Замяталін прапанаваў абкладаць падаткам галівудзкае кіно, каб падтрымаць кіно беларускае.
Падатак на Галівуд – не беларуская вынаходка. Сама вядомы прыклад – францускі, калі частка грошай ад пракату амэрыканскіх фільмаў ідзе у кішэню гальскай кінавытворчасьці. А ў 30-ыя гады ў Брытаніі рашуча (і пасьпяхова) абаранялі сваё кіно падобнымі захадамі.
Але ў Беларусі падатак на Галівуд – гэта сьціплы, нішчымны корм.
Збор ад кінапракату ў краіне на ўзроўні 7-8 млн $.
За год. І ад усіх стужак.
А для бюджэту адной відовішчнай карціны нават 1 млн. замала.
Нават з улікам звыштаннай беларускай працоўнай сілы – і традыцыйна нізкіх бюджэтаў, фільм у 500-600 тыс. даляраў акупіцца ў беларускім пракаце толькі часткова (нат калі яго і паглядзяць усе актыўныя гледачы па колькі разоў).
Каб выратаваць ўласнае кіно Беларусі варта ісьці па шляху Чэхіі й Румыніі, якія сувымерныя па насельніцтву – але годна дэманструюць свой кінатвар, а іхняя кінавытворчасьць квітнее.
Найперш, неабходна разьняволіць бізнэс, каб яму было выгодна ўкладаць грошы ў кіно; неабходна адкрытасьць да замежных кінакампаній, каб яны выкарыстоўвалі Беларусь, як пляцоўку для сваіх стужак. (Адылі й сумеснай кінапрадукцыі; пакуль Беларусь – расейская кінаправінцыя).
Неабходна скіраванасьць да замежных рынкаў – пракат у Эўропе ці ЗША – стужку акупіць. А для годнага пракату трэба паважаць гледача (а не катаваць яго ідэалягічнымі “Радзімаю альбо сьмерцю” ці “Чаклунам і Румбай”).
Трэба любіць жанравае кіно – і ў папулярных жанрах прадстаўляць унікальную Беларусь – са сваімі мітамі, легендамі, прывідамі разьвітым турыстычным бізнэсам – і дзівоснымі месцамі.
Неабходна нармальная кінашкола й падтрымка прыватнай ініцыятывы.
Неабходна падтрымка ўльтранізкабюджэтных дэбютных праектаў маладых творцаў (зрэшты, на гэтае “падаткавых” грошай і хопіць).
Але ідэалягічны кантроль, непразрыстасьць, прыдушаны бізнэс і стан “апошняе дыктатуры” – аніяк кіно не спрыяюць.
А падатак... – ускладніць пракат, зьменшыць прыток гледачоў (якія аддадуць перавагу фільмам на лічбе) – але дазволіць зрабіць шыкоўную справаздачу і скуксіць добрую міну пры адсутнай кінагульне.
Толькі не ў каня і корм. Асабліва, калі конь – дохлы.