22 кастрычніка

Юбілей у турме

Старшыня Шклоўскай суполкі Партыі БНФ Аляксандар Фёдараў адзначыў 50‑годзьдзе ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Нагадаем, што сп. Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня, абвінаваціўшы ў парушэньні працэдуры выплаты заробку. Яму пагражае да 6 гадоў няволі з канфіскацыяй маёмасьці. У жніўні пракурор Шклоўскага раёну Ігар Сьніткоў не задаволіў хадайніцтва адваката пра вызваленьне шклоўскага палітыка пад падпіску пра нявыезд.

Выдатнікаў прэч з унівэрсытэтаў

Менгарсуд пакінуў у сіле рашэньне суду першай інстанцыі, які прызнаў законным адлічэньне з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Юрася Алейніка. Нагадаем, актывіста адлічылі з 4 курсу нібыта за пропускі заняткаў, нягледзячы на выдатныя адзнакі.

23 кастрычніка

Адлічылі з унівэрсытэту

Студэнтку 2 курсу юрыдычнага факультэту Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту Кацярыну Бычак азнаёмілі з загадам рэктара аб яе адлічэньні з ВНУ «за парушэньне правілаў унутранага распарадку». К.Бычак у траўні была затрыманая міліцыяй, калі разам зь іншымі маладымі людзьмі выйшла на абарону гістарычных будынкаў Горадні ад разбурэньня.У неафіцыйнай размове ў дэканаце дзяўчыне паведамілі, што сапраўднай прычынай адлічэньня зьяўляецца ўдзел у акцыях пратэсту.

24 кастрычніка

Кручкатворцы

У Міністэрстве юстыцыі кажуць, што пры вывучэньні парадку стварэньня праваабаронча‑асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» выяўлена, што «яго ўстаноўчы сход быў праведзены ў лясным масіве на тэрыторыі закінутага дзіцячага лягеру з парушэньнямі Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусі». На гэтай падставе і прынятае рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі.

Клімаву пагоршала

Палітвязень Андрэй Клімаў піша з калёніі, што яму баліць сэрца, ён прастыў. У пакоі няма чым дыхаць — з суседзяў толькі двое ня паляць. Клімаву не хапае інфармацыі з волі. Палітвязень просіць сяброў і неабыякавых людзей дасылаць яму лісты. А. Клімава асудзілі на закрытым судовым паседжаньні на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за антыўрадавы артыкул у інтэрнэце.

Усталяваньне «талеркі» — «перапляніроўка»

Дакумэнт, які б рэгуляваў усталяваньне спадарожнікавых антэнаў і кандыцыянэраў, мусіў зьявіцца яшчэ ў жніўні, але ня зьявіцца ўвогуле. Савет міністраў вырашыў, што неабходнасьці ў ім няма, бо існуе Палажэньне аб парадку перапляніроўкі жылых памяшканьняў. Штрафы, абазначаныя ў Палажэньні, — ад 310 тыс. да 1,5 млн руб.

Спрабавалі разагнаць дазволены пікет

Міліцэйскі спэцназ спрабаваў перашкодзіць правядзеньню санкцыяванага на вуліцы Арлоўскай у Менску пікету салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Пікет дазволены менскімі ўладамі. Да пікетоўцаў пад’ехалі два міліцэйскія аўтамабілі з нумарамі О749 МН і 9041 ВТ‑7. Міліцыянты не назваліся і заявілі, што пікет нібыта не дазволены і паспрабавалі перашкодзіць акцыі. Супраць дачок Аляксандра Казуліна Вольгі і Юлі людзі ў цывільным ужылі сілу і забралі партрэты палітвязьня.

25 кастрычніка

Карная псыхіятрыя

Маладафронтаўца з Гомелю Андрэя Цянюту пасьля наведваньня мясцовага КДБ адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь у Бярозках, дзе актывіст правёў 7 гадзінаў. Паводле Андрэя, пытаньні задавалі два псыхіятры і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Седляроў. Напрыканцы размовы Седляроў паабяцаў днямі наведаць кватэру маладзёна ды нагадаў Цянюту пра здарэньне зь вядомай актывісткай апазыцыі Крысьцінай Шацікавай, якую ўвесну зьмясьцілі ў псыхіятрычнай лякарні Магілёва.

27 кастрычніка

Не пускалі да Каліноўскага

Міліцыя двойчы затрымлівала актывістаў, што накіроўваліся ў Сьвіслач, каб ушанаваць памяць Віктара Каліноўскага. Аўтобус спынялі ў Дзяржынску і Баранавічах. Людзей трымалі ў аўтобусе, не дазвалялі выходзіць. Прадстаўнікі МУС заявілі, што ім трэба высьветліць асобы затрыманых. Каля ста чалавек здолелі даехаць у Сьвіслач з Горадні, Ваўкавыску ды Мастоў. Яны па традыцыі ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?