«НН» пісала ўжо пра бліскучыя дыпляматычныя кар’еры Захара Навумава, сына міністра ўнутраных справаў РБ, які працуе першым сакратаром пастаяннага прадстаўніцтва пры аддзяленьні ААН у Жэневе, і Андрэя Сухарэнкі, сына былога старшыні КДБ, які на той момант займаў пасаду першага сакратара па пытаньнях Рады Эўропы пры пасольстве Беларусі ў Францыі.
Разам з тым, дзеці двух «сілавікоў» далёка не адзіныя сваякі былых і сёньняшніх высокіх чыноўнікаў, які працуюць на дыпляматычнай ніве.
Так, сын Сухарэнкавага папярэдніка Леаніда Ерына Павал зьяўляецца віцэ‑консулам у Белай‑Падляскай (Польшча).
Пры пасольстве Беларусі ва Ўкраіне ёсьць група ў гандлёва‑эканамічных пытаньнях, якая адказвае за разьвіцьцё эканамічных сувязяў між нашымі краінамі. Адным з дарадцаў гэтай групы зьяўляецца Сяргей Лінг, сын былога прэм’ер‑міністра Беларусі.
Да нядаўняга часу консулам Беларусі ў Швайцарыі быў Ігар Заламай, сын былога старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму. Праўда, на дадзены момант ягонага прозьвішча няма ў сьпісах супрацоўнікаў пасольства на афіцыйным сайце.
Сын першага міністра спорту Беларусі Ўладзімера Рыжанкова Максім курыруе ўпраўленьне замежнай палітыкі пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Да гэтага Рыжанкоў‑малодшы займаў пасаду віцэ‑консула пасольства Беларусі ў Ізраілі. У 2005 годзе падчас беларуска‑польскага дыпляматычнага скандалу Максім Рыжанкоў быў высланы з Польшчы, ён знаходзіўся там пры пасольстве ў якасьці дарадцы‑пасланьніка.
Беларускае пасольства ў Кыргызстане ачольвае Валеры Брылёў — зяць колішняга міністра замежных справаў Івана Антановіча. Праца ў Бішкеку ня першая на дыпляматычнай ніве для Брылёва, ён ужо кіраваў пасольствам Беларусі ў Югаславіі. Гэта прыпала акурат на пэрыяд бамбёжак Белграду НАТАўскімі войскамі.
Яшчэ цэлы шэраг сваякоў высокіх чыноўнікаў працуе ў структурах МЗС, але на сёньня не за мяжой, а ў самой Беларусі. Так, сын генэральнага пракурора краіны (1992—1995) Васіля Шаладонава Ігар — дарадца галоўнага дагаворна‑прававога ўпраўленьня. Сын былога намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алега Слукі Юры — намесьнік начальніка консульскага ўпраўленьня, а Дзьмітры Зорын, сын былога міністра лясной гаспадаркі, — дарадца аддзелу Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя.
Начальнік аддзелу фінансаваньня і справаздачнасьці замежных установаў Валютна‑фінансавага ўпраўленьня Зінаіда Сьверж — жонка першага намесьніка міністра фінансаў Анатоля Сьвержа. А спадарожніца жыцьця старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Віктара Камянкова Людміла — начальніца Галоўнага дагаворна‑прававога ўпраўленьня.
Сярод супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў таксама ёсьць прозьвішчы: Васілевіч, Князеў, Папкоў, Бутэвіч, Казлоў, але нам не ўдалося высьветліць, ці яны таксама сваякі аднайменных чыноўнікаў, ці проста маюць аднолькавыя прозьвішчы. Пэўна ж, у Беларусі ёсьць таленавітыя людзі ня толькі сярод дзяцей міністраў і супрацоўнікаў прэзыдэнтуры.