Новы беларускі касмічны апарат будзе запушчаны ў канцы 2009 года. Пра гэта паведаміў галоўны канструктар касмічнага апарата «БелКА», дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргей Залаты 22 лістапада ў Маскве на прэс‑канферэнцыі «Вынікі і перспектывы расійска‑беларускага супрацоўніцтва ў касмічнай дзейнасці».

«Гэта не будзе «БелКА‑2», — сказаў С.Залаты. — Рабочая назва — «Новы беларускі касмічны апарат». З канчатковай назвай, паводле яго слоў, «вызначацца за паўгода да выпуску».

Як паведаміў С.Залаты, новы апарат будзе ўдвая лячгчэйшы за спадарожнік «БелКА». Апрача таго, ён будзе больш манеўраным, «але пры гэтым захавае мэтавую апаратуру».

Намеснік начальніка зводнага ўпраўлення арганізацыі касмічнай дзейнасці Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі Юрый Макараў паведаміў, што беларускі апарат будзе запушчаны з касмадрома «Плясецк» (Архангельская вобласць Расіі) з выкарыстаннем ракеты‑носьбіта «Рокат».

Абмяркоўваючы магчымасць запуску беларускага касманаўта на арбіту, Ю.Макараў зазначыў, што прапанова аб запуску павінна зыходзіць ад зацікаўленага боку — у дадзеным выпадку ад беларускага. «Са свайго боку мы гатовы падрыхтаваць і навучыць касманаўта», — сказаў ён.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Абламейка паведаміў, што пытанне аб запуску беларускага касманаўта «не прапрацоўваецца».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0