Бунт у Кішынёве скончаны. Журналістцы Наталлі Морар афіцыйна выстаўленыя абвінавачванні. Ёй пагражае да 25 гадоў турмы.
Яе абвінавачваюць у «закліку да арганізацыі і правядзення масавых беспарадкаў», — заявіў генеральны пракурор Малдовы Валеры Гурбуля.
«Морар - сярод 200 чалавек, якія праходзяць па справе масавых беспарадкаў, у выніку якіх былі разрабаваныя і падпаленыя будынкі парламента і рэзідэнцыі прэзідэнта».
Месцазнаходжанне журналісткі пакуль невядомае. Яе муж заяўляе, што яна надзейна схаваная.
Тым часам бунт у Кішынёве скончыўся, арыштаваныя некалькі дзесяткаў удзельнікаў беспарадкаў. Завадатарам пагражае да 25 гадоў турмы.
Цэнтрвыбаркам Малдовы зацвердзіў канчатковыя вынікі парламенцкіх выбараў.
У парламент прайшлі чатыры партыі.
За Партыю камуністаў прагаласавалі 49,48% выбарцаў, за Ліберальную, Ліберальна‑дэмакратычную партыі і альянс «Наша Малдова» адпаведна 13,14%, 12,43% і 9,77%. Астатнія восем партый не пераадолелі 6‑адсоткавага бар’еру.
Такім чынам камуністы атрымалі 60 мандатаў з 101 у парламенце, а тры апазіцыйныя партыі — 41 мандат.
У гэтым выпадку апазіцыя атрымлівае мінімальны, але шанец заблакаваць абранне кіраўніка дзяржавы, для чаго патрабуецца акурат тры пятых галасоў дэпутатаў, г.зн. 61 мандат з 101.