Маланка сваім ударам разбурыла драўляную хату ў вёсцы Сініцічы Камянецкага раёну. На шчасьце, гаспадар будынку ацалеў.
Такога разгулу стыхіі ў вёсцы нават старажылы не прыгадваюць. Сьпярша ўзьняўся моцны вецер, затым пайшоў дождж. А пасьля — моцны сполах і грукат.
Маланка трапіла акурат у комін дому 41‑гадовага вяскоўца. Ад моцнага выбуху драўляная хата абрынулася. Шпалеры асмаліліся, цалкам расплавілася праводка, але пажар ня ўсчаўся. Хата разбурылася за лічаныя сэкунды, гаспадара хаты, які быў у ложку, выратавала апорная сьцяна, якая не дала бэлькам зваліцца на яго.
Дзівам ацалелага мужчыну шпіталізавалі. Ягоны стан мэдыкі ацэньваюць як стабільны. Тым часам у вёсцы вяліся аднаўленчыя працы. Пасьля выбуху як па ланцужку ў дамах з уторынаў пасыпаліся іскры ды перагарэлі коркі.