Еўрапейскі марш — пачатак беларускай гарачай восені. У гэтым годзе ён прызначаны на 14 кастрычніка. Па меркаванні арганізатараў, марш пройдзе ад Кастрычніцкай плошчы да пляцоўкі перад Нацыянальнай бібліятэкай (чытаць ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор). Асноўнай мэтай маршу з’яўляецца патрабаванне ад уладаў выканання дванаццаці патрабаванняў Еўразвязу. Але звычайны беларус на гэты марш не прыйдзе. Чаму?

Разгледзім дванаццаць патрабаванняў Еўразвязу і іх значнасць для беларусаў.

1. Вызваліць усіх палітычных вязняў.

Так, кожны сумленны беларус супраць палітычных вязняў. Ёсць некаторыя асобы, якім усё роўна. Але такіх адзінкі. А зараз спытайце самі сабе — ці згодныя вы рызыкаваць уласнай дупай дзеля вызвалення з‑за кратаў Казуліна? Што бясспрэчна, дык гэта тое, што кожны беларус ведае, як працуе наш АМАП. Шанец, што палітвязні выйдуць на волю вельмі маленькі, а вось шанец самаму патрапіць за краты, наадварот, вельмі вялікі. Што абярэ беларус?

2. Расследаваць справы зніклых палітыкаў і журналістаў.

Маленькі флэшмоб. Падыходзіце да мінака на вуліцы і пытаецеся, ці ведае ён, хто такі Ганчар. Добра, калі ён узгадае Ганчарыка — кандыдата ў прэзідэнты ў 2001 годзе. Хто такі Ганчар дакладна ня ведае амаль усё насельніцтва краіны. Можаце спытаць і іншае прозвішча, але вынік атрымаеце ня лепшы. І калі пачаць тлумачыць мінакам, хто былі гэтыя зніклыя людзі, у адказ можна атрымаць: «А чым дакажаш?». А сапраўды, чым дакажаш? Расследвання ж не было… Мабыць яны збеглі а‑ля Зянон у іншую краіну, і проста там хаваюцца. Значна гэта для звычайнага беларуса? Сумняваюся…

3. Правесці сапраўды свабодныя выбары, без фальсіфікацыяў.

Лозунг састарэў. Калі ў мінулым годзе ён быў вельмі актуальны, то зараз пра фальсіфікацыі ўсе забыліся. А калі і памятаюць, то ад большай часткі насельніцтва хутчэй за ўсё пачуеш «Ну, так, сфальсіфіцыраваў. Замест 60% зрабіў 83%. Але ж усё роўна ён перамог». Тым больш, наступныя прэзідэнцкія выбары толькі пра 3,5 гады. Актуальна гэта зараз?

4. Перастаць умешвацца ў справы судоў.

«Пакуль мяне гэта не датычыцца, мне ўсё роўна». Часцей за ўсё менавіта такі адказ мы пачуем ад большасці беларусаў. Хіба суды ўмешваюцца ў справы забойцаў? Не, іх цікавяць толькі палітычныя «злачынцы». Узгадаем суд над Змітром Дашкевічам. Шмат абурэння выклікала ў насельніцтва гэтая справа? Ці ведала аб гэтай справе хаця б палова беларусаў? Зноў жа, хто будзе рызыкаваць уласнай дупай дзеля незнаёмага чалавека? Адказваць ня трэба…

5. Даць беларусам магчымасць атрымліваць незалежную інфармацыю, даць свабоду слова.

Незалежная інфармацыя існуе ў інтэрнэце, ды яшчэ ў некалькіх газетных выданнях. Свабода слова тут жа. Хто жадае атрымліваць незалежную інфармацыю — той яе атрымоўвае. А хто не жадае — той і пра Еўрапейскі Марш ня ведае…

6. Перастаць умешвацца ў прыватны бізнэс.

Пасля размовы з адным чалавекам, які ў асноўным працуе з прадпрымальнікамі, уражанне адно. Большасць беларусаў лічыць, што прадпрымальнікі — гэта зажраўшыеся буржуі, якіх трэба кантраляваць. Бо калі не кантраляваць, будзе як у Расеі. Алігархі краіне не патрэбны. Таму, адстойваць правы бізнэсмэнаў на гэты марш пайдуць толькі калі гэтыя самыя бізнэсмэны ды іх сябры.

7. Паважаць правы грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў.

Беларусы глядзяць беларускае тэлебачанне. А там ледзь не кожны тыдзень кажуць пра грамадскія арганізацыі. Малады Фронт дамагаецца звяржэння ўлады. А БУНТ увогуле нешта тэрарыстычнае. Ды яшчэ гэтыя каліноўцы, якія прывозяць з Польшчы грошы на падтрымку гэтых арганізацый ды антыдзяржаўную літаратуру. Хіба маюць такія арганізацыі правы? І што тады паважаць?

8. Захоўваць правы нацыянальных мяншынстваў.

Наша краіна не Масква. І нацыянальныя мяншынствы тут сапраўды мяншынствы. І, здаецца, ніхто іх правы не парушае. Яшчэ, здаецца, няшмат хто ведае пра існаванне гэтых мяншынстваў. І ўвогуле, ці зацікавіць беларуса змагацца за правы нацмяншынстваў?

9. Спыніць знішчэнне беларускай мовы і культуры.

Я пішу на беларускай мове? Пішу… Вы размаўляеце на беларускай мове? Размаўляеце… Увогуле, знішчэнне мовы такая разгорнутая тэма, якая патрабуе асобнага артыкула. Знішчэнне культуры несумненна адбываецца. Але да чаго тады Еўрапейскі Марш? Знішчэнне мовы ды культуры гэта больш нацыяналістычнае, а Еўрапейскі марш далёкі ад нацыяналізма як Менск ад Брусэля.

10. Адмовіцца ад усеагульнай кантрактнай сістэмы, якая робіць працоўных рабамі.

Здаецца, гэтаму будзе прысвечаны Сацыяльны Марш. Зноў жа, прычым тут Еўрапейскі Марш? А… патрабаванні Еўразвязу… толькі моладзь будзе выкрыкваць найбольш актуальныя для яе лозунгі «Свабоду палітвязням!» і «Беларусь у Еўропу!». Пра кантрактную сістэму хутчэй за ўсё і не ўзгадаюць. Ёсць сэнс рызыкаваць?

Астатнія пункты не будзем разглядаць, бо па іх можна сказаць тое ж самае, што і па пункту 10.

А ўвогуле, хто не рызыкуе, той не п’е шампанскае. Поспехаў на Еўрапейскім Маршы. Жыве Беларусь!

Напісанае вышэй з’яўляецца кропкай гледжання аўтара. Крытыка вітаецца.

Ant1killer, Блог Позірк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0