Калі б Аляксандар Казулін быў звычайным зьняволеным, то ён, бадай, знаходзіўся б ужо ў Менску, ля труны жонкі. Незалежныя юрысты спасылаюцца на адпаведны артыкул закону і кажуць, што ў такіх выпадках дастаткова рашэньня начальніка калёніі, узгодненага з пракурорам.

© Антон Жалонкін

Між тым папера ад сваякоў накіраваная ўжо і новаму генэральнаму пракурору. Але новы ці стары, тут не ёсьць прынцыповым. Усе разумеюць, хто насамрэч мусіць прымаць рашэньне. Прычым найважнейшае пытаньне — якое менавіта будзе рашэньне: адпусьцяць палітвязьня ў так званы "кароткатэрміновы адпачынак" (сама фармулёўка тут гучыць як блюзьнерства) ці канчаткова вызваляць.

Можна ўявіць сабе, якія дылемы зараз паўстаюць там, "наверсе". Ёсьць шанец прадэманстраваць пэўны гуманізм, набраць пунктаў у вачох Эўропы і г.д. А на другой шалі — боязь паказаць слабасьць, выпусьціць з пляшкі палітычнага джына. Можна меркаваць, што і само пахаваньне Ірыны Казулінай патэнцыйна разглядаецца ў вярхох як масавае мерапрыемства, каторае цяжка кантраляваць (згадайма, як было з пахаваньнем Васіля Быкава).

Які б варыянт ні выбралі там, ў кіроўнай вярхоўцы, гэты трагічны сюжэт выразна дэманструе адну з агідных рысаў створанай ў краіне сыстэмы. Ёй адрасуюць шмат эпітэтаў: недэмакратычная, аўтарытарная, дыктатарская і г.д. Але ў такіх вось сытуацыях асабліва відавочна, што гэтая сыстэма яшчэ і дарэшты амаральная.

Ёй мала проста палітычнага панаваньня. Яна ўлазіць ува ўсе шчыліны асабістага жыцьця. І нават у гэтай сфэры імкнецца кантраляваць, дыктаваць, раздаваць крывадушныя ацэнкі, караць або выяўляць літасьць (дакладней, гандляваць ёю).

Яшчэ болей, гэтая сыстэма, як бачым, трымае пад каўпаком ня толькі пытаньні жыцьця, але нават і пытаньні сьмерці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?