На экране - хуліганская маладзёвая камэдыя і экранізацыя Гербэрта Ўэлза.
Лад, 21.15
***
АНТ, 23.35
Трэцяя экранізацыя знанай кнігі ангельскага фантаста, дзеяньне якой перанесенае ў сучаснасьць. Пасьля авіякатастрофы герой фільму трапляе на выспу, дзе доктар Мора праводзіць генэтычныя экспэрымэнты з жывёламі, пераўтвараючы іх у людзей.
Марлон Брандо ў ролі доктара Мора – экзатычная інкарнацыя палкоўніка Курца з копалаўскага "Апакаліпсісу сёньня"; і зьяўленьне самазванага "Бога" перад непаслухмянымі жывёламі – з выбеленым тварам, у чорных акулярах, з падціснутымі губамі – надзвычай эфэктнае, яскравае й вар'яцка-кічавае. Выканаўца галоўнай ролі Дэйвід Цьюліс (Поль Вэрлен з "Поўнага зацьменьня" ) – тонкі й глыбокі эўрапейскі актор. Файруза Болк – у фільме жанчына-котка й лепшае стварэньне Мора – грае характар датклівы, пачуцьцёвы і таямнічы.
Амэрыканскія крытыкі збольшага ацанілі карціну адмоўна, але Джон Франкенгаймэр (прызначаны рэжысэрам пасьля скандальнага адхіленьня ад стырна Рычарда Стэнлі) – майстра палітычных фільмаў ("Сем дзён у траўні", "Манчжурскі кандыдат"). У "Востраве…" ён зрабіў нечаканыя спасылкі: так Вэл Кілмэр (у ролі памагатага Мантгомэры) – ёсьць гіпі, які гіне ад хаосу. Зьвералюдзі забіваюць ня толькі зубамі, але й з дапамогаю "Калашнікавых", а сродак кантролю за натоўпам – мадыфікаваны тэлевізійны пульт.
Адных карціна здольная пазабавіць, у другіх выкліча раздражненьне.