Міжнародная група навукоўцаў знайшла на тэрыторыі Эфіопіі рэшткі старажытнага прадстаўніка віду Homo. Справаздача аб знаходцы была апублікаваная ў часопісе Science.
Фота: William Kimbel
Пасля вывучэння рэшткаў, знойдзеных нядаўна ў Афрыцы, палеантолагі прыйшлі да высновы, што сутыкнуліся з найстаражытным прадстаўніком чалавечага роду, які жыў прыкладна 2,8 млн гадоў таму.
Рэшткі былі знойдзеныя на тэрыторыі нацыянальнага парку Аваш у Эфіопіі. За апошнія дзесяцігоддзі ў гэтых месцах было зроблена некалькі найважнейшых адкрыццяў, якія дазволілі праліць святло на эвалюцыю чалавека. Нагадаем, што ў 1974 годзе непадалёк ад гэтага парку палеантолагі знайшлі рэшткі прамаходзячага афарскага аўстралапітэка «Люсі», а ў 1994 годзе — як мяркуецца, продка чалавека і аўстралапітэка, ардзіпітэка.
Знаходка дазволіла даследчыкам закрыць вялікі гістарычны і эвалюцыйны прабел паміж распаўсюджваннем апошніх аўстралапітэкаў у Афрыцы і з'яўленнем першых умелых людзей.