Пасьля таго, як «Наша Ніва» выйшла з загалоўкам на першай паласе «Клён Фінькевіча», адміністрацыя «хіміі» зьбіралася сьсекчы тое дрэва. Палітвязьня Артура Фінькевіча наведаў карэспандэнт «НН».

Камэндатура, дзе адбывае пакараньне Артур Фінькевіч, разьмяшчаецца на ўскрайку Магілёва. Першае ўражаньне — не турма, хутчэй казарма. І там паўтары гады, і тут Фінькевічу трэба адбываць такі ж тэрмін. Пры ўваходзе асацыяцыі толькі павялічваюцца. Нейкі капітан на прахадной перапісвае нашы пашпартныя зьвесткі, пытаецца ня толькі месца прапіскі, але і пражываньне, як на КПП. Хіба што не запытваецца, кім мы даводзімся Фінькевічу. Пасьля просіць загадвае нейкаму насельніку камэндатуры паклікаць Артура, той паслухмяна бяжыць, нібы салдат.

Праз пару хвілінаў зьяўляецца і Фінькевіч. Выглядае добра, ружовашчокі, усьміхаецца. Пытаецца на прахадной, ці можна выйсьці пасядзець на вуліцы, на сонцы, кажуць, што не. Размаўляйце на калідоры. «Могуць выпусьціць, а могуць — не. Гэта ў залежнасьці ад таго, што за зьмена і які ў яе настрой».

Артур расказвае, што над ім вісяць тры папярэджаньні, вынесеныя па сьмешных абвінавачваньнях, — спазьніўся з працы на 13 хвілінаў... схадзіў пасьля адбою ў прыбіральню... Адміністрацыі выгадна трымаць Фінькевіча на грані. Будзе яшчэ адно — і хлопец накіруецца адбываць пакараньне ў калёнію. Пакараньне можа быць да трох гадоў, прычым, час, які ён адбыў на «хіміі», ня будзе ўлічваецца. «Такая вось любоў...». Артур увесь час паўтарае гэтую фразу.

Кажа, што даўно нікога не было зь Менску, апошнім дзесьці месяц таму прыяжджаў кіраўнік дыпкорпусу АБСЭ Оке Пэтэрсан. Магілёўцы ў сваю чаргу прыходзяць спраўна. Расказвае, што досыць часта тэлефануюць маладзейшыя сябры, просяць парадаў. Артур для іх маральны аўтарытэт. Кажа, што паспрабаваць зарэгістраваць «МФ» у любым выпадку варта, а там паглядзім.

Расказвае пра ліставаньне з Дашкевічам, кажа, што менавіта Зьмітру зараз найцяжэй. Дашкевіч быў у Артура за дзень да арышту. Назаўтра Фінькевіч сам датэлефанаваўся да сябра, які зь першых вуснаў паведаміў, што арыштаваны. Падчас наступнага званка слухаўку падняў ужо Галіеў, адвакат Зьмітра.

Наконт справы «Маладога фронту» Фінькевіч ня мае аптымістычнага прагнозу. «Пасадзяць, бо не для таго крымінальныя справы заводзілі, каб пасьля выпусьціць, ‑‑ кажа ён, а пасьля дадае. — Усё адно на іхныя месцы прыйдуць новыя людзі, яшчэ маладзейшыя».

Фатаграфаваць у фае камэндатуры нельга, ізноў між волі ўзьнікаюць асацыяцыі з вайсковай часткай.

Калі спачатку Артур прасіў, каб яму прывозілі як мага паболей кніжак, то цяпер імпэту крыху паменшыла. Кажа, што асабліва чытаць няма калі, ды асьцерагаецца захоўваць кніжкі ў пакоі, бо «хто ведае, могуць прышыць яшчэ і агітацыю сярод зьняволеных». Прачытае і перадае на захоўваньне сваім магілёўскім сябрам.

Артуравага часу хапае толькі на вучобу ў ЭГУ, яго прынялі на факультэт міжнародных адносінаў. Спрабуе ў час дасылаць ва ўнівэрсытэт кантрольныя работы. Штопраўда, не заўсёды ўдаецца. З працамі дапамагаюць, чым могуць, старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзячкоў, іншыя сябры і знаёмыя. Цяпер Фінькевіч на дыстанцыйным навучаньні, але па вызваленьні трэба будзе тэрмінова здаць ангельскую, нямецкую і літоўскую мовы.

Артур Фінькевіч цяпер працуе прыбіральшчыкам у дзіцячым садку. Гэта другая ягоная праца падчас «хіміі». Спачатку ён укладваў плітку на магілёўскіх вуліцах, пасьля зьявілася магчымасьць перайсьці на гэтую працу. У садку Артуру працаваць падабаецца, заробак 250 тысяч. Была яшчэ магчымасьць працаваць пастухом у вёсцы, але там ад Фінькевіча патрабавалі расьпіску, што ў выпадку чаго ён будзе адказваць матэрыяльна, хлопец адмовіўся даваць такую расьпіску.

Адразу пасьля таго, як «Наша Ніва» выйшла з загалоўкам на першай паласе «Клён Фінькевіча», адміністрацыя зьбіралася сьсекчы тое дрэва, пра што Артуру і паведамілі. Аднак урэшце здаровы глузд перамог і клён ля альтанкі працягвае набіраць моц.

Артур расказвае, што не заўсёды мае магчымасьць памыцца, бо душ працуе па раскладзе. Недзе тры разы на тыдзень па некалькі гадзінаў. Ясная справа, што ня ўсе пасьпяваюць прыняць водныя працэдуры. У пакоі ў Артура цяпер жыве шасьцёра чалавек. Часта напіваюцца, на іх парушэньні адміністрацыя заплюшчвае вочы. Са словаў Фінькевіча, палова суседзяў гатовая дакладваць адміністрацыі пра любую правіннасьць і любое слова, дзеля птушачкі ў асабістую справу, каб лішні раз зьезьдзіць дадому ці атрымаць пару гадзінаў выйсьця ў горад у выходны дзень. У самога ж Артура візытаў дадому не прадбачыцца, як не прадбачыцца для яго і амністыя. Бо злосны парушальнік. Тэрмін зьняволеньня скончыцца ў сьнежні. Засталося яшчэ больш чым паўгоду. Такая вось любоў...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?