Першыя перашкоды з GPS самалёты заўважылі ў сакавіку 2022-га. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
Расійская «Медыязона» распавядае, што вядома пра небяспечныя GPS-перашкоды над Балтыкай і іх імаверныя крыніцы.
Лётчыкі Finnair паведамлялі пра незвычайныя GPS-перашкоды на рэйсах, маршрут якіх пралягаў міма Калінінградскай вобласці, яшчэ ў сакавіку 2022 года.
У чэрвені 2023 года праца GPS была парушаная над Літвой і Эстоніяй, прычым эстонскія вайскоўцы сцвярджалі, што крыніца перашкод знаходзіцца ў Ленінградскай вобласці.
На працягу 2023 года тэрыторыя, закранутая перашкодамі, пашыралася, а іх шчыльнасць расла. Над паўночна-ўсходняй часткай Нарвэгіі ў 2022 годзе перашкоды назіраліся цягам 122 дзён, а ў 2023-м — ужо 294 дні.
На Каляды, 25 і 26 снежня, магутныя перашкоды накрылі поўдзень Швецыі, поўнач Польшчы, Літву і іншыя краіны Балтыі. На Новы год памылкі GPS фіксавалі ў Фінляндыі, 10, 13 і 16 студзеня — у Паўночнай Польшчы.
14 сакавіка на паўгадзіны страціў сігнал GPS самалёт, на якім брытанскі міністр абароны Грант Шэпс вяртаўся з Польшчы, дзе назіраў за вучэннямі NATO.
«За першыя два месяцы 2024 года мы атрымалі 985 паведамленняў аб адмове GPS у параўнанні з 1 371 паведамленнем за ўвесь 2023-ы», — падлічылі ў Еўрапейскай арганізацыі бяспекі паветранай навігацыі.
Наколькі небяспечна балтыйская глушылка? «Глушэнне GPS, вядома, стварае перашкоды, перашкаджае нармальнаму паветранаму руху, але будзе няправільна казаць, што гэта пагражае якой-небудзь авіякатастрофай», — тлумачыць кіраўнік CIT Руслан Левіеў.
Пра гэта ж гаварылася ў прэс-рэлізе Finnair. «Большасць аэрапортаў выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя метады заходу на пасадку, але некаторыя аэрапорты, такія як Тарту, выкарыстоўваюць толькі метады, для падтрымання якіх патрабуецца сігнал GPS. Перашкоды GPS у Тарту вымушаюць нас прыпыніць палёты датуль, пакуль не будуць знойдзеныя альтэрнатыўныя рашэнні», — патлумачылі ў фінскай авіякампаніі.
Аднак разам з простым глушэннем GPS-сігналу існуе больш выдасканаленая тэхналогія — спуфінг, «калі сігнал GPS не глушыцца, а падрабляецца», працягвае Левіеў. Перадаючы «падроблены» сігнал, спуфер падманвае GPS-прыёмнік і прымушае яго няправільна вызначаць каардынаты: прыборы паказваюць, быццам самалёт адхіліўся ад курсу.
На сёння не задакументавана ніводнай авіякатастрофы, выкліканай працай глушылак, аднак у 2019 годзе ў Айдаха пасажырскі самалёт пад уздзеяннем штучных GPS-перашкод ледзь не ўрэзаўся ў гару.
Дзе знаходзіцца крыніца GPS-перашкод над Балтыкай? У OSINT-даследчыкаў балтыйскай анамаліі розныя меркаванні. Хтосьці кажа, што глушылка ў Калінінградскай вобласці Расіі, хтосьці — што паміж Пецярбургам і Нарвай.
Чытайце таксама:
Латвія, Літва і Эстонія абвінавацілі Расію ў падаўленні сігналаў GPS у Балтыйскім моры
Са знакамітага «танкалёта» Belavia знікла згадка гульні World Of Tanks