21 жніўня адбылося паседжаньне Сьвятарнага Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы пад кіраўніцтвам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ.
На паседжаньні з рапартам выступіў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт. Ён выступіў з ідэяй ператварыць аддзяленьне віцебскага духоўнага вучылішча ў духоўную сэмінарыю. Вучылішча ж у сваю чаргу Філарэт прапанаваў перанесьці ў Воршу.
Сынод блаславіў падаўжэньне тэрміну навучаньня на багаслоўска‑пастырскім аддзяленьні да чатырох гадоў па сэмінарскай сыстэме. У выніку ж першага чатырохгадовага выпуску будзе зноў разглядацца пытаньне пра ператварэньне вучылішча ў сэмінарыю.
Для беларусаў таксама цікавай навіной зьяўляецца тое, што Сынод прызначыў новым настаяцелем Сьвята‑Мікалаеўскага прыходу ў Сан‑Францыска (ЗША) клірыка Андрея Нецьвятава, які апошнім часам служыў ў менскім прыходзе Сьвятога апостала Андрэя Першазваннага.