На чэмпіянаце свету па хакеі ў швейцарскіх Берне і Клатэне вызначыліся два няўдачнікі, якія вымушаныя пакінуць элітны дывізіён. Гэта зборныя Венгрыі і Аўстрыі.
Прычым венгерская дружына, што прабілася ў топ‑дывізіён пасля 70‑гадовага перапынку, згубіла элітную прапіску яшчэ за тур да заканчэння турніру за выжыванне, саступіўшы аўстрыйцам (0:6) і датчанам (1:5).
Сёння зборная Венгрыі прайграла яшчэ і зборнай Германіі — 1:2.
Зборная Германіі заняла ў квартэце аўтсайдэраў перадапошняе, трэцяе месца. Але, нягледзячы на гэта, яна ўсё роўна застанецца ў наймацнейшым дывізіёне, бо чэмпіянат свету‑2010 пройдзе ў нямецкіх гарадах Кёльн і Мангейм.
Яшчэ адно месца ў эліце сёння аспрэчвалі ў вочным двубоі датчане і аўстрыйцы: 5:2.
Выніковае становішча каманд у турніры за выжыванне: Данія — 9 балаў, Аўстрыя — 6 , Германія — 3, Венгрыя — 0.
Такім чынам, Аўстрыя і Венгрыя затрымаліся ў топ‑дывізіёне толькі на адзін сезон, бо яны выйшлі ў эліту толькі год таму.
На наступным чэмпіянаце свету няўдачнікаў заменяць Казахстан і Італія, якія ў красавіку заваявалі пуцёўкі ў наймацнейшы эшалон.
Нагадаем, што зборная Беларусі выйграла ў Венгрыі з лікам 3:1.
Сёння на чэмпіянаце свету па хакеі пройдуць таксама заключныя матчы кваліфікацыйнага раўнду.
У групе F згуляюць Славакія — Нарвегія і Канада — Фінляндыя.
У групе Е Швецыя — Францыя і ЗША — Швейцарыя.
Становішча каманд тут такое: Расія — 14 балаў, Швецыя — 7, ЗША — 7, Латвія — 7, Швейцарыя — 4, Францыя — 0.
Выхад у чвэрцьфінал тут гарантавалі сабе толькі расіяне.