Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч у пятніцу знаходзіўся зь візытам у Санкт-Пецярбургу. Галоўнай мэтай паездкі Мілінкевіч назваў інфармаваньне расейскай палітычнай эліты адносна стаўленьня беларускіх дэмакратаў да Расеі. З гэтай прычыны сёньня Мілінкевіч даў багата інтэрвію для цэнтральных расейскіх СМІ.

Збольшага пра Расею ён гаварыў у камплімэнтарных адценьнях. Трэба адзначыць, што гэта звычайны тон выступаў Аляксандра Мілінкевіча перад расейскай публікай. У прыватнасьці, сёньня ён заявіў, што ў стане беларускай апазыцыі няма антырасейскіх настрояў, а таксама пра тое, што «трэба быць і з тымі, і з тымі». Гэта пра Эўропу і Расею.

На думку Мілінкевіча, беларускія ўлады вінаватыя ў тым, што расейскі газаправод у Эўропу пройдзе не празь Беларусь, ён назваў гэта сапраўднай трагедыяй для краіны, якая страціць патэнцыйныя прыбыткі.

Разам з тым Мілінкевіч заявіў пра тое, што нармальныя і прадказальныя адносіны між Беларусьсю і Расеяй могуць наладзіцца толькі ў выпадку дэмакратызацыі Беларусі. Прагучала таксама шкадаваньне пра тое, што ў Расеі з кожным годам становіцца ўсё меней дэмакратыі, і спадзеў на перамену трэндаў. Ён таксама не прамінуў нагадаць інтэгратарам, што ў Беларусі за саюзную дзяржаву выступаюць толькі 4% насельніцтва.

«У дэмакратычнай Беларусі адносіны зь Расеяй будуць нашмат лепшыя, чым у сёньняшняй улады. Мы мусім выбудаваць з Расеяй раўнапраўныя ўзаемавыгадныя адносіны, як сапраўдныя сябры і суседзі», — сказаў Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?