Робасабака «Тэрманатар» з кампактным агнямётам і лазерным навядзеннем. Фоты: афіцыйны сайт амерыканскай кампаніі Throwflame
Амерыканская кампанія Throwflame прыступіла да адкрытых продажаў «Тэрманатараў» — робасабак з электрычным кампактным агнямётам ARC уласнай вытворчасці, абсталяваных сістэмамі лазернага навядзення і начнога бачання.
Прылада каштуе 9420 даляраў (больш за 30 тысяч беларускіх рублёў).
«Тэрманатары» абсталяваныя батарэяй на гадзіну працы, важаць каля 15 кілаграм і могуць кантралявацца дыстанцыйна са смартфона па WiFi і Bluetooth. Ёсць таксама падтрымка акуляраў віртуальнай рэальнасці, што дазволіць кіраваць прыладай ад першай асобы (што робіць «Тэрманатараў» паўнавартаснымі FPV-дронамі, якія ўжо здзейснілі рэвалюцыю на полі бою ва Украіне).
Апроч гэтага, новыя робасабакі самастойна картаграфуюць мясцовасць і ўмеюць абыходзіць перашкоды.
Што да агнямёта, то ён можа страляць напалмам на адлегласць да 10 метраў і няспынна працаваць на працягу 45 хвілін. Яго полымя можа вывяргацца імгненна на загад карыстальніка.
Распрацоўшчыкі «Тэрманатара» падаюць свой твор як першы ў сваім родзе і заяўляюць, што ён не прызначаны для вядзення баявых дзеянняў.
Асноўнымі мэтамі новых робасабак, прапісанымі на афіцыйным сайце кампаніі Throwflame, з'яўляюцца:
- Кантроль і прадухіленне лясных пажараў.
- Сельскагаспадарчая праца.
- Ахова навакольнага асяроддзя.
- Прыбіранне снегу і лёду.
- Забавы і спецэфекты.
Паглядзець на «Тэрманатараў» у дзеянні можна ў гэтым відэа.
Чытайце таксама:
Беларусь распрацоўвае лазерную зброю
Прадстаўлены першы ў свеце робат-пыласос, які можа «хадзіць» па лесвіцах