Грамадства
4 каментары | 09:42, 18 чэрвеня 2007


Вацлаў Ластоўскі

16 чэрвеня найлепшыя беларускамоўныя выкладчыкі ВНУ ўганараваныя прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластаўскага. Заснавалі прэмію напачатку году Таварыства беларускай школы, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, ПЭН-цэнтар, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», іншыя грамадзкія структуры. У складзе журы былі такія вядомыя асобы, як дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель; доктар Янка Запруднік; Ала Орса‑Рамана; прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту Курт Вулгайзэр ды іншыя.

Конкурс быў арганізаваны вельмі сур’ёзна. Сябры арганізацыйна-прэміяльнага камітэту наведвалі лекцыі, практычныя заняткі выкладчыкаў—намінантаў. Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка распавёў, што пры вызначэньні пераможцаў карысталіся галоўным крытэрам, каб гэта былі не гуманітарныя, а дакладныя, тэхнічныя дысцыпліны, якія традыцыйна не выкладаюцца па-беларуску.

«Прафэсіяналізм выкладчыка, творчасьць, наватарства, прымяненьне сучасных тэхналёгіяў, — расказвае Алесь Лозка. — Улічваўся аўтарытэт сярод студэнтаў і сярод выкладчыкаў-калегаў. Мэтадычная забясьпечанасьць дысцыпліны: выкладчык, магчыма, ужо падрыхтаваў слоўнік тэрміналягічны, дапаможнікі, падручнікі. Ну і актыўная грамадзкая пазыцыя».

У апошні этап конкурсу выйшла 14 выкладчыкаў. Аўтарытэтнай камісіі вызначыцца было няпроста. Першымі ляўрэатамі прэміі імя Ластоўскага сталі Тамара Сухая — дацэнт катэдры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту; Аляксандар Арцішэўскі — доктар мэдычных навук, прафэсар катэдры марфалёгіі чалавека Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту; Павал Каўрыга — галоўны кліматоляг краіны, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ.

Прафэсар Аляксандар Арцішэўскі выдаў першы ў гісторыі беларускі падручнік па гісталёгіі і эмбрыялёгіі, апублікаваў больш за 200 навуковых працаў, падрыхтаваў арыгінальныя альбомы для студэнтаў-мэдыкаў па гісталёгіі, эмбрыялёгіі, цыталёгіі. Прафэсар Арцішэўскі перакананы:

«Калі больш за 80 тысяч чалавек здаюць тэсты на беларускай мове, гэта азначае, што людзі гатовы вучыцца на гэтай мове. У нас ёсьць выкладчыкі, якія гатовы выкладаць па-беларуску. У нас не хапае аднаго — рашэньня зьверху, каб гэта дазволіць. Стварыць групу малавата. Трэба стварыць плыні, і тады ўсё пойдзе сваёй дарогай».

У конкурсе ўдзельнічала шмат маладых выкладчыкаў, прычым, ня толькі са сталіцы — з Горадні, Баранавічаў, Гомелю, Магілёву, якія выкладаюць геаграфію, хімію, фізыку, біялёгію, філязофію. Усе яны атрымалі ганаровыя дыплёмы. Малады кандыдат эканамічных навук Максім Беліцкі, выкладае эканоміку па-беларуску на міжнародным факультэце БДУ:

«Дзякуй вам за такі цікавы конкурс. Павінен вам сказаць, што ў мяне 90 % студэнтаў размаўляюць па-беларуску і ніякіх складанасьцяў няма. Ня трэба баяцца, мы павінны выкладаць, быць бліжэй да студэнцтва. Мне здаецца, што яны толькі і чакаюць, калі мы пяройдзем на беларускую мову».

Ганаровыя дыплёмы, а таксама рарытэтныя кнігі, дыскі пераможцам уручаў народны паэт Беларусі прафэсар Ніл Гілевіч:

«Ня будзем падаць духам, упадаць у пэсымізм. Так не бывае, каб 10‑мільённы народ раптам з нечыяй сатанінскай сілы пазбавіўся свайго нацыянальнага аблічча, перш за ўсё сваёй мовы. Усё залежыць ад нас. Віншую сардэчна ўсіх узнагароджаных, цудаў не бывае. Будзем працаваць».

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Падзяліцца навіной:         
4 каментары падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Антон напiсаў(ла) Чэрвень 18, 2007 у 15:23
Спадарстьва, я пацтулам. Шаноўнага Каўрыгу, Паўла Антонавіча, ёсьць за што паважаць і ,верагодна, ён быў лепшым сярод прэтэндэнтаў на прэмію ў адпаведнай намінацыі, але ж казаць у дачыненьні да яго "галоўны кліматолаг краіны" - гэта вельмі і вельмі занадта. Толькі падстаўляеце чалавека - калі гэта прачытаюць ягоныя калегі
tumash напiсаў(ла) Чэрвень 18, 2007 у 16:51
А Каўрыга - мой выкладчык! Увогуле ж на геафаку толькі 4 выкладчыкі вядуць лекцыі па-беларуску.
minak напiсаў(ла) Чэрвень 18, 2007 у 17:06
Шчыра віншую прафэсара Аляксандра Арцішэўскага з катэдры марфалёгіі чалавека з высокай узнагародай -- прэміяй імя Вацлава Ластоўскага як лепшаму беларускамоўнаму выкладчыку Беларусі!

Цікава што далёкі продак спадара Аляксандра Крыштап Арцішэўскі (Krysztof Arciszewski,1592-1656) – шляхціц-пратэстант з Падляшша вывучаў медыцыну ў Галяндыі дзе і выдаў першае ў гісторыі Беларусі даследаванне падагры ”Epistola de podagra cvrata ” (1643, Amsterdam)

Посьпехаў на вашай дарозе шаноўны сп. Аляксандр!

PS Больш падрабязна пра медычныя ды іншыя дысертацыі студэнтаў з ВКЛ 17 ст. ў Галяндыі гл. збонік ў гонар праф. Адама Мальдзіса (чакаецца з друку)
w напiсаў(ла) Чэрвень 19, 2007 у 11:28
da tumasha:

Chaciew by daviedac sia chto akramia Kawryhi jašče vykladaje pa biel.?
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).