культура. рознае
13 каментароў | 08:09, 28 мая 2007

Аляксандар Лукашук, радыё «Свабода»: Ён быў самым маладым супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода, калі пачаў працаваць вэб‑рэдактарам у 2004 годзе. За тры дні да свайго 30‑годдзя, у сонечны дзень 15 чэрвеня 2006‑га Ўладзя і яго жонка Янада, верагодна, адзіная грамадзянка Альбаніі зь бездакорнай беларускай мовай, патрапілі ў аўтамабільную катастрофу ў цэнтры Прагі. Жонка страціла нагу, Уладзя з таго часу знаходзіўся ў глыбокай коме. 25 траўня ўначы, пасьля амаль году барацьбы за яго жыцьцё, бацькоўскай штодзённай шматгадзіннай вахты ля яго, Уладзя памёр.

Ён быў бліскучы вэб‑майстар, блогер, энтузіяст беларускага Інтэрнэту. Гэта Ўладзя дамогся, каб самы вядомы ў сьвеце пошукавік Google запрацаваў і па‑беларуску.

Галоўны плён працы Ўладзі — сайт svaboda.org, які сёньня зьяўляецца самым папулярным сайтам на беларускай мове ў сьвеце, найлепшым з двух дзясяткаў сайтаў Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа паводле статыстыкі.

Яго нікі rydel23 і BR23 добра вядомыя ў Інтэрнэт супольнасьці ў Беларусі, а таксама сярод англамоўных карыстальнікаў, якія цікавяцца Беларусьсю. Уладзімер Каткоўскі летась атрымаў Гран‑Пры 4‑га конкурсу беларускіх кантэнт‑праектаў, які праводзіў партал TUT.BY — першым месцам былі адзначаныя ягоны блог і сайт http://www.br23.net/be/2006/03/31/tut_by_contest_/

Уладзімер уведаў пра ўзнагароду, але не пасьпеў атрымаць яе.

Відаць, можна было б напісаць, што Ўладзя быў беларускім нацыяналістам, настолькі апантана ён займаўся ўлюбёнай справай, ня лічачы гадзіны, выходныя дні, вольны час, гэтак шчыра жыў усімі беларускімі справамі. Гэтаксама правільна назваць Уладзю сучасным эўрапейцам, які пасьля заканчэньня ліцэю пры БДУ два гады вывучаў фізыку ва ўнівэрсытэце, пасьля год вучыўся ў Амэрыцы, затым вывучаў праграмаваньне і журналістыку ў Амэрыканскім унівэрсітэце ў Благоеўградзе (Баўгарыя), дзе сустрэў сваю будучую жонку Янаду Рапо, якая цяпер па‑беларуску гаворыць як на роднай альбанскай. Пасьля заканчэньня працаваў у Будапэшце, Франкфурце‑на‑Майне, Празе. З такімі, як Уладзя, зьвязаная будучыня свабоднай Беларусі ў Эўропе.

Апошні год Уладзя ляжаў у коме ў адным з шпіталёў Прагі, і заўсёды побач зь ім былі бацькі, Ірына і Леанід, мужныя і глыбока інтэлігентныя людзі, эталён паводзінаў у такой трагічнай сытуацыі.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прысьвяціў быў Уладзю такія радкі:

Каткоўскі — рупны web‑мастак,
Умее зрушана, нязмушана

Сайт па‑крывіцку ўбачыць так,
Што сайт рашуча зьбеларушвае
Ўсіх праз дапытны інтэрнэт,
Каму баліць крывіцкі сьвет.

Сёньня баліць усім сябрам Уладзі.

Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода

* * *

Адам Глёбус на сьмерць Уладзя Каткоўскага

2007. Каткоўскі (1976-2007) і травень

Мае ўзаемаадносіны з Уладзімірам Каткоўскім выходзілі за межы будзёнай рэальнасці. Анёл смерці неаднойчы пралятаў паміж намі менавіта вясною. 20 траўня на рахуну за каву ва ўніверсаме “Цэнтральны”, што ў Менску, я напісаў чарнавік верша. Пэўна, ён складаўся і для Уладзіміра…

Смерць у траўні

Дажыць ты зможаш толькі да вясны,

І больш нічога, сапраўды, нічога…

Нядоўгая, нажаль, твая дарога.

Кароткая, як ранішнія сны.

Хацеў бы да наступнае вясны

Спазнаць паболей слодычы і болю,

Хацеў бы шмат свабоды, прагі, волі…

Ды час прыйшоў табе нярадасны.

Бэз пад дажджамі будзе красаваць,

І рассыпаць карункавую квецень,

Вясна-красна буяцьме па ўсім свеце,

А ты заснеш і будзеш мёртва спаць.

P. S.

25 траўня Валодзя пакінуў наш свет. Амаль год ён прабыў у коме, пасля дарожнай аварыі, што здарылася ў Празе. Смерць не ведае літасці. Застаецца адно спачуваць сябрам і родным Уладзі Каткоўскага.

* * *

Піша Віталь Сіліцкі:

Я ніколі не ведаў Уладзю асабіста. Гэта ён пачаў Позірк, тады яшчэ TOL blog, год таму. У чэрвені, Уладзя трапіў у жудасную аварыю ў Празе. Яго жонка выжыла, страціўшы нагу. Дай бог нам усім зрабіць для Беларушчыны столькі, колькі зрабіў Уладзя за свае 30 год, калі ён бачыў свет. Астатняе сказаў Алесь Лукашук.

Светлая памяць!

Віталь Сіліцкі

Глядзі яшчэ:
Блог Уладзімера Каткоўскага
Артыкул пра Ўладзімера Каткоўскага ў Вікіпэдыі
Адам Глёбус пра Ўладзімера Каткоўскага
Віталь Сіліцкі пра Ўладзімера Каткоўскага
Беларускі інтэрнаўт змагаецца за жыцьцё

Падзяліцца навіной:         
13 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Ігар напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 9:21
Згадваю уражаньні ад допісаў за нікам rydel23 на шматлікіх беларускіх форумах - заўсёды ўзважаныя, абгрунтаваныя, інтэлігентныя, талерантныя, цярплівыя, заўсёды беларускія па духу. Прыклад і арыентыр.
Вечная памяць!
spazneny напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 9:51
Vechnaja pamjatz, Patrietu Radzimy! Spachuvanne rodnym, blizkim...
svby напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 10:37
Памітаю яго блог на беларуска-ангельскай мове па рэйтынгу персанальных сайтаy Акавіты наверсе доўгі час быў. І на форумах rydel23 рэгулярна сустракаў. Шкада.
Зьміцер напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 12:58
Вечная памяць
Kažemaks напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 14:52
Вялікая страта ня толькі для нашага Сеціва, ўвогуле для беларушчыны. Мае спачуваньні родным і сябрам.
хлопец зь вёскі напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 15:39
"У мяне такі самы будысцкі погляд зьявіўся па прачытаньні кнігі “Западноруссізм” Аляксандра Цьвікевіча. Мне здаецца, у прадказальнай будучыні ў нас заўсёды будзе моцны прарасейскі, панславянскі, прамаскоўскі кірунак на ўсіх флянгах: ад шараметаў-міхайлавых-марынічаў да ціценковых-лукашэнак. І гэта факт жыцьця. Маё пытаньне “што рабіць” было амаль рытарычным". - Ягоныя словы набываюць асаблівую прарочую вартасьць.

minak напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 15:44
Jaki byu dobry chlopiec, sapraudny lidar novaj maladoj heneracyi bielaruskich intelektualau. jak szkada.. Kolki moh jaszce zrabic dla Bielarusi... Nia byu z im znaiomy asabista alie listavalisia davoli czasta.
Vidac mala chto viedaie u t.l. NN szto Uladzia razpracavau samy papularny sajt pra bielaruskau movu dla zamiezhnikau
http://www.pravapis.org/

Chto ciaper budzie heta rabic?
Szkada, vielmi szkada

Cahj budzie picham jamu rodnaja bielaruskaja ziamielka
дёник напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 17:23
вовка был классный. жалко, когда уходят такие вот люди и делают это так рано. скорблю... обязательно выпью за него при первой же возможности.
Lahviniec напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 18:08
Выказваю глыбокае спачуваньне сям'і Уладзі Каткоўскага. Нягледзячы нас свой кароткі век, ваш сын і брат зрабіў вельмі шмат для сваёй Бацькаўшчыны! Па ім застанецца доўгая і светлая памяць ня толькі ў тых, хто ведаў яго асабіста, але й тых, хто, дзякуючы яму, праз сеціва далучаўся і далучаецца да Беларушчыны.
З глыбокімі спачуваньнямі,
Алесь Лагвінец
Filifionka напiсаў(ла) Май 28, 2007 у 20:40
Глыбокія спачуваньні. Такі важны, патрэбны і прыемны чалавек сыйшоў. А ўсялякае пачварства жыве й квітнее.
МК напiсаў(ла) Май 29, 2007 у 22:57
мы так ніводнага разу і не сустрэліся оф-лайн. Толькі спрачаліся, зрэшты, ніякіх крыўдаў не было. Застаецца пытанне - "за што?". Такая абсурдная смерць. І дарма яны дзяцей не завялі своечасова :-(
Apalonik напiсаў(ла) Май 31, 2007 у 10:01
разьвітаньне з rydel23
Дарагія сябры!
Усе, хто ведаў Уладзіміра Каткоўскага асабіста або праз сеціва, могуць прыйсьці разьвітацца зь ім у суботу, 2-га чэрвеня, да 15-00 гадзін па адрасе: г.Менск, вул.Шаранговіча, д. 52 кв.161. А 15-ай гадзіне жалобная працэсія накіруецца на могілкі Пятроўшчына (скрыжаваньне вул.Чыгуначнай і пр.Дзяржынскага), дзе адбудзецца пахаваньне.
Дзякуем.
Сям'я Уладзіміра.
Войша Мілавід напiсаў(ла) Чэрвень 2, 2007 у 17:04
Толькі што, падчас пахаваньня, нарадзілася...

Ад вясны да вясны

"Дажыць ты зможаш толькі да вясны,
І больш нічога, сапраўды, нічога..."
Адам Ґлёбус на сьмерць Уладзя Каткоўскага

Да вясны –
дажыць!
І памерці?
Сьці за ноччу,
як сходзюць сны?
Не! Не так!..
Не бывае сьмерці!
Ё жыцьцё!
Ад вясны -
да вясны.

Крок да кроку...
Спрадвек,
бясконца...
Мы ідзем...
Мы ляцім...
Адны...
І нясем
стылай цемры –
сонца!
Ад вясны –
да вясны.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).