Штогод Акадэмія кінематаграфістаў ЗША адзначае найлепшых кінаакцёраў, сцэнарыстаў, рэжысёраў ды аператараў і ўзнагароджвае іх прэміяй «Оскар». Якраз сёння ноччу адбылася 88-я цырымонія ўзнагароджання. А хто б атрымаў «Оскар», калі б прэмію ўручалі ў нас — іранічная версія «Нашай Нівы».
Найлепшы фільм года: інаўгурацыя
«Інаўгурацыя-5». Гэта працяг кінасагі, вартай Джорджа Лукаса, за якой беларускія гледачы назіраюць ужо трэці дзясятак гадоў. Пятая інаўгурацыя прайшла 6 лістапада 2015.
Найлепшая рэжысура: капанне бульбы ў Драздах
70 мяхоў бульбы з першага дубля. Фільм пра ўборачную ў Драздах.
Найлепшая аператарская праца: безбілетніца
Аператар года, безумоўна, гэта кіроўца тралейбуса, праз акно якога ўцякала дзяўчына-безбілетніца. Відэа абляцела ўвесь свет.
Найлепшая жаночая роля другога плана: Таццяна Караткевіч
Прыз дастаецца Таццяне Караткевіч. Толькі сапраўдныя кінаманы могуць ацаніць яе ігру.
Найлепшая мужчынская роля другога плана: лейтэнант міліцыі
Дастаецца лейтэнанту міліцыі, які складаў летась пратаколы на апазіцыйных палітыкаў падчас мітынгаў. Разынкай акцёра з'яўляецца фраза, якую ён прамаўляе ва ўсіх сваіх кінастужках: «А што тут адбываецца?»
Найлепшы арыгінальны сцэнар: Улаховіч і бабры
Прыз дастаецца атаману Улаховічу. Падчас здымак фільма «Выбары-2015» сцэнарыст распрацаваў арыгінальны сюжэт, згодна з якім жывёльны свет у Беларусі разрастаецца, а бабры перашкаджаюць рыбалоўству.
Найлепшы фільм на замежнай мове: правакатар на Плошчы
Дастаецца кінастужцы пад назвай «Як з Плошчы рускі дух выганялі». Напачатку фільм нагадвае «Байцоўскі клуб», але кінаманаў чакае непрадказальная канцоўка.
Найлепшыя візуальныя эфекты: бойка на сустрэчы са Старыкавым
Выгнанне апазіцыянераў з сустрэчы з ідэолагам «рускага свету» Старыкавым. Відавочна бачная гукавая апрацоўка, а каскадзёры, якія сыгралі ахову Старыкава, відаць, атрымалі немалы ганарар.
Найлепшы кароткаметражны ігравы фільм: пенсіянер цалуе кавун
Гісторыя пенсіянера, які цалуе кавун ад Колі Лукашэнкі, выклікала шырокі рэзананс сярод кінакрытыкаў. Самы кранальны момант фільма на 00:12.
Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм: «Начныя ваўкі»
Дакументальны фільм ад «Радыё Свабода». Героямі сюжэта сталі вядомыя «Начныя ваўкі».
Найлепшы саўндтрэк: Жанна Раманоўская
Дастаецца Жанне Раманоўскай з песняй «Малітва». У фільме «Выбары-2015», акрамя сваёй асноўнай ролі, актрыса выканала песню на словы Янкі Купалы.
Спецыяльны прыз кінаакадэміі: крэсла для Пуціна
Дастаецца крэслу на мінскіх перамовах. Так стылёва Пуціну яшчэ ніхто не паддаваўся.