Аляксандар Лукашэнка даў прэс-канфэрэнцыю для кіраўнікоў беларускіх СМІ. Яна праходзіла ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, на яе было акрэдытавана 30 прадстаўнікоў прэсы, пераважна беларускай дзяржаўнай. Сэнсацый не прагучала. Найбольшай быў хіба ўдзел рэдактараў некалькіх недзяржаўных СМІ і магчымасьць для іх задаць пытаньні. Самай загадкавай фразай быў адказ на пытаньне пра пераемніка: «Што да пераемніка, то буду рыхтаваць самага маленькага, унікальны расьце чалавек».

Напачатку А.Лукашэнка адзначыў, што па «пэўных прычынах» гэтая прэс-канфэрэнцыя адмянялася, і сказаў, што «прэзыдэнт абавязаны сустракацца з прадстаўнікамі прэсы». Ён пачаў прэс-канфэрэнцыю з заявы, што беларуская эканоміка пераадолела наступствы росту цэнаў на энэрганосьбіты. Далей ён перайшоў да нападак на апазыцыю. Зь ягоных словаў, беларускае грамадзтва перайшло ў стадыю, калі «нашу стабільнасьць ніхто не зламае».

Ніякіх прынцыпова новых заяваў на прэс-канфэрэнцыі не прагучала. А.Лукашэнка пацьвердзіў палітычныя і культурныя пазыцыі, якія гучалі раней. Сюрпрызам стала толькі заява, што А.Лукашэнку прапаноўвалі купіць 25% акцыяў «Беларускалію», але ён не пагадзіўся на гэта. А загадкай выказваньне пра пераемніка: «Што да пераемніка, то буду рыхтаваць самага маленькага, унікальны расьце чалавек».

На пытаньне рэдактара «Народная волі» аб вяртаньні незалежнай прэсы ў распаўсюд, А.Лукашэнка фактычна сышоў ад адказу. Прагучалі супярэчлівыя і доўгія выказваньні, пасьля чаго ён уступіў у доўгі разьняволены дыялёг зь Ёсіфам Сярэдзічам.

Агульны тон размовы быў спакойны, распружаны, у чымсьці нават прымірэнчы — у параўнаньні зь некаторымі ранейшымі выступамі. Так, нібыта А.Лукашэнка стварае сабе новы імідж.

Прапануем пераказ асноўных выказваньняў А.Лукашэнкі.

Пра палітычную эліту і эканамічную сытуацыю
Я адчуваю сябе камфортна ва ўладзе, можа я і не зусім адэкватна ўспрымаю працэсы ў краіне, але я ведаю, куды мусіць ісьці краіна, каб разьвівацца. Я больш баяўся за эканоміку, а не за палітычную стабільнасьць, яе ўжо ніхто не зломіць. Але і ў эканоміцы мы ўсё разьлічылі, бо ведалі, што будзе такі ўдар па энэргапастаўках. Мы ведалі, колькі давядзецца заплаціць за газ, а колькі за нафту... Я таксама перажываю за банкаўскую сыстэму, шмат хто забіраў грошы з банкаў, але абвалу не адбылося. Нас выратавала палітыка накапленьня «залатога» рэзэрву. На валютным рынку сёлета мы маем плюс, цяпер у нас лепшы паказьнік, чым у добрым мінулым годзе. Пра гэта хутка павераць нават апазыцыйныя СМІ... Наш бюджэт па даходах будзе перавыкананы. Гэта — перамога. Мы цяпер не адчуваем недахопу нафты на нашых нафтаапрацоўчых заводах. Наша эканоміка выстаіць, мы зробім тое, што заплянавалі.

Пра адносіны з суседзямі
Наша замежная палітыка шматвэктарная. Мы мусім мець добрыя адносіны з усімі суседзямі, а найперш з Расеяй. Нам не ўдалося наладзіць адносіны з Захадам, так, як з Расеяй ці краінамі Поўдня. Але я не зьяўляюся віной гэтага. Мы ведаем, што хоча ад нас Захад. Мы пастаянна сыгналізуем Захаду пра тое, што хочам устанавіць зь ім добрыя адносіны... Беларуская эканоміка падштурхоўвае мець добрыя адносіны з Захадам. Там аграмадныя нашы інтарэсы. Аднак мы не пацерпім, калі Эўрасаюз прапаноўвае нам нейкі сьпіс мераў ад беларускіх уладаў, які дыктуе ім апазыцыя. Панукаць намі Эўропе не дазволім...
Захад кажа, што Дзень Волі прайшоў нармальна, але былі не зусім адпаведныя моманты... Дык у іх на Захадзе разганяюць вулічныя акцыі... Іх 400 чалавек у так званай апазыцыі было, так і засталося — гэта баевікі. Усяго апазыцыі паўтары тысячы са спачуваючымі. І мы ім не дазволім гадзіць у цэнтры гораду... Мы гатовыя да дыялёгу, але без усялякіх ультыматымаў. Калі не — то не. У нас ёсьць іншыя партнэры.

Пра незалежнасьць
Я прадбачыў няпросты лёс для беларускага сувэрэнітэту. Няма абсалютна незалежных дзяржаваў, нават ЗША у нечым залежыць ад іншых дзяржаваў. Наша дзяржава па многіх пытаньнях залежыць сёньня. Але нават незалежныя газэты не папракаюць мяне, што я здаю сувэрэнітэт. Мы ніколі ня будзем рэгіёнам Расеі. Беларусь не прадасьць за цэны на нафту і газ сувэрэнітэт краіны. Год назад Пуцін сказаў, што беларуская бяда ў тым, што Беларусь рэальна незалежная. Наша незалежнасьць вытрымала ўдары і з боку Расеі. Разам з тым нам трэба разумець, што беларуская незалежнасьць будзе дорага каштаваць.

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі ў Расеі
У Расеі няма нарматыўнай базы, каб я стаў там прэзыдэнтам. Тым больш я маю такую самую пасаду ў Беларусі. Гэта цяжкая руцінная праца. Я апроч працы нічога ня маю. Я не ўяўляю, як Расеяй можна кіраваць, калі не адчуваць, што робіцца ў гэтай аграмаднай краіне, у Беларусі я гэта адчуваю. Я маю тыя ж катэджы і самалёты, што і прэзыдэнт Расеі. Ня трэба думаць, што я імкнуся стаць прэзыдэнтам Расеі. Я проста хачу, каб мяне і нашу краіну паважалі ў Расеі... Разам з тым мы ніколі не прапусьцім праз нашу тэрыторыю танкі ў бок Расеі... Такія размовы вядуцца ў Расеі праз папулярнасьць там беларускага пытаньня... Нашы сымпатыі ў расейскай палітыцы вядомыя, мы іх не хаваем.

Пра саюз Беларусі і Расеі
Саюз вельмі істотна залежыць ад суб’ектыўных фактараў. Саюз быў выгадны і нам, і расейцам. Аднак у Расеі прыйшлі новыя людзі да ўлады і пачаліся праблемы. Я не разумею, чаго баіцца аграмадная Расея? Нашага мяса, цукру, малака? Мы ж гэта ўсё прададзім у Нямеччыне. Мы абыдземся і без расейскага рынку, вытрымаем гэта. Мы мусілі прыняць саюзную канстытуцыю, але нам прапанавалі перайсьці на расейскую валюту, але ж гэта частковая страту сувэрэнітэту. Мы не пайшлі на гэта. Пасьля расейцы пачалі выходзіць з розных саюзных пагадненьняў. Нам гэта ня выгадна, тое ня выгадна. Гэта рабіў не расейскі народ, а яго кіраўнікі. Ні я, ні наша краіна ня стане марыянэткамі ў нечых руках. Мы хочам чэсных і празрыстых адносінаў, таму працэс саюзнага будаўніцтва чарговы раз замарожаны. Гэтыя праблемы могуць быць вырашаныя цягам 10 дзён. Мне ня хочацца развальваць гэты саюз, бо я яго ініцыяваў. Ён для мяне вельмі важны. Трэба прыбіраць завалы, што склаліся ў дачыненьнях з Расеяй. Без Саюзу з Расеяй нам няможна. Мы не павінны сыходзіць ад Расеі. Нас піхаюць да гэтага саюзу нашы народы і гісторыя. Саюз з Расеі мы пабудуем, калі ня мы, то тыя, хто прыйдзе пасьля нас.

Пра пераемніка
«У блізкай будучыні прэзыдэнтам Беларусі будзе Аляксандар Лукашэнка. Я клянуся вам, што ў сям’і мы не размаўляем на гэтую тэму. Калі вы кажаце пра Віктара, то ён сёньня і заўтра будзе слабейшы за мяне. Што да пераемніка, то буду рыхтаваць самага маленькага, унікальны расьце чалавек. Мае дзеці зь лішкам наеліся майго прэзыдэнцтва. Ніхто зь іх ня будзе прэзыдэнтам».

Пра праблему Чарнобылю
Пляную зноў паехаць па заражаных радыяцыяй рэгіёнах. Хачу паглядзець, як разьвіваецца там сытуацыя. Гамельчукі і магілёўцы разумеюць, што, калі прэзыдэнт зь імі, то ўсё нармальна». Лукашэнка заявіў таксама, што не зьбіраецца адзначаць 26 красавіка разам з апазыцыяй, бо апазыцыя можа толькі «таптаць асфальт у сталіцы». Я ніколі не адмаўляўся ад міжнароднай дапамогі і прапаноўваў апазыцыі разам вырашаць чарнобыльскія праблемы. Але я не ведаю, што яны будуць рабіць пры гэтым. Таптаць асфальт у Менску, ідучы «Чарнобыльскім шляхам»? Альбо яны на нешта яшчэ здольныя?

Паводле кіраўніка краіны, «калі разам, то трэба ехаць у чарнобыльскія рэгіёны з канкрэтнымі справамі і не абавязкова хадзіць сьледам за прэзыдэнтам. Можа частку грошай заходніх адшпіліць, папрасіць Захад накіраваць грошы на чарнобыльскія праблемы, а не на дэмакратыю і свабоду, як яны патрабуюць».

Пра АЭС
Толькі дурань можа быць супраць пабудовы АЭС. Мы фактычна аб`яўляем тэндэр на будаўніцтва станцыі. Расейцы наўпрост кажуць – аж да разрыву адносінаў, калі вы не будзеце з намі мець справу. Атамную станцыю мы пабудуем на выгадных для Беларусі ўмовах, у супрацоўніцтве з тымі, хто не выстаўляе нам палітычных умоваў.

Пра незалежную прэсу
Знайдзіце ў сьвеце такога дурня, які згодзіцца друкаваць і распаўсюджваць такія газэты. У незалежнай прэсе на мяне нясуць такі бруд, што нават «Московскому комсомольцу» ня сьнілася. Я не забараняю нашым друкарням друкаваць незалежныя газэты, але ж яны паўсюль парушаюць беларускі закон. Так, адна газэта піша, што Лукашэнка ў запоі. Нашто плявузгаць на маіх сыноў, яны ня горшыя за сыноў апазыцыянэраў. Ідзі і заключайце з друкарнямі і саюздрукамі дагаворы, але калі парушыце закон, то вас зноў выкінуць.

Пра рэгістрацыю СМІ
Лягчэй зарэгістраваць выданьне ня будзе. Калі новае выданьне захоча зарэгістраваць Якубовіч, праблем ня будзе, але ў іншых выпадках мы будзем шмат думаць. Тэлебачаньне і радыё ня будзе прыватызавацца. Распаўсюджваць незалежныя газэты мы ня будзем, але няхай пішуць і самі прадаюць. А каб пускаць кагосьці на радыё, патрэбныя вельмі сур’ёзныя абавязацельствы зь ягонага боку.

Пра сельскую гаспадарку
Больш, чым сёньня, дзяржава для вёскі рабіць ужо ня будзе, бо нараджаецца ўтрыманства... Мяне крытыкуюць, што ў Александрыі Лукашэнка стварыў нейкі аграгарадок. Гэта Пракаповіч рабіў, я яго за гэта і крытыкаваў, але ў той жа Александрыі зьявілася рэнтабэльнасьць сельскай гаспадаркі. І там працуюць былыя прапойцы, а могуць жа ня піць, і даяркі там атрымліваюць па 600-800 даляраў... Цяжка праверыць, колькі хто надаіў і намалаціў, ад гэтага зьяўляюцца прыпіскі. Рабіце, што хочаце, але мы купім столькі і столькі ў вас зерня, менш нельга.

Пра эканамічныя выклікі
У адказ на пытаньне рэдактара газэты «Белорусы и рынок» Вячаслава Хадасоўскага: Мы не былі гатовыя да падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты, але мы зь імі справіліся. Калі ўрад ня зможа прадаваць беларускі тавар, то гэтага ўраду ня будзе. Я адкрыта сказаў пра гэта Сідорскаму. Эканоміка ня мусіць быць палітызаванай, у гэтым пытаньні мы гатовыя працаваць і з апазыцыянэрамі. Ня трэба чакаць крызісу і абвалу, а трэба прапаноўваць свае шляхі вырашэньня. У нас ня будзе абвалу эканомікі, мне прапаноўвалі гэта ва ўрадзе, але я не пагадзіўся на гэта... Мы паступова прыйдзем да таго, да чаго мусім прыйсьці. Мне прапаноўваюць прадаць пакет акцыяў мабільных кампаніяў «Бесту» і Velcom, я думаю над гэтым, бо гэта будзе выгадна дзяржаве, але прадаваць «Беларуськалій» і БМЗ я ня буду. Хоць мне і прапаноўвалі прадаць 25% «Беларуськалію». Вось якраз учора. Прапаноўвалі такія грошы, што страшна назваць, намнога больш, чым «Газпром» прапаноўваў... Мы будзем прыватызоўваць толькі тыя прадпрыемствы, якім не даём рады...

Пра ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю
Па прапанове Лукашэнкі пра гэта расказвае віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў: «Правілы гэтай арганізацыі дыктуюць моцныя гэтага сьвету. Пад пытаньнем само існаваньне СГА. У многіх сэктарах Беларусь ужо працуе па нормах СГА, аднак працэс уступленьня няпросты. Прэзыдэнт ніколі ня ставіў за самамэту ўступленьне ў СГА».

Лукашэнка: «Калі ўвесь сьвет уступае ў СГА, а мы — не, то я ня бачу ніякай праблемы. Мы ж усё адно будзем працаваць па іхных правілах».

Пра бясьпеку на дарогах
«Я займаюся гэтай праблемай. У нас усе кіроўцамі становяцца за тры месяцы, а калі спадніца карацейшая, то і яшчэ хутчэй. Мы несур’ёзна ставімся да гэтай праблемы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?