З 17 да 19 жніўня ДАІ ладзіць масіраваны кантроль на дарогах з прымяненьнем прыбораў відэафіксацыі і верталётнага патруляваньня.

Дзяржаўтаанспэкцыя папярэдзіла, што верталётны надзор за дарожным рухам будзе весьціся на тэрыторыі Менскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей. Пад асаблівым кантролем будуць аўтадарогі Берасьце-Менск-мяжа Расеі, Менск-Магілёў, Менская кальцавая аўтадарога, Лагойск-Смалявічы-Мар’іна Горка, Менск-Гомель-мяжа Ўкраіны, Менск-Віцебск, Барысаў-Вялейка-Ашмяны, Менск-Калачы-Мядзел і Менск-Маладэчна-Нарач.

У ДАІ падкрэсьліваюць, што ў сувязі з масавым выездам аўтамабілістаў з гарадоў у пятніцу, суботу і нядзелю, рэзка павялічваецца колькасьць дарожных здарэньняў.

У Менску ўзмоцненага кантролю ДАІ не назіраецца.

Што датычыць парушэньняў ПДР, то толькі ў Менску іх штодзённа рэгіструецца каля дзьвюх тысячаў. Кожны дзень у сталіцы адбываецца каля паўсотні выпадкаў, прычым больш чым у палове з інцыдэнтаў вінаватыя зьяжджаюць зь месца здарэньня. Адметна тое, што штодзённая колькасьць парушальнікаў-пешаходаў сувымерная з колькасьцю кіроўцаў, якіх ДАІ затрымлівае за парушэньні. Сярод кіроўцаў жа прыкладна ў палове выпадкаў вінаватымі зьяўляюцца маладыя аўтамабілісты са стажам кіраваньня да трох гадоў.

Паводле зьвестак ДАІ, за апошнія суткі ў краіне адбылося 54 здарэньні, у якіх загінула 4 чалавекі. Адзін з трагічных выпадкаў адбыўся побач зь вёскаю Агарэвічы Ганцавіцкага раёну, дзе васямнаццацігадовы жыхар Баранавічаў зьбіў саракагадовага мясцовага жыхара, які рухаўся на ровары. Ад атрыманых пашкоджаньняў кіроўца ровару памёр на месцы.

Барыс Гарэцкі

Прычынай ДТЗ часьцей за ўсё становіцца перавышэньне ўстаноўленай хуткасьці руху і абгоны.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?