‑ Патлумачце, калі ласка, сваю пазіцыю.
‑ Я цудоўна ведаю праблему НАТО. Разумею яе значэнне для Расіі, Украіны і Беларусі. Але ж і разумею, што ў нашай, напрыклад, краіне гэта праблема носіць больш спекулятыўны характар, чымсьці характар рэальнай пагрозы славянскім краінам. Неаднаразова даводзілася гаварыць на гэтую тэму і ў залі паседжанняў Рады і ў Камітэце па нацыянальнай бяспецы і абароне. Я працую ў гэтым камітэце дзесяць год. Я гісторык, сацыёлаг, палітолаг. Цудоўна ведаю гісторыю стварэння і трансфармацыі НАТО.
Упэўнены: гэтую праблему можна лёгка вырашыць, арганізаваўшы сумеснае ўступленне ў НАТО нашых трох краінаў. З тым, каб уступіўшы туды як паўнапраўныя сябры, пераўтварыць яе ў новую калектыўную сістэму калектыўнай бяспекі. Каб Украіна, Расія, Беларусь былі не толькі паўнавартаснымі сябрамі, але і актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні вайскова‑прамысловай базы НАТО. Пераход на натаўскія стандарты, які дыктуецца ўсім еўрапейскім і былым сацыялістычным краінам, на мой погляд, памылковая пазіцыя. І памылка гэтая вельмі сур’ёзная. З гледжання эканамічнай стратэгіі тыя, хто ўзначальвае НАТО, і тыя, хто быццам бы стаіць у баку, цудоўна разумеюць, што набываючы новых сяброў НАТО, яны даюць новы імпульс для стварэння новых відаў узбраення. Я глыбока перакананы, што і Украіна, і Расія, і Беларусь маюць уласны ваенны патэнцыял, адмаўляцца ад развіцця якога яны проста не маюць права.
‑ Улічваючы стаўленне да НАТО з боку кіраўніцтва Расіі і Беларусі, наколькі вам падаецца рэальным ажыццяўленне гэтай ідэі?
‑ Я не ведаю, наколькі актыўным з’яўляецца супрацоўніцтва Беларусі з НАТО, але што датычыць супрацоўніцтва з НАТО Украіны і Расіі, то яно цягнецца больш за 15 год. І даволі цеснае. У гэтым ёсць палітычны сэнс, паколькі ёсць шмат праблемаў, якія патрабуюць калектыўнага вырашэння. Той жа тэрарызм. Усе прызнаюць, што ў свеце шмат чаго памянялася, і былыя сацыялістычныя краіны ўваходзяць у НАТО. Дык калі мы не можам гэты працэс спыніць, трэба яго ўзначаліць. Менавіта гэта я прапаную. А шанец для гэтага ёсць.
‑ А калі ўсё ж кіраўнікі Расіі і Беларусі адмовяцца ад уступлення ў НАТО?
‑ Я катэгарычны праціўнік самастойнага ўступлення. Як толькі мы ўступім у НАТО без вас, ваенна‑прамысловы комплекс будзе разбураны, а гэта пагражае бяспецы Украіны. Калі ж уступаем утрох, то ўсё мяняем.