На Дзень сьвятога Валянціна, 14 лютага, у Беларусі пахаладае.

«Сканчаецца пэрыяд анамальна цёплага надвор’я», — падкрэсьліла ў інтэрвію «Беларускім навінам» начальнік аддзела мэтэапрагнозаў Белгідрамэтцэнтру Людміла Парашчук.

У чацьвер тэмпэратура паветра будзе складаць ‑2…‑8, пры праясьненьнях да 10 марозу. Днём — ‑1…‑7. Адчуваньне холаду падвысіць паўночны вецер.

У выходныя маразы акрэпнуць. У суботу па Беларусі будзе ‑7…‑13. Пры праясьненьнях — да 16 градусаў марозу. Удзень — ‑3…‑7. У нядзелю ўначы ‑9…‑14, месцамі да мінус 18. Удзень — ‑2…‑8, па ўсходзе да 11 марозу.

У чацьвер пойдзе сьнег, месцамі — завіруха. У нядзелю зноў будуць вадзіць карагоды сьняжынкі. Найбольш гэта заўважаць на беларускай Віленшчыне.

Праўда, вышыня сьнежнага покрыва не перавысіць 3‑5 сантымэтраў. Пакуль на большай частцы тэрыторыі краіны сьнегу няма наагул. Вынятак -- паўночны ўсход Магілёўшчыны. У рэкардсмэнах сёлета ходзіць старажытны Амсьціслаў, дзе сьнежнае покрыва складае 15 сантымэнтраў, кажа Людміла Парашчук.

15 лютага — Грамніцы паводле юліянскага календара — сустрэча зімы і вясны. Калі ў гэты дзень будзе сонейка, то сустрэча зімы і вясны адбылася, калі не — чакай яшчэ маразоў. Раніцай сьнег — дараньняга ўраджаю хлеба, апоўдні — да сярэдняга, да вечара ‑‑ позьняга.

19 лютага — Мікола Сьцюдзёны. Рэдкі год абыходзіцца без маразоў у гэты дзень, якія абяцаюць бурную вясну, сухое і гарачае лета.

Але, паводле Людмілы Парашчук, маразы ў пачатку наступнага тыдня саслабеюць: «Ня выключана, што тэмпэратуры вярнуцца да тых, якія і былі апошнім часам, характэрных для канца сакавіка».

Паводле Алены Спасюк, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0