталіцу. Некаторыя людзі спрабавалі мяне выцягнуць у Менск, але ў іх гэта не атрымалася.

«НН»: Летась у цябе была прэзэнтацыя кнігі ў Менску, як цябе ўспрыняла сталічная публіка?
СБ: Мне спадабалася, як успрыняла. Рыхтуючы прэзэнтацыю, едучы ў Менск, я меў шмат фобіяў. Баяўся, што ня будзе энэргетычнай аддачы. Пасьля гэтай прэзэнтацыі наступіла нейкае прасьвятленьне.

«Мне непрынцыпова, ці постмадэрніст я»

«НН»:У цябе ёсьць нейкая свая чытацкая аўдыторыя, адрозная ад іншых беларускіх пісьменьнікаў?
СБ: Магчыма, што гэта інтэрнэт‑аўдыторыя, тыя людзі, якія вядуць у Інтэрнэце ЖЖ. Посьпех той жа прэзэнтацыі якраз і быў зьвязаны найперш з маёй прысутнасьцю ў сеціве. Па вялікім рахунку — гэта была ня толькі прэзэнтацыя кнігі «Імя грушы», але і масавая «разьвіртуалізацыя». Шмат, хто хацеў пераканацца, што Балахонаў — гэта ня толькі нейкі віртуал, інтэрнэт‑прывід, але і рэальны чалавек. І вось я прыехаў, сьпеў пра Ўладзімерскі цэнтрал, пра мядзьведзеў. Я трымаю ў Інтэрнэце тры сайты — гэта пэрсанальны сайт маёй творчасьці — «Тэзэй беларускага постмадэрнізму», сайт раману «Імя грушы», а таксама livejournal. Часам, праўда, бывае, лянота рабіць абнаўленьня кантэнту сайту, але цяпер, прынамсі, на «Тэзэі», абнаўленьні пастаянныя.

«НН»: Чаму «Тэзэй»?
СБ: Гэта Даніла Жукоўскі прыдумаў, а ня я. У адным са сваіх дасьледваньняў сучаснай літаратурнай сытуацыі ў Беларусі, Даніла Жукоўскі адзін з разьдзелаў назваў «Тэзэй», маючы на ўвазе мяне. Ён хацеў неяк пакпіць зь мяне, але я сказаў дзякуй і ўзяў сабе такое найменьне. Лепшай назвы прыдумаць было немагчыма. Увогуле, у тым, што сёньня я называю сябе постмадэрністам вінаваты той жа Жукоўскі і рэдакцыя часопісу «ARCHE», яны так сказалі, а я і павёўся, калі апомніўся, то было позна. Імідж сапраўды склаўся і працаваць ужо даводзіцца на яго. Я рэдкі беларускі пісьменьнік, які публічна называе сябе постмадэрністам. Хаця гэта часам стамляе. Цяпер для мяне ўжо, мабыць, непрынцыпова, ці постмадэрніст я, ці не.

«У наш век шмат спакусаў»

«НН»: У цябе ёсьць жаданьне зарабляць грошы выключна літаратурай?
СБ: Хацелася б, але, як мне падаецца, у Беларусі гэта немагчыма. Я ня ўпэўнены, што калі б той жа Пялевін жыў у Беларусі і пісаў тыя ж раманы, толькі па‑беларуску, дык ці меў бы ён посьпех. Пытаньне яшчэ ў тым ці змог бы я зарабляць на жыцьцё літаратурай. Сядзець і кляпаць гэтыя раманы. Хаця, калі б ведаў, што за гэта буду атрымліваць добрыя грошы, то можа б і натхненьне было б. Не каштаваў гэтага хлеба — ня знаю. Зараз, па вялікаму рахунку, я пішу выключна дзеля спартовага інтарэсу. Сёньня цяжка адціснуцца ад падлогі — ня буду пісаць, а калі б зарабляў, то прыйшлося б пісаць.

«НН»: У тым, што беларускіх аўтараў ня хочуць чытаць вінаваты рэжым?
СБ: Не. Сумняюся, што нават калі б гэтая ўлада сёньня раптоўна ляснулася, то людзі пачалі б масава вывучаць беларускую мову і літаратуру. У савецкі час нашмат меншымі былі інфармацыйныя патокі, таму людзі масава чыталі кніжкі. Цяпер жа для паспалітага чалавека занадта шмат спакусаў (Інтэрнэт, музыка, кіно) і, як правіла, усе гэтыя спакусы расейскамоўныя. Добра, калі я заходжу ў дыскарню і сярод усяго гэтага багацьця, што там прадаецца, знайду парачку беларускіх дыскаў.

«У мяне няма беларускамоўнага асяродзьдзя»

«НН»: Ты вядзеш ЖЖ у Інтэрнэце, бо табе не хапае беларускамоўных зносінаў у рэале?
СБ: У мяне іх няма ўвогуле. Раней у Гомелі была беларускамоўная тусоўка, якая была завязаная на суполцы «Талакі», мы зьбіралі шточацьвер, размаўлялі, чыталі свае творы, пілі піва. Недзе ў 2004 годзе гэта ўсё раптоўна прапала. Якраз у гэты час у мяне зьявілася магчымасьць сталага выхаду ў Інтэрнэт, пасьля нарадзіўся блог, яшчэ пазьней сайт. Калі пачынаў весьці ЖЖ, то думаў, што гэта кароткачасовая забаўка. Але цяпер я не ўяўляю свайго жыцьця бяз гэтай прыдумкі амэрыканскіх імпэрыялістаў. Гэта спосаб выплеснуць сваю энэргію. Калі б мне сказалі пра такое годзе ў 1999‑м, то я б ніколі не паверыў бы. Кантактаваньне зь беларускамоўнымі людзьмі ў блозе, калі не замяняе, дык кампэнсуе рэальныя зносіны. Раней я адчуваў нейкі дыскамфорт, што няма з кім перакінуцца парачкай словаў па‑беларуску, цяпер больш спакойна адношуся да гэтага. Спрабую менш нэрвова адносіцца да нашай рэальнасьці. Тое ж з нашымі афіцыйнымі сьвятамі. Тыя ж 23 лютага ці 8 сакавіка падаваліся верхам маразму, цяпер — не. Ня выключана, што я паціху ператвараюся ў нейкага «гома саветыкуса».

«НН»: Ты стварыў сабе ў Інтэрнэце нейкі вобраз адрозны ад рэальнага Балахонава?
СБ: Як мне здаецца, то не. Хіба што ў сеціве я бываю больш шчырым, чым у рэальным жыцьці, дзе я больш скрытны. Аднак скажу, што там я нічога адмыслова не ствараў, проста так атрымалася. Некаторыя мне кажуць, што ў беларускім Інтэрнэце я стаў нейкім сэкс‑сымбалем. Можна лічыць сябе такім, але толку. Сэкс‑сымбалі, напэўна, ня езьдзяць на працу ў школу на тралейбусах.

«Не даюць спакою ляўры Вівэга»

«НН»: На твой погляд увогуле ці магчыма стаць пасьпяховым беларускім пісьменьнікам, ведучы такі досыць шэры лад жыцьця?
СБ: А хто такі пасьпяховы беларускі пісьменьнік? Якое жыцьцё мусіць быць у пісьменьніка? Прыйшоў кудысьці, набіў некаму морду? Пасьля «Наша Ніва» піша, што Балахонаў набіў некаму морду. Гэта і ёсьць багатае на падзеі жыцьцё? Магчыма, недзе ў сьвеце так і ёсьць, але ў нас па‑іншаму. У нас жа «раёнкі» пішуць не пра пісьменьнікаў, а перадрукоўваюць календары вялікіх расейскіх палкаводцаў. Хаця, мяркуючы па маім сёньняшнім паходзе па кнігарнях, то, бясспрэчна, літаратурны працэс ідзе. Шмат выходзіць беларускіх кніжак, прычым кніжак на любы густ. Галоўнае — каб на гэты прадукт быў спажывец. Хочацца, каб нас проста ведалі. Ведалі ня толькі пару дзесяткаў ці соцень чалавек, а крыху больш.

«НН»: Што пішаш зараз?
СБ: Працую над раманам пра некаторыя эпізоды школьнага жыцьця. Не даюць спакою ляўры Вівэга. Гэты раман трансфармуецца зь невялікага эсэ «Штрых‑код адзіноты», якое некалі друкавалі ў «НН». Пішу яшчэ адзін раман пра паўстаньне 1863 году на Гомельшчыне, якога, па вялікаму рахунку, не было. Аднак гэты раман заглух у мяне недзе месяцаў дзевяць назад і ніякіх зрухаў пакуль няма, працоўная назва «Буда аб’явіўся ў Кашалёве». Перакладаю на беларускую мову песьні расейскіх і заходніх выканаўцаў. Ведаеш, я згадваю свае школьныя гады, калі ў летніх лягерох мы сьпявалі па‑беларуску песьні Цоя. Пэўна, гэта засталося з тых часоў. Малыя творы чамусьці перасталі пісацца. Усе гэтыя эсэ, якія нейкім чынам стварылі гомельскі кантэкст канца ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя. Перастаў чуць гарадзкія сагі. Я ня ведаю чаму так адбываецца. Поўны ступар.

«Не хачу сыходзіць са школы»

«НН»: Жаніцца яшчэ не надумаў?
СБ: Хацелася б, канечне, хутчэй, але хто яго знае. Я нядаўна варажыў сабе на «вінампе», то бок паставіў усе песьні, што ёсьць у мяне на кампутары і запытаўся: ці ажанюся я ў гэтым годзе? Выскаківае нешто з J‑mors, дзе пяецца любовь — это снег в декабре. Нядрэнна. Пасьля пытаюся, хто будзе мая абраньніца, выскаквае песьня «Красок» пра дзевачак, што ляжалі ў панамах на пляжы. Але хутчэй за ўсё «вінамп» мяне падмануў. Будзем арыентавацца на сьнежань — ці мала што. Хачу, каб мая жонка была крэатыўнай. Не абавязкова, каб беларускамоўная. Каб яна мяне разумела, успрымала адэкватна тое, чым я займаюся і тое, што я люблю, а калі б яна яшчэ і падзяляла мае меркаваньні, то ўвогуле б было супэр. Пакуль я бачу толькі адну такую кандыдатуру.

«НН»: Ніколі ня думаў сысьці з настаўніцтва?
СБ: Не. Трэба напружвацца, пра нешта думаць, шукаць сабе нейкую іншую працу, а рабіць гэта мне проста лянота. Па шчырасьці, я ня ведаю, чым я яшчэ магу заняцца, апроч выкладаньня ў школе. Дый бязь нейкага блату ці пратэкцыі наўрад ці можна знайсьці нейкае добрае месца, таму застаюся ў школе. У прынцыпе, мне ўсё там падабаецца.

«НН»: Чым ты яшчэ жывеш, апроч літаратуры, інтэрнэту і школы?
СБ: Палітыкай празь нейкую паняверку амаль перастаў цікавіцца. Маркі не зьбіраю, на паляваньне не хаджу, рыбалку не люблю, футбол не магу пераносіць. Калісьці любіў гатаваць, але цяпер на гэта не хапае часу. Аўтамабіль не ваджу, бо не ўяўляю, як я магу кіраваць гэтай грудай жалеза. Гарэлку, віно і шампанскае перастаў абсалютна піць, бо ад алькаголю ўжо хвілін празь пяць пачынае балець галаву. Перайшоў на сокі. Толькі піва часам магу ўжываць. Так што сапраўды маё жыцьцё праходзіць між школай і ЖЖ.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Сяргей Балахонаў нарадзіўся ў Гомелі (афіцыйна, а насамрэч у вёсцы Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну) у 1977. Скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1999). Ад таго часу настаўнічае (зь перапынкам на службу ў войску (2000)). Жыве ў Гомелі. Аўтар кнігі прозы «Імя грушы» (2005).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0