Беларусь заняла 157-е месца ў «Індэксе свабоды прэсы»
Гэты штогадовы даклад апублікавала 30 студзеня праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў".
Год таму краіна была на 168-м месцы. Аднак аўтары даклада адзначаюць, што цяперашняе паляпшэнне пазіцыі зусім не сведчыць пра паляпшэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што на леташні рэйтынг паўплывалі падаўленні апазіцыйных акцый. Зараз жа Беларусь, як і Азербайджан, які са 162-га месца падняўся на 156-е, проста «вярнуліся на свае жахлівыя папярэднія пазіцыі», гаворыцца ў дакладзе.
У тройцы лідараў па-ранейшаму застаюцца Фінляндыя, Нідэрланды і Нарвегія. Найгоршая сітуацыя са свабодай прэсы — у Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.
Адной з самых небяспечных краін для журналістаў названая Сірыя, дзе журналісты і карыстальнікі сацыяльных сетак становяцца ахвярамі як кіруючага рэжыму, так і апазіцыі.
Найбліжэйшыя суседзі Беларусі Польшча — на 22-м месцы, Літва — на 33-м, Латвія -на 39-м, Украіна — на 126-м, Расія — на 148-м.