МАЛАДЫ ФРОНТ НЕ СПЫНІЦЬ!
У Менску ізноў судзяць маладафронтаўцаў.
Рэжым, усталяваны ў Беларусі, працягвае жорстка перасьледаваць беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай, дэмакратычнай, незалежнай краіне. Пасьля леташніх падзеяў, калі дзясяткі тысячаў грамадзянаў, пераважна маладых, выйшлі бараніць свабоду, праўду і справядлівасьць на Плошчу Каліноўскага, асноўны ўдар рэпрэсіяў уладная машына скіравала супраць беларускай моладзі. Ня маючы ў чым абвінаваціць удзельнікаў негвалтоўнага супраціву, КДБ увёў у крымінальны кодэкс антыканстытуцыйны артыкул 193 — «удзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі». Як у 1937‑ым сталінскія каты судзілі па «справе нацдэмаў» беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, а празь дзесяцігодзьдзе — маладых змагароў па «справе Саюзу Беларускіх патрыётаў», так і цяпер, у 2007‑м, ідэйныя нашчадкі НКВД‑ОГПУ рыхтуюць расправу над сябрамі Маладога Фронту.
Адразу пасьля вясновых падзеяў 2006г. рэжым распачаў крымінальную справу супраць Маладога Фронту: допыты ахапілі больш 100 актывістаў па ўсёй краіне. У адказ на гэта 80 маладафронтаўцаў правялі эстафэтную галадоўку пратэсту.
Летась 15 верасьня быў кінуты за краты лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, які атрымаў паводле «193 артыкулу» паўтара гады турмы. Празь месяц схапілі й абвінавацілі ў забойствах, згвалтаваньні й тэрарызме ягонага намесьніка Паўла Красоўскага. Больш года адбывае «хімію» засуджаны за палітычныя графіці адзін зь лідэраў Маладога Фронту Артур Фінькевіч. 4 лютага гэтага году 30 кіраўнікоў Маладога Фронту былі затрыманыя ў Менску, пяцёра зь іх — Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан й Наста Палажанка — цяпер абвінавачваюцца паводле таго ж драконаўскага 193‑га артыкулу.
Зараз жа чакае суда моладзевы актывіст Дзяніс Дзянісаў, беспадстаўна абвінавачаны ў «арганізацыі беспарадкаў». Крысьціну Шацікаву, якая на знак салідарнасьці далучылася да Маладога Фронту, невядомыя прымусова завезьлі ў вар’ятню.
Але, нягледзячы на гэта, Малады Фронт працягвае змаганьне за Беларусь. Тысячы маладых беларусаў выйшлі на сталічныя вуліцы ў Дзень Волі 25 сакавіка. Маладафронтаўцы поўныя рашучасьці і найдалей дзейнічаюць адкрыта й абвяшчаюць: МАЛАДЫ ФРОНТ НЕ СПЫНІЦЬ!
Рэпрэсіі супраць Маладога Фронту пераканаўча даводзяць — рэжым панічна баіцца волі й веры беларускай моладзі. Мы ведаем, што Малады Фронт грунтуе сваю дзейнасьць на беларускім патрыятызме і хрысьціянскіх прынцыпах, і падтрымліваем маладафронтаўцаў у іхнім змаганьні за дэмакратыю і адраджэньне.
Мы заклікаем усіх беларусаў 30 траўня ў 14:00 прыйсьці на суд над маладафронтаўцамі Зьмітром Хведаруком, Барысам Гарэцкім, Аляксеем Янушэўскім, Алегам Корбанам й Настай Палажанкай, каб выказаць ім рашучую салідарнасьць і сказаць разам зь імі:
МАЛАДЫ ФРОНТ НЕ СПЫНІЦЬ!