Група донараў зь Беларусі накіравала зварот у ПАРЭ. Атрыманы адказ, што сытуацыя «пільна вывучаецца».

Вестка са Страсбургу супала па часе з заявай загадчыцы аддзелу камплектаваньня донарскай крыві Натальлі Гвазьдзіцкай. Яна паведаміла журналістам, што на Менскай абласной станцыі крыві, якая месьціцца ў Маладзечне, меншаюць запасы крыві — перадусім першай і другой групы з адмоўным рэзус‑фактарам.

— Мы ўжо страцілі каля чвэрці сваіх донараў, — кажа спадарыня Натальля, — людзі крыўдзяцца на скасаваньне ільготаў. І чым бліжэй да 16 сьнежня, тым менш ахвотных здаваць сваю кроў. Што будзе пасьля — увогуле невядома.

16 сьнежня 2007 году ў Беларусі набывае юрыдычную сілу закон «Аб упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян». У адпаведнасьці зь гэтым дакумэнтам донары губляюць 50‑працэнтную скідку на зубапратэзаваньне, 50‑працэнтную аплату кошту лекаў і ільготы па санаторна‑курортнаму лячэньню.

У Беларусі 20 станцыяў і 41 аддзяленьне пераліваньня крыві. Паводле нарматываў Міністэрства аховы здароўя, кожная зь іх мусіць мець стабільны запас усіх кампанэнтаў крыві. Каардынуе гэтую працу рэспубліканскі навукова‑практычны цэнтар гематалёгіі, а пэрсанальна — намесьнік дырэктара Эсфір Свірноўская. Яна асьцярожна кажа пра скаргі на страты крыві ня толькі на Меншчыне, але і ў Гомельскім, Віцебскім ды Магілёўскім рэгіёнах.

Паводле BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0