Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў, што ўладальнікі адной з сетак універсамаў у краіне былі арыштаваныя за тое, што «штучным чынам стваралі чэргі».
Назва сеткі не раскрываецца.
Па словах Мадуры, уладальнікі наўмысна скарацілі колькасць касіраў з тым, каб узніклі чэргі, для таго, каб «насаліць венесуэльскаму народу».
«Учора мы выявілі, што вядомая сетка крам пляла змову, дапякаючы народу», — сказаў Нікалас Мадура.
«Мы туды прыйшлі, арганізавалі продаж, выклікалі гаспадароў, арыштавалі іх, і цяпер яны ў зняволенні — за тое, што правакавалі народ», — дадаў прэзідэнт.
Тыдзень таму тысячы венесуэльцаў прынялі ўдзел у маршы пратэсту, арганізаваным апазіцыяй у Каракасе. Пратэстоўцы білі ў пустыя рондалі, падкрэсліваючы тым самым недахоп у крамах тавараў першай неабходнасці.
Дэманстранты таксама выказалі сваю незадаволенасць высокім узроўнем інфляцыі і злачыннасці, а таксама доўгімі чэргамі.