На сёньня 42 вайсковыя часткі цалкам укамплектаваныя вайскоўцамі кантрактнай службы. Колькасьць салдатаў і сяржантаў, што служаць па кантракце складае 7 тысяч чалавек, а ўсяго ў войску іх служыць каля 25 тысяч чалавек. Да 2010 году Міністэрства абароны плянуе ўкамплектаваць кантрактнікамі кожную вайсковую частку і давесьці іх агульную колькасьць да 50%. На кантракт плянуецца перавесьці асноўныя баявыя спэцыяльнасьці, зьвязаныя з выкарыстаньнем складанай вайсковай тэхнікі.
Тым часам украінскае войска ў хуткім часе можа стаць цалкам прафэсійным. Паводле рашэньня прэзыдэнта Украіны, які зьяўляецца Вярхоўным галоўнакамандуючым, Узброеныя сілы гэтай краіны павінныя перайсьці на кантракт паводле добраахвотнага прынцыпу камплектаваньня ў 2010 годзе. Тэма войска ў нашых паўднёвых суседзяў актыўна эксплюатуецца палітыкамі. Адмена абавязковага прызыву з 2008 году стала адным з перадвыбарчых лёзунгаў БЮТ.
У Расеі тэрмін абавязковай вайсковай службы складае 1,5 гады, у бягучым годзе мае скараціцца да 1 году. У Польшчы прызываюць на 9 месяцаў, да 2010 году плянуецца канчатковы пераход да прафэсійнага войска. У Латвіі добраахвотнае войска дзейнічае ад 1 студзеня 2007 г., у Літве пакуль прызываюць на год (існуе альтэрнатыўная служьа на той жа тэрмін), але да 2012‑13 гг. плянуецца пераход да кантрактнай службы. А ў Грузіі, Армэніі ды Кыргызстане ад вайсковай службы можна цалкам законна адкупіцца.