Паваеннае развіццё падзеяў і геаграфічнае становішча дапамагло Вене заваяваць гэты тытул.

Падобна да Берліна, пасля другой сусветнай Вена (як і ўся Аўстрыя) была падзеленая на брытанскую, французскую, амерыканскую і савецкую акупацыйныя зоны. Былыя нацысты, згаладалыя мясцовыя жыхары і ўцекачы з Усходняй Еўропы, намагаючыся выжыць у паваенным безграшоўі, спрабавалі прадаць каштоўныя веды любому, хто мог заплаціць. Шпіёнскае жыццё, поўнае інтрыг і вербовак, у Вене буяла.

Пасля вываду савецкіх войскаў у 1955 г., у Вене засталося вялізнае савецкае пасольства, напакаванае супрацоўнікамі КДБ і ГРУ (савецкай вайсковай выведкі). У тыя гады ЦРУ паведамляла, што амаль кожны, хто быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць СССР, хоць раз ды ездзіў у Вену на сустрэчы са спецслужбамі. Савецкія дыпламаты, якія працавалі ў Вене ў 70‑я і пасля ўцяклі на Захад, гаварылі пра добра наладжаную шпіёнскую сетку ў аўстрыйскай сталіцы. Сярод іх — былы агент ГРУ Віктар Сувораў, які ў сваіх белетрызаваных успамінах «Акварыум», выдадзеных на Захадзе, падрабязна апісаў, як яго вучылі сыходзіць ад сачэння ў аўстрыйскай сталіцы. Па словах Суворава,

каля 80% усіх савецкіх грамадзянаў у Вене (гандлёвыя працаўнікі, навукоўцы, прадстаўнікі «Аэрафлота» і вялікая колькасць дыпламатаў), акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, выконвалі «іншую працу».

Большасць заданняў, згодна з Суворавым, была сфакусаваная на прыдбанні заходніх тэхналогіяў.

Халодная вайна скончылася два дзесяцігоддзі таму, а Вена дагэтуль застаецца магнітам для шпіёнаў. Адным з самых гучных злачынстваў апошняга часу, за якімі праглядаюцца сляды дзейнасці спецслужбаў, было забойства чачэнскага дысідэнта Ўмара Ісраілава, які быў застрэлены пасярод белага дня напачатку 2009 г. у Вене. Аўстрыйская паліцыя затрымала трох чалавек, якія падазраюцца ў арганізацыі замаху: двух чачэнцаў і аднаго аўстрыйца на прозвішча Кальтэнбрунэр, які быў народжаны ў СССР.

У 2008 г. была здзейсненая спроба выкрадання былога кіраўніка спецслужбаў Казахстана Альнура Мусаева, экстрадыцыі якога даўно дамагаецца рэжым Нурсултана Назарбаева. І Ісраілаў, і Мусаеў жылі ў Вене ў выгнанні. Паводле расійскай рэдакцыі радыё «Свабода»,

у Вене дзейнічаюць не менш за 500 агентаў ФСБ, які сочаць за шматтысячнай чачэнскай дыяспарай, якая прыбыла ў Аўстрыю ў апошнія гады.

«Аўстрыя па‑ранейшаму ўлюбёнае месца для агентаў, — кажа Зыгфрыд Беер, кіраўнік Аўстрыйскага цэнтра па пытаннях выведкі, тэрарызму і бяспекі пры ўніверсітэце гораду Грац. — Улады, як правіла, ведаюць пра іх, але ўмешваюцца зрэдку… Гэта такая даўняя завядзёнка». Да таго ж, лічыцца, што ў Вене «досыць лёгка здабыць зброю і адмываць грошы». Не забудземся і на геаграфічнае становішча Вены, якая знаходзіцца на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў — усяго 56 км да сталіцы Славакіі Братыславы і якая гадзіна язды ад венгерскай мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?